20 красавiка 2024, Субота, 3:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусі патрэбны «спіс Захаранкі, Ганчара, Красоўскага і Завадскага»

22
Беларусі патрэбны «спіс Захаранкі, Ганчара, Красоўскага і Завадскага»
ФОТА: CHARTER97.ORG

Выкраданні і забойствы лідараў апазіцыі ў Беларусі абмеркавалі на канферэнцыі АБСЕ ў Варшаве.

Рабочая сустрэча пад назвай «Выкраданні: пакласці канец беспакаранасці» прайшла 24 верасня. Яе арганізатарам стала грамадзянская кампанія «Еўрапейская Беларусь» пры падтрымцы Нямецкага фонду Маршала, Фонду міжнароднай салідарнасці, Хельсінскага фонду правоў чалавека (Польшча), Беларускага дакументацыйнага цэнтра, Фонду «Мы памятаем», Фонду міжнароднай кааліцыі супраць гвалтоўных знікненняў, Азіяцкай федэрацыі супраць гвалтоўных знікненняў (AFAD).

У рабочай сустрэчы ўзялі ўдзел каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў, які быў яе мадэратарам, генеральны сакратар Азіяцкай федэрацыі супраць гвалтоўных знікненняў Марыя Айлін Дыез Бакалса, жонка выкрадзенага ў 1999 годзе бізнэсоўца Анатоля Красоўскага Ірына Красоўская, жонка выкрадзенага ў 2000 годзе журналіста Дзмітрыя Завадскага Святлана Завадская, кіраўнік цэнтра «Прававая дапамога насельніцтву» Алег Волчак, старшыня Беларускага дакументацыйнага цэнтра Раіса Mіхайлоўская. На ёй таксама прысутнічалі беларускія і міжнародныя экспэрты, праваабаронцы, журналісты.

На працоўную сустрэчу прыбыў проста з варшаўскага аэрапорта былы палітвязень і кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года Мікалай Статкевіч, які выйшаў на свабоду месяц таму.

Андрэй Саннікаў нагадаў аб тым, што ў гэтым годзе споўнілася 16 гадоў з моманту знікнення Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага і 15 гадоў - з моманту выкрадання Дзмітрыя Завадскага. Ён падкрэсліў, што краіны ЕЗ не павінны здымаць санкцыі з беларускага рэжыму дагэтуль, пакуль не будзе праведзенае расследаванне гэтых спраў.

«Сёння некаторыя бачаць нейкія паляпшэнні, якія нібыта адбываюцца ў Беларусі, - сказаў ён. - Але ў краіне застаецца той жа самы рэжым, які вінаваты ў многіх злачынствах, у тым ліку ў выкраданнях і забойствах вядомых палітыкаў і грамадскіх дзеячаў. Ніякіх дзеянняў у расследаванні гэтых спраў у Беларусі не праводзілася, нягледзячы на тое, што ў 2004 годзе з'явіўся падрабязны і заснаваны на фактах даклад Рады Еўропы аб датычнасці вышэйшых службовых асобаў краіны да гвалтоўных знікненняў. Цяпер у спісе асоб, у дачыненні да якіх дзейнічаюць санкцыі Еўрапейскага Звязу, знаходзяцца падазраваныя ў датычнасці да гэтых злачынстваў. Таму выклікае здзіўленне тое, што сёння хтосьці сур'ёзна разглядае магчымасць зняцця абмежавальных захадаў з беларускага рэжыму».

Марыя Айлін Дыез Бакалса падкрэсліла важнасць збору інфармацыі аб гвалтоўных знікненнях для таго, каб прыцягнуць да адказнасці вінаватых у будучыні.

«Гвалтоўныя знікненні ў многіх краінах свету адбываюцца да гэтага часу, застаючыся беспакаранымі, - нагадала яна. - Вінаватыя ў гэтых злачынствах атрымліваюць высокапастаўленыя пасады. Нельга забываць аб гэтай жорсткай форме парушэння правоў чалавека. Важна, каб іх блізкія, іх суайчыннікі не здаваліся, не дазвалялі сабе заставацца ахвярамі. Вельмі важна весці збор інфармацыі і дакументаў аб такіх справах для таго, каб патрабаваць іх расследаванне на рэгіянальным, нацыянальным і міжнародным узроўнях.

У многіх краінах удалося знайсці выкрадзеных або пакараць тых, хто ўчыніў гэтыя злачынствы. Важную ролю ў гэтым адыграла Міжнародная канвенцыя аб абароне ад гвалтоўных знікненняў, выкананне якой з'яўляецца абавязковым для краін, якія ратыфікавалі яе. Гэта тычыцца як расследавання такіх злачынстваў, так і захавання пэўных правоў сваякоў зніклых.

Знікненне Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі, Анатоля Красоўскага і Дзмітрыя Завадскага прычынілі каласальную шкоду як іх сем'ям, так і ўсяму беларускаму народу. Іх выкраданні - злачынства супраць іх блізкіх, супраць грамадства, супраць усяго чалавецтва. Яны былі таемна выкрадзеныя і іх блізкія дагэтуль не могуць дамагчыся праўды пра тое, што адбылося 16 гадоў таму. Жыцці чатырох чалавек былі пакладзеныя на алтар свабоды іх краіны. Памяць пра іх назаўсёды застанецца з намі, у тым ліку і дзякуючы такім мерапрыемствам, на якім мы прысутнічаем сёння».

Удава выкрадзенага ў Беларусі бізнэсоўца Ірына Красоўская заявіла, што пакуль ва ўладзе ў краіне знаходзіцца Лукашэнка, справы аб гвалтоўных знікненнях расследавацца не будуць, а злачынцы застануцца беспакаранымі.

«На жаль, мы бачым усё менш увагі да гэтай праблемы ў афіцыйных дакументах, - сказала яна. - Гэтая тэма нейкім чынам знікла са спісу патрабаванняў ААН і ЕЗ у нармалізацыі стасункаў з Беларуссю. Амаль усе візіцёры з ЕЗ не знайшлі час сустрэцца з сем'ямі зніклых ці нават адказаць на нашы лісты.

Ці ёсць нейкія сродкі, якія могуць прымусіць Беларусь спыніць парушаць правы чалавека сваіх уласных грамадзян? Я ўздымала ўсе гэтыя пытанні летась. З тых часоў нічога не змянілася. Акрамя таго факту, што Лукашэнка збіраецца чытаць усім свеце лекцыю 28 верасня падчас Генеральнай асамблеі ААН у Нью-Ёрку. А таксама чутак, што Еўрапейскі Звяз плануе зняць санкцыі з дыктатара і двухсот беларускіх афіцыйных асоб.

Магчыма, сёння пытанне аб тым, колькі яшчэ гадоў можа дэмакратычная Еўропа і свабодны свет трываць катаванні, знікненні і іншыя парушэнні правоў чалавека ў цэнтры Еўропы, стала рытарычным. У кожным выпадку, мы будзем прадаўжаць нашу барацьбу за праўду і справядлівасць для нашых сем'яў.

Знікненні ў Беларусі не забытыя. На іх няма тэрміну даўнасці. Магчыма, мы паўтараем нашы сумныя гісторыі ўжо тысячу разоў. Вы думаеце, нам падабаецца ездзіць па свеце і паўтараць нашы гісторыі? Не. Таму што кожны раз, калі мы гаворым гэта, узнікаюць шнары ў нашым сэрцы, нашай душы. Але мы хочам ведаць праўду і мы хочам спыніць беспакаранасць і несправядлівасць. Я веру, што ў наступны раз мы будзем распавядаць вам іншую канцоўку нашай гісторыі, і гэта будзе значна раней, чым праз 15 гадоў».

Мікалай Статкевіч распавёў аб новых фактах, звязаных з выкраданнямі вядомых палітыкаў і грамадскіх дзеячаў у Беларусі.

«Гэтыя забойствы былі ўчыненыя вайскоўцамі брыгады спецназа ўнутраных войскаў МУС Беларусі, - заявіў ён. - Новым было для мяне тое, што выканаўцы - жаўнеры і афіцэры - верылі, што выконваюць законны прысуд суда. Яны не мелі юрыдычнай адукацыі. Ім паказалі паперу, на якой было напісана: «Прысуд Вярхоўнага сакрэтнага трыбунала Рэспублікі Беларусь» і гэты дакумент асуджаў на смяротнае пакаранне тых людзей, якіх мы бачым на гэтых фота. Пад дакументам стаяў асабісты подпіс Лукашэнкі. Яны паверылі, што гэта законны прысуд. Больш за тое, ім выдалі спецыяльны пісталет, з якога ў Беларусі расстрэльваюць асуджаных да смяротнага пакарання злачынцаў. Гэтыя жаўнеры напраўду думалі, што выконваюць законную пастанову суда.

