22 траўня 2024, Серада, 23:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алесь Бяляцкі: Прыйдзе час, і на акцыі ў Беларусі выйдуць мільёны

19
Алесь Бяляцкі: Прыйдзе час, і на акцыі ў Беларусі выйдуць мільёны

Усё залежыць ад нас.

Кіраўнік праваабарончага цэнтра «Вясна», былы палітвязень Алесь Бяляцкі распавёў у інтэрв'ю «Салiдарнасцi» аб тым, чаму скептычна ставіўся да сваіх шанцаў атрымаць Нобелеўскую прэмію, да чаго прывядзе распачатая кампанія супраць «дармаедаў», і які сцэнар можа быць разыграны ўладамі на прэзідэнцкіх выбарах.

- Алесь, на вашу думку, што дапамагло «Вясне» захавацца пасля таго, як вы апынуліся за кратамі?

- У «Вясне» дастаткова людзей, якія ўмеюць самастойна думаць і дзейнічаць. У іх ёсць унутраная матывацыя займацца абаронай правоў чалавека. Таму «Вясна» прадаўжала актыўна працаваць і без мяне.

- Што вы ўважаеце галоўным дасягненнем «Вясны» за ўсе гады існавання арганізацыі?

- У 1999 годзе на нашу ініцыятыву быў скасаваны смяротны прысуд, і чалавек, якога павінны былі расстраляць, застаўся жывы. Гэта, на маю думку, адно з галоўных нашых дасягненняў. Мы ў прамым сэнсе выратавалі чалавеку жыццё.

- Ці змянілася стаўленне да вас адміністрацыі калоніі, калі з'явілася інфармацыя аб вашым вылучэнне на Нобелеўскую прэмію?

- Я думаю, што не толькі гэта падзея паўплывала на маё жыццё там. Крымінальная справа супраць мяне мела шырокі рэзананс і выклікала вялікую салідарнасць з боку грамадскасці ў Беларусі і міжнародных арганізацый. Гэта ў пэўнай ступені адыграла абарончую ролю, можа быць, і галоўную. Прыцягненне ўвагі да чалавека, які знаходзіцца за кратамі, адназначна надае яму вялікую бяспеку.

Таму вельмі важна, каб сённяшнія палітычныя зняволеныя пастаянна знаходзіліся ў фокусе ўвагі журналістаў, праваабарончых арганізацый, беларускай і міжнароднай грамадскасці.

Цягам апошніх месяцаў я шмат ездзіў за мяжу і заўсёды казаў: «Мяне выпусцілі, і гэта вельмі добра. Дзякуй вам! Але ў нас яшчэ сядзяць у турмах палітвязні, і не трэба пра іх забываць. Трэба дамагчыся, каб Беларусь стала краінай без палітычных зняволеных».

- Хто з беларусаў, на вашу думку, варты Нобелеўскай прэміі?

- Нобелеўская Прэмія не даецца аднаму чалавеку, яна даецца якойсьці вялікай падзеі ці пытанню, праблеме ў якой чалавек зацікаўлены.

Чаму я досыць скептычна ставіўся да сваіх шанцаў? Які б я ні быў, што б я ні рабіў, я сам яе не атрымаю. Такую прэмію павінен заслужыць ўвесь беларускі народ. А хто яе атрымае - гэта ўжо не так важна.

Рэальныя шанцы мае Святлана Алексіевіч. Вельмі спадзяюся, што яна яе атрымае. Яе кнігі папулярныя ў Еўропе. І тое, пра што яна піша, сапраўды цікава ва ўсім свеце.

- Ваша кніга «Асвечаныя беларушчынай» дагэтуль забароненая да ўвозу ў краіну?

- Так. Але акрамя тых асобнікаў, якія затрыманыя (40 асобнікаў), увесь тыраж ужо даўно разыйшоўся ў Беларусі.

- А вы не думалі пра тое, каб сысці з праваабарончай дзейнасці ў літаратуру?

- Сітуацыя з правамі чалавека ў краіне дрэнная. Мы робім надзвычай важную і патрэбную справу, і проста сыходзіць з абароны правоў, было б няправільна.

Адзінае, чаго мне хацелася, выйшаўшы з турмы (там я шмат пісаў), - не закінуць гэты занятак і прадаўжаць пісаць. Трэба так скласці свой графік, каб хапала часу на ўсё. Пакуль не атрымліваецца. Зноў праваабарончая дзейнасць забірае амаль увесь час.

- Раней вы бегалі ў Купалаўскім скверы. Ці знаходзіце час на прабежкі сёння?

- Цяпер буду па парку з палкамі хадзіць - палохаць качак. Вырашылі з жонкай заняцца скандынаўскай хадой.

