Мікалай Статкевіч: Эканамічнае падзенне ў Беларусі прымае характар лавіны
44- 25.08.2015, 17:15
- 51,889
Грамадзяне не давяраюць уладзе, таму абрынанне нацыянальнай валюты можа быць нават ніжэйшае за эканамічна абгрунтаваныя паказнікі.
Беларускі рубель прадаўжае рэкордная падзенне, і ў многіх банках краіны ўжо сталі чэргі па даляры ды еўра, як у 2011 годзе.
Эканамічную сітуацыю ў Беларусі сайту charter97.org пракаментаваў кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года, былы палітвязень Мікалай Статкевіч, які заявіў у дзень свайго вызвалення, што гэты крок звязаны з фінансавымі цяжкасцямі рэжыму.
- Вашы словы аб цяжкай для беларускага дыктатара сітуацыі знаходзяць рэальнае пацверджанне ў паказчыках курсу рубля і ўзнікшага ўжо ажыятажу ў куплі замежнай валюты. Якія, на вашую думку, прычыны гэтага становішча, і што рабіць грамадзянам Беларусі, каб выратаваць свае ашчаджэнні?
- Па-першае, я хачу сказаць, што Аляксандр Лукашэнка стварыў вельмі неэфектыўную эканоміку, па сутнасці - вялікі калгас. Нельга кіраваць больш чым васьмю тысячамі беларускіх прадпрыемстваў з аднаго крэсла.
Трэба было ствараць эканамічную сістэму, заснаваную на канкурэнтных суб'ектах з моцнай матывацыяй. А зладзілі калгас, і ў гэтым калгасе вырабляюць нешта і чакаюць, што Лукашэнка гэта зможа прадаць.
Нашая эканамічная сістэма несамадастатковая. Вонкавыя датацыі складаюць амаль 20% валавога ўнутранага прадукту. Гэта супастаўна з памерамі нашага дзяржаўнага бюджэту. Лукашэнка эксплуатаваў расейскія палітычныя фобіі і комплексы і выцягваў з іх грошы.
Але гэта мела і другі бок: быў наладжаны стратны філіял расейскай эканомікі. Але і самая расейская эканоміка - пераважна сыравінная. І калі Расея ўвязалася ў канфлікт з усім светам, выстарчыла некалькіх не самых моцных санкцыйных крокаў з боку Захаду, каб расейская эканоміка пачала сваё падзенне. А калі галоўная фірма зазнае крах - становіцца ўжо не да філіялаў. Урэшце, стратны філіял могуць і «прыкрыць».
Цяпер, калі расейскі рубель падае, беларускія ўлады вымушаныя следам за ім апускаць і курс сваёй валюты. Бо Расея - адзінае месца, куды мы можам экспартаваць свае тавары, акрамя калійных угнаенняў і прадуктаў нафтаперапрацоўкі. Калі там рубель падае, спыняецца і наш экспарт, таму беларускія ўлады і далей будуць дэвальваваць нацыянальную валюту.
Прывязаўшы эканоміку да адной краіны, якая і сама залежная ад экспарту сыравіны, Лукашэнка загнаў нашу народную гаспадарку ў безвыходнае становішча. Працавітых, прадпрымальных, разумных беларусаў ён ператварыў у нейкіх жабракоў. Ён і сам увесь час нешта ў кагосьці выпрошвае, і нас загнаў у такое ж становішча.
Змяніць сітуацыю можна толькі зменай улады, бо ні на якую «лібералізацыю» эканомікі ўлада не пойдзе. Там «наверсе» ў галовах толькі адная мадэль: кіраваць усім і кантраляваць усё. А васьмю тысячамі прадпрыемстваў не «пакіраваць» без высокай матывацыі персаналу, які працуе на іх.
Нам патрэбныя не проста фінансавыя інвестыцыі - нам патрэбныя інвестыцыі ў тэхналогіі кіравання. Сістэма кіравання цалкам спарахнелая. Дырэктары, выбачаюся, адгадавалі чэравы і працуюць як звыклі «на склад», чакаючы, што дзяржава ўсё гэта прадасць. Доўга такое доўжыцца не магло, і цяпер гэта становіцца відавочным.
Таму я чакаю вельмі невясёлай эканамічнай перспектывы. Як захаваць свае ашчадкі ў гэтай сітуацыі - беларусы добра ведаюць і без мяне. Гэта, безумоўна, перавод іх у надзейную сапраўдную валюту. Нічога іншага я параіць не магу.
- Усе прагнозы - рэч няўдзячная, але ўсё ж: наколькі сур'ёзным можа быць падзенне беларускага рубля, да якіх межаў?
- Цяжка прагназаваць, таму ўжо цяпер пачынае спрацоўваць псіхалогія: людзі зняверыліся ў абяцанні ўлады. Іх столькі разоў падманвалі... Я памятаю канец 2008 года, калі правадыр кляўся і бажыўся, што ніякай дэвальвацыі не будзе, а праз некалькі дзён яна здарылася. Або ўзяць сітуацыю 2011 года, калі замест таго, каб сказаць людзям праўду, падманвалі, падманвалі, падманвалі - і ў выніку значна панізілі курс рубля.
Людзі не вераць дзяржаве, і працэс ужо прымае характар лавіны. Сітуацыя выходзіць за межы аб'ектыўных эканамічных чыннікаў і перспектыва пачынае ўспрымацца горш, чым яна магла б быць. Таму, калі эканамічна абгрунтаваная дэвальвацыя магла б быць у межах 20 тысяч беларускіх рублёў за даляр, то цяпер яна можа пайсці далей за гэтую лічбу.
Тое што людзі скупляюць даляры - гэта нармальныя, эканамічна правільныя паводзіны ва ўмовах недаверу ўлады. Цяжка прагназаваць, што будзе далей, бо ўлады не змаглі ўтрымаць курс нават падчас сваёй «выбарчай» кампаніі, і пачалося абрынанне.