Узнікае пытанне: якім чынам на гэты фальшывы дакумент трапіла пячатка прэзідэнта? Я нядаўна задаў яго Лукашэнку публічна, праз сродкі масавай інфармацыі. І адказу я пакуль не маю і не спадзяюся яго атрымаць цяпер, прынамсі, пакуль ён займае пасаду прэзідэнта. Але адказ для мяне відавочны. Сапраўдны забойца не жаўнер, а той, хто аддаў гэты загад. І цяпер, вядома, вельмі дзіўнымі выглядаюць спробы некаторых калегаў з еўрапейскіх краін зрабіць з яго рэспектабельнага, прызнанага, легітымнага прэзідэнта. Я думаю, што такая пастанова - удар па элементарных нормам маралі ў вачах ўсяго беларускага грамадства. Калі яна будзе прынятая, то таксама будзе ў нейкай ступені злачыннай».

Удава выкрадзенага журналіста Святлана Завадская пералічыла рычагі ціску на беларускія ўлады, якія могуць прымусіць іх пачаць расследаванне гучных знікненняў.

«Мы можам патрабаваць міжнароднага расследавання спраў зніклых, - заявіла яна. - Для гэтага ёсць адпаведныя механізмы. Існуюць формы міжнароднага расследавання ў рамках Рады Бяспекі ААН. Акрамя таго, існуе ўніверсальная крымінальная юрысдыкцыя. Заканадаўствы краін, якія ратыфікавалі міжнародныя дамовы, маюць адпаведныя юрыдычныя інструменты ў нацыянальным заканадаўстве.

Мы павінны прыцягнуць увагу цяперашніх кіраўнікоў беларускіх сілавых структур да таго, што яны нясуць адказнасць за расследаванне гэтых спраў. Калі мы атрымліваем адмовы і адпіскі, то на парадку дня можа з'явіцца «спіс Захаранкі, Ганчара, Красоўскага і Завадскага». Пасля гэтага павінны рушыць услед новыя санкцыі ў дачыненні да асоб, якія наўмысна спісваюць гэтыя справы ў архіў. Вы разумееце, што я цяпер маю на ўвазе аналогію са «спісам Магніцкага», які ўжо дзейнічае ў дачыненні да шэрагу расейскіх чыноўнікаў.

Важна, што цяпер мы маем апошнюю магчымасць ціску з боку міжнароднай супольнасці, каб паўплываць на сітуацыю з расследаваннем палітычна матываваных выкраданняў у Беларусі. Чаму я пра гэта кажу? Таму што сёння Беларусь перажывае вельмі сур'ёзны эканамічны крызіс, і я ўпэўненая, што без еўрапейскіх крэдытаў Лукашэнка не абыдзецца. Таму не толькі эканамічныя варункі павінны стаць гарантыяй атрымання гэтых крэдытаў, але і палітычныя. У тым ліку і патрабаванне правядзення незалежнага расследавання палітычна матываваных выкраданняў з прыцягненнем міжнародных экспэртаў.

У гэтай сувязі хацелася б праз вас зноў звярнуцца да лідараў еўрапейскіх дзяржаў і папрасіць іх нарэшце праявіць волю і, нягледзячы на палітычную кан'юнктуру, запатрабаваць ад афіцыйнага Менска незалежнага расследавання палітычна матываваных выкраданняў. Аб якім збліжэнні Менска і Брусэля, аб якім зняцці санкцый з Лукашэнкі можа ісці гаворка ў гэтай сітуацыі? Я мяркую, што злачынна збліжацца з рэжымам, у якога за плячыма такі крывавы след».

Юрыст Алег Волчак нагадаў пра тое, як грамадскасць пачала праводзіць самастойнае расследаванне гучных знікненняў і да якіх высноў прыйшла.

