Статкевіч адмовіўся прыбіраць пляцоўку шклоўскай калоніі
14- 31.03.2015, 20:00
- 27,537
Гэтая пастанова палітвязня наўпрост звязаная з ціскам на яго.
Мікалай Статкевіч, як стала вядома жонцы палітыка Марыне Адамовіч, напісаў заяву ў адміністрацыю калоніі пра тое, што адмаўляецца далей працаваць у «самаабслугоўванні» - так у шклоўскай калоніі называюць прыбіранне тэрыторыі. Чаму гэта адбылося амаль праз два месяцы, як Мікалай Статкевіч апынуўся ў шклоўскай калоніі? Марына Адамовіч патлумачыла, што пастанова ейнага мужа наўпрост звязаная з ціскам на яго як палітвязня, перадае «Радыё Свабода».
«Фактычна ён выканаў тую задачу, якую перад сабой паставіў, калі зноў трапіў у шклоўскую калонію. Задачу задакументаваць факты парушэння заканадаўства, а часам і здзекаў, якія ў гэтай калоніі чыніліся перш за ўсё ў дачыненні да палітвязняў, а таксама і астатніх зняволеных. Ён казаў пра тое, што мерыцца накіраваць чатыры заявы ў пракуратуру, каб фактычна падрыхтаваць гэтыя матэрыялы для будучага абвінавачвання. І вось 24 сакавіка Мікалай распісаўся ў тым, што ягоная апошняя заяву накіраваная паводле прызначэння, і адразу напісаў заяву аб адмове ад працы ў гэтым «самаабслугоўванні». Дарэчы, паводле ягоных падлікаў, яму давялося гэтым займацца ў дзясяткі разоў больш, чым патрабуе закон. Фактычна гэтая праца выкарыстоўвалася як форма здзеку. Напрыклад, пасля таго як ён пацягнуў цягліцу, плошчу прыбірання павялічылі у 5 разоў, і тое, што рабілі трое вязняў, мусіў рабіць ён адзін. Але пакуль ён не выканаў сваю задачу, казаў, што не дасць ніякай падставы, каб накласці на яго пакаранне», - распавяла Марына Адамовіч.
Са слоў жонкі палітыка, адмова ад працы ўважаецца за сур'ёзнае парушэнне ўнутраных парадкаў у калоніі і можа пацягнуць за сабой пакаранне, у тым ліку змяшчэнне ў карцар або памяшканне камернага тыпу.
«Мікалай не выключае, што супраць яго рыхтуюць новае абвінавачванне, каб зноў накіраваць у «крытую турму», - кажа Марына Адамовіч.
Пакуль Марыне Адамовіч невядома пра тое, як адрэагавала адміністрацыя Шклоўскай калоніі на адмову Мікалая Статкевіча ад працы.
Былы кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч асуджаны на 6 гадоў пазбаўлення волі паводле абвінавачвання ў арганізацыі беспарадкаў у дзень прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года. Сваёй віны палітык не прызнаў і адмовіўся пісаць прашэнне аб памілаванні.
Пасля трох гадоў у крытай магілёўскай турме ў пачатку 2015 года Мікалая Статкевіча перавялі ў шклоўскую калонію, дзе ён ужо адбыў больш за паўгода ў 2011 годзе. Тады Мікалай Статкевіч працаваў на пільні, атрымаў траўму, але ад працы не адмаўляўся.
«Мікалай і цяпер заяўляў, што згодзен працаваць на вытворчасці, але яму адмовілі», - кажа Марына Адамовіч.