- Калісьці вы прыводзілі словы Лукашэнкі аб тым, што ён разумее правы чалавека выключна як права на працу і права размаўляць на кухні з жонкай. Нядаўна кіраўнік дзяржавы пачаў кампанію супраць «дармаедаў». Ці варта, на вашу думку, абараняць правы людзей, якія не працуюць?

- Мне гэтыя падзеі нагадваюць кампанейшчыну андропаўскіх часоў, калі ў сярэдзіне 80-х выйшла пастанова ЦК аб барацьбе з дармаедамі. Па Менску бегалі актывісты, якія спрабавалі вылоўліваць людзей у крамах, кінатэатрах, і тыя павінны былі тлумачыць, чаму яны днём пайшлі ў кіно, а не працуюць ля станка. Чым гэта скончылася, вядома. Эканоміка павалілася.

Мне здаецца, што, пачаўшы кампанію ў барацьбе з «дармаедамі», улады імкнуцца адцягнуць увагу ад сапраўдных праблем у эканоміцы. Ці можа гэтая барацьба істотна палепшыць эканамічную сітуацыю ў краіне. Ды ніколі! Больш грошай і намаганняў выдаткуецца на гэтую кампанію, і вынік яе будзе мізэрны.

У беларускай Канстытуцыі запісана, што працаваць - гэта тваё права. Ты можаш жыць на тры капейкі, не працаваць і быць шчаслівым. А можаш араць як вол, быць багатым і забяспечаным і такім жа шчаслівым, ці наадварот. Нарэшце, у праве выбару ладу жыцця і заключаецца свабода чалавека. Галоўнае правіла, зрэшты, як і ў турме: жыві сам і дай жыць іншым.

- Як змяніліся Беларусь і беларусы за той час, пакуль вы былі ў зняволенні?

- На гэты час прыйшліся дзве дэвальвацыі рубля, якія моцна страсянулі эканоміку і закранулі жыццё кожнага чалавека. Падчас апошняга абясцэньвання ўлады наступілі на тыя ж граблі, якія ўдарылі па ўсіх беларусах: зноў залезлі ў кішэню кожнаму і дасталі адну траціну заробка. Проста так, без усякай адказнасці перад людзьмі. Гэта прамы вынік геапалітычных пагадненняў, якія Лукашэнка ўпарта прабівае з Расеяй цягам апошніх 20 гадоў. І за гэта сёння павінен заплаціць кожны.

Нашы людзі найбольш востра рэагуюць на эканамічную нестабільнасць. Хаця многія не задумваюцца, якім чынам грамадскае, палітычнае жыццё звязана з эканомікай. Уладам гэта заўсёды было выгодна, каб чалавек займаўся сваімі прыватнымі справамі і не лез у грамадскае жыццё або ў палітыку. На жаль, беларусы з гэтым пагадзіліся. Будзем спадзявацца, людзі ў рэшце зразумеюць, што палітычнае жыццё ў краіне звязана з дабрабытам кожнага чалавека.

- Як вы думаеце, які сцэнар можа быць разыграны ўладамі на прэзідэнцкіх выбарах?

- Я думаю, што яны будуць праводзіць выбары паводле старых лекалаў. Не сумняваюся, што выбары будуць сфальсіфікаваныя. Напішуць тыя ж 80 адсоткаў з даважкай і ўсё.

Гэта кампанія, якую праводзяць улады строга паводле іх сцэнару.

- Калі вы апошні раз адчувалі сябе шчаслівым?

- Гэта пытанне філасофскае. (Смяецца). Я чалавек пазітыўны. Мне падабаецца жыць. Хутчэй за ўсё, гэта і ёсць шчасце.

- Хачу задаць вам пытанне, якое задавала вашай жонцы Наталлі, калі вы былі за кратамі. Вы пражылі з жонкай шмат гадоў разам. Як у вас атрымалася захаваць стасункі?

- У нас вялікае паразуменне. Наталля разумее, чым я займаюся і падтрымлівае мяне. Не ўзнікае пытанняў, а чаму ты часта ў паездках, чаму ты ўвесь час думаеш аб працы. Або чаму ты сеў у турму, а не з'ехаў за мяжу. Мы цікавыя адзін аднаму.

Мая жонка неабыякавая да таго, што адбываецца ў нас у краіне. І калі б у кожнай сям'і было па адным актывісту, а іх блізкія ім дапамагалі... Тады б у нас на акцыі, у падтрымку грамадскіх кампаній, у абарону нашых правоў выходзіла б не 2-3 тысячы чалавек, а мільён ці два. Я перакананы, што ў рэшце так і будзе. Усё залежыць ад нас.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках