8 траўня 2024, Серада, 23:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сёння Паўлу Шарамету споўнілася б 45

7
Сёння Паўлу Шарамету споўнілася б 45

Вечар памяці Паўла Шарамета пройдзе сёння а 18.00 у сталічнай галерэі «Ў» (праспект Незалежнасці, 37А).

Сёння беларускаму журналісту Паўлу Шарамету споўнілася б 45 гадоў.

Пра гэта паведамляе прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Павал Шарамет нарадзіўся 28 лістапада 1971 году ў Менску.

Пасля школы паступіў на гістарычны факультэт БДУ, дзе правучыўся тры курсы. Скончыў факультэт міжнародных эканамічных дачыненняў Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта.

З 1992 годзе працаваў у адным з беларускіх банкаў. Затым прыйшоў на беларускую тэлевізію. Вядомасць атрымаў як вядучы штотыднёвай аналітычнай праграмы "Праспект".

З 1996 года працаваў галоўным рэдактарам "Беларускай дзелавой газеты". У тым жа годзе прызначаны загадчыкам беларускага бюро Грамадскай расейскага тэлевізіі (цяпер Першы канал) і ўласным карэспандэнтам ОРТ у Беларусі.

У ліпені 1997 года, падчас здымкі рэпартажу аб сітуацыі на беларуска-літоўскай мяжы, быў арыштаваны супрацоўнікамі сілавых структур Беларусі паводле абвінавачання ў незаконным перасячэнні дзяржаўнай мяжы, у атрыманні грошай ад замежных спецслужбаў і ў незаконнай журналісцкай дзейнасці. Быў прысуджаны да двух гадоў пазбаўлення волі ўмоўна і да аднаго году выпрабавальнага тэрміну, правёў у турме агулам тры месяцы.

У 1998 годзе Шарамет пачаў працаваць спецыяльным карэспандэнтам праграм "Новости" і "Время" дырэкцыі інфармацыйных праграм ОРТ, а ў студзені 1999 года заняў пасаду шэф-рэдактара расейскай і замежнай карэспандэнцкай сеткі дырэкцыі інфармацыйных праграм ОРТ. Быў вядоўцам штотыднёвай аналітычнай праграмы «Время».

У 2000 годзе Шарамет сышоў з праграм навін і прадоўжыў працу на Першым канале як аўтар дакументальных фільмаў і спецыяльных праектаў у рамках інфармацыйных праграм. Канчаткова пакінуў тэлеканал у 2008 годзе.

З 2009 года з'яўляўся рэдактарам аддзела палітыкі і грамадства ў часопісе "Огонёк". У 2011 годзе Шарамет нядоўга вёў перадачу "Приговор" на тэлеканале РЕН ТВ.

Быў адным з заснавальнікаў сайта "Беларускі партызан".

У 2012 годзе стварыў сайт навукова-папулярнага гістарычнага інтэрнэт-выдання "Гістарычная праўда".

З 2012 года вёў блог журналіста ў інтэрнэт-газеце "Украінская праўда", далей стаў яе выканаўчым дырэктарам.

З верасня 2013 да 2014 года працаваў вядоўцам праграмы "Прав? Да!" на Грамадскай тэлевізіі Расеі.

У чэрвені 2015 года запусціў аўтарскі праект "Дыялогі" на ўкраінскім тэлеканале 24. З верасня 2015 года да красавіка 2016 года быў вядоўцам на ўкраінскім радыё "Вести".

Аўтарскія працы

Павел Шарамет з'яўляецца аўтарам дакументальных фільмаў "Дзікае паляванне" і "Дзікае паляванне-2” "Асятровых вайна", "Чачэнскі дзённік", "1991 – астатні год імперыі", "Апошняя вышыня генерала Лебедзя", "Пакаранне Садама. Вайна без пераможцы", "Ягор Гайдар. Праклятыя дні" і шэрагу іншых. Аўтар сцэнарыя фільма "СНІД: Смерць з адкрытай датай".

Разам са Святланай Калінкінай быў аўтарам кнігі "Выпадковы прэзідэнт", прысвечанай рэжыму Лукашэнкі. У 2005 годзе напісаў кнігу "Пецярбуржскія таямніцы Уладзіміра Якаўлева" аб новых расейскіх палітыках з Санкт-Пецярбурга. У 2009 годзе выйшла ягоная кніга аб Саакашвілі, аб шасцідзённай вайне ў жніўні 2008 года і расейска-грузінскіх стасунках "Саакашвілі\Грузія. Палеглыя мроі"

Вясной 2009 года апублікаваў вучэбны дапаможнік для журналістаў "ТВ. Паміж ілюзіяй і праўдай жыцця". Рэгулярна праводзіў майстар-класы для маладых рэгіянальных журналістаў.

Павел Шарамет загінуў у Кіеве раніцай 20 ліпеня 2016 года ў выніку падрыву самахода. Выбух адбыўся а 7.45 на скрыжаванні вуліц Багдана Хмяльніцкага і Івана Франка. Паводле інфармацыі праваахоўнікаў, спрацавала выбухоўка магутнасцю 400-600 г у тратылавым эквіваленце.

Следства адпрацоўвала чатыры версіі забойства: асабістыя непрыязныя стасункі з загінулым; прафесійная дзейнасць; дэстабілізацыя абстаноўкі ў Кіеве; памылка (аўто, у якім быў падарваны Шарамет, належала ўладальніцы газеты "Украінская праўда" Алене Прытуле).

Павел Шарамет пахаваны на Паўночных могілках пад Менскам.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках