28 красавiка 2024, Нядзеля, 20:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ІП: Такой нізкай пакупніцкай здольнасці не было 10-15 гадоў

19
ІП: Такой нізкай пакупніцкай здольнасці не было 10-15 гадоў

Сітуацыя з прадпрымальнікамі застаецца нявызначанай: у любы момант іх бізнэс можа быць закрыты.

У Беларусі колькасць індывідуальных прадпрымальнікаў за гэты год скарацілася больш, чым на 3%. Такія звесткі агучыў Нацыянальны статыстычны камітэт. З якімі праблемамі сутыкаюцца прадпрымальнікі і чаму сыходзяць з рынку? Пра гэта «Белсат» паразмаўляў з лідарам грамадскага аб'яднання «Перспектыва» Анатолем Шумчанкам.

Суразмоўца заўважыў, што ў Беларусі вельмі істотна знізілася пакупніцкая здольнасць. Гандляры скардзяцца на слабы продаж і адзначаюць, што не назіралі такога ўжо цягам 10-15 гадоў.

«Што тычыцца індывідуальных прадпрымальнікаў, якія працуюць у гандлёвых цэнтрах, то ўказ №222, які, на наш погляд, аказаўся правальным, сапраўды стаў прычынай негатыўных наступстваў, якія мы назіраем. І гэта толькі пачатак», – адзначыў Шумчанка.

Ён падкрэсліў, што ўказ №222 быў прыняты без аглядкі на інтарэсы індывідуальных прадпрымальнікаў.

«Гэты ўказ прадугледжвае працу паводле дакументаў. Праблема ў тым, што прадпрымальнікі прывозяць дакументы ад фірмаў, якія афіцыйна зарэгістраваныя ў Расейскай Федэрацыі, яны плацяць па гэтых дакументах падаткі, падатковая служба прымае гэтыя аплаты, але гэта не гарантуе для індывідуальных прадпрымальнікаў бяспечнай працы ў будучыні, бо нават праз 5-10 гадоў падатковая можа праверыць зноў усе гэтыя дакументы і налічыць дадаткова штрафы або даходы ў бюджэт», – заўважыў лідар прадпрымальнікаў.

Яшчэ адна з праблем – гэта сертыфікаты. Кіруючыся заканадаўствам Мытнага саюза, улады Беларусі патрабуюць, каб прадпрымальнікі мелі сертыфікаты на тавар. Дробныя бізнэсоўцы праз высокія кошты сертыфікацыі не могуць ёю займацца. Яны лічаць, што сертыфікацыя – справа або імпарцёраў, або вытворцаў.

«Таму гэты ўказ №222 робіць нашу працу небяспечнай, мы не ўпэўненыя ў будучыні, мы не можам на сённяшні дзень планаваць свой бізнэс такім чынам, каб ведаць: мы заплацілі падаткі і больш мы нікому нічога не вінныя. Таму мы з гэтым мірыцца не можам. Гэта так званая пятля на шыі, якая накінутая ў выглядзе ўказа №222 і якую ўлады могуць зацягнуць у любы момант, і тым самым давесці да галечы прадпрымальнікаў», – падкрэсліў лідар прадпрымальнікаў.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках