За тыдзень на Мікалая Статкевіча складзена восем актаў
27- 4.04.2015, 10:31
- 18,911
Палітвязень пазбаўлены харчовай перадачы, кароткатэрміновага спаткання, адбыў трое сутак у СІЗА, а ўчора быў змешчаны на два месяцы ў ПКТ.
Пра гэта паведаміла Марына Адамовіч, жонка Мікалая Статкевіча, піша сайт палітыка.
- 24 сакавіка Мікалай Статкевіч напісаў заяву аб адмове ад незаконнай працы па самаабслугоўванню. Гэтую працу павінны выконваць усе зняволеныя паводле чаргі. Прыцягваць да яе выканання людзей могуць не больш чым на дзве гадзіны ў дзень. У дачыненні да Мікалая гэтыя нормы і ў працягласці, і ў аб'ёме перавышалі ў дзесяткі разоў. Таму, адразу ж, як толькі ён палічыў сваю задачу ў дакументаванні парушэнняў заканадаўства ў калоніі выкананай, ад гэтага ўзаконенага здзеку адмовіўся.
Тыдзень на Мікалая штодня пісалі акты аб адмове ад працы. Ён ад тлумачэнняў адмовіўся, бо ўсё патлумачыў пісьмова ў заяве яшчэ 24 сакавіка. Потым пачалі рабіць спагнанні. Пазбавілі харчовай перадачы, кароткатэрміновага спаткання, далі трое сутак СІЗА, а сёння змясцілі яго на два месяцы ў ПКТ, у памяшканне камернага тыпу. З ПКТ, адпаведна, і тэлефанаванняў не будзе. Усё гэта - менш, чым за тыдзень, - паведаміла яна.
Пра ўмовы ў ПКТ і СІЗА шклоўскай калоніі Мікалай Статкевіч расказваў яшчэ ў 2011 годзе, калі апынуўся там упершыню. Сцены ў камеры пафарбаваныя цёмна-сіняй фарбай, там вельмі цёмна, дзённага святла няма. Лаўка вельмі нізкая, а стол - высокі. Калі садзішся, стол аказваецца на ўзроўні падбародка. Паводле сведчання палітвязня, там нічога не змянілася, хоць намеснік начальніка абласнога ўпраўлення Дэпартамента выканання пакаранняў у 2013 годзе пераконваў яго, што зараз там усё пафарбавана ў адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўства.
- Ужо сёння, пакуль Мікалай знаходзіўся ў СІЗА, на яго склалі чарговы акт, хоць, нават пасля ўсіх пералічаных спагнанняў, яшчэ за пяць папярэдніх актаў «за адмову ад працы» спагнання не вынесены, яны не разгледжаны. Гэта значыць, цалкам верагодна, што колькасць спагнанняў будуць павялічваць, - кажа жонка палітыка. - Вельмі імаверна, што рыхтуецца новая справа супраць Мікалая.
Былы кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч асуджаны на 6 гадоў пазбаўлення волі праз абвінавачванні ў арганізацыі беспарадкаў у дзень прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года. Сваёй віны палітык не прызнаў і адмовіўся пісаць прашэнне аб памілаванні.
Пасля трох гадоў у крытай магілёўскай турме ў пачатку 2015 года Мікалая Статкевіча перавялі ў шклоўскую калонію.