«Я - давераная асоба сям'і Юрыя Захаранкі. Ён знік 7 траўня 1999 года, у нас тады было адчуванне, што гэта не надоўга, што цягам 72 гадзін пракурор заявіць пра ягоны арышт. Але тры дні прайшло і Мікалай Статкевіч запрасіў мяне, як былога следчага і кажа: «Напэўна чымсьці пахне страшным, трэба ствараць грамадскую камісію». 10 траўня мы пачалі сваё расследаванне. Вынік быў ужо на другі дзень, калі мы развесілі аб'явы і паспрабавалі ў людзей даведацца, што адбылося з Юрыем Захаранкам. Знайшлося пяць сведак, якія пацвердзілі, што яго выкралі сем чалавек. Тады яшчэ іншамарак не было, былі «Жыгулі» ў міліцыі з таніраваным шклом. Яго павезлі ў невядомым кірунку. Мы перадалі матэрыялы аператыўнікам, следчаму Байковай, яна тады вяла справу і папрасілі неадкладна па БТ абвясціць план-перахоп, паказаць фатаграфіі. Аператыўнік сказаў: «Вы ж разумееце, што нам ніхто не дасць, гэта справа палітычная», мы тады зразумелі, што следства ніякага не будзе.

Потым з'явіцца інфармацыя і ад следчых, якія вялі гэтую справу, і начальнік турмы будзе пра гэта казаць, і былыя следчыя КДБ, якія з'ехалі за мяжу. За гэтыя 16 гадоў мы досыць сабралі доказаў, матэрыялаў. Ёсць песімісты, якія мне часта кажуць, што за гэты час усе сляды згубіліся, што ўсё гэта бессэнсоўна. Але паверце, усякае забойства пакідае сляды. Заўсёды ёсць сведкі. Ужо ў 2003 годзе былі ўсе падставы выставіць чатыром чалавекам абвінавачванні і накіраваць у суд.

Як толькі ўлада ва Украіне змянілася, паводле справы Гангадзэ адразу хутка знайшлі ўсіх выканаўцаў. Усіх. Хтосьці павесіўся, хтосьці атрымаў тэрмін, але яны былі знойдзеныя. Таму справы зніклых палітыкаў павінны заставацца на кантролі не толькі беларускай грамадскасці, але і Камітэта ААН у гвалтоўных знікненнях. Яны будуць да таго часу весціся, пакуль не будзе ўстаноўленая ісціна».

Алег Волчак

На мерапрыемстве быў паказаны фільм «Банда», у якім распавядаецца аб гвалтоўных знікненнях у Беларусі. Рэжысёр Раіса Міхайлоўская распавяла пра тое, як ён ствараўся.

«Беларускі дакументацыйны цэнтр займаецца зборам дакументаў і інфармацыі аб парушэннях правоў чалавека ў Беларусі. Адным з прыярытэтных кірункаў нашай дзейнасці з'яўляюцца справы, звязаныя са знікненнем палітычных апанентаў уладаў. Мы падымаем гэтую тэму як на нацыянальным, так і на міжнародным узроўні. У 2014 годзе «Беларускі дакументацыйны цэнтр» стварыў дакументальны фільм «Банда». Мы сустракаліся з відавочцамі гэтых падзей, ездзілі па ўсім свеце - здымалі ў Нямеччыне, Расеі, на Кіпры. У стужцы няма суб'ектывізму. Сваю выснову гледачы павінны зрабіць самі, мы толькі расказваем і паказваем. Асноўнай мэтай фільма было нагадаць грамадству пра неразвязаныя праблемы ў Беларусі», - сказала яна.

Раіса Міхайлоўская

У дыскусіі таксама ўзяў удзел старэйшы дырэктар у правах чалавека і дэмакратыі ў Інстытуце Маккейна Дэвід Крэмэр, які ў гэтым годзе ўзначаліў амерыканскую дэлегацыю на Канферэнцыі АБСЕ у чалавечым вымярэнні.

«Неабходна збіраць дакументальныя сведчанні аб злачынствах, звязаных з парушэннем правоў чалавека. Гэта з'яўляецца самым галоўным пытаннем з пункту гледжання прынцыпаў АБСЕ, таму вельмі важна, што сёння мы можам паглядзець фільм, у якім прадстаўленая інфармацыя аб гвалтоўных знікненнях у Беларусі», - сказаў ён.

Дэвід Крэмэр
Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках