27 красавiка 2024, Субота, 22:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прадпрымальнікі згортваюць бізнэс у Беларусі

6
Прадпрымальнікі згортваюць бізнэс у Беларусі
Фота: bymedia

За год колькасць індывідуальных прадпрымальнікаў скарацілася на 3,2%.

Паводле звестак на 1 лістапада 2016 года ў Беларусі дзейнічала 142,7 тыс. юрыдычных асоб і 250,2 тыс. індывідуальных прадпрымальнікаў, паведамляе БелаПАН са спасылкай на Нацыянальны статыстычны камітэт.

Такім чынам колькасць юрыдычных асоб у параўнанні са звесткамі на 1 лістапада 2015 года павялічылася на 0,3% (на 1 студзеня 2016 года — вырасла на 0, 8%), колькасць ІП — скарацілася на 3,2 (на 2,1%).

Найбольшая колькасць юрыдычных асоб знаходзіцца ў Менску — 50 479 (за год іх колькасць павялічылася на 1,9%). У Менскай вобласці — 26 488 (павелічэнне на 0,7%), у Берасцейскім — 14 609 (на 0,2% менш), Гомельскай — 13 955 (на 1,5% менш), Віцебскай — 13 341 (на 2,4% менш), Магілёўскай — 12 189 (на 0,1% больш), Гарадзенскай — 11 649 (на 1,1% менш).

Найбольшая колькасць ІП таксама знаходзіцца ў Менску — 80 499 (за год іх колькасць знізілася на 1,4%). У Менскай вобласці — 37 802 (павелічэнне на 0,6%), у Берасцейскай — 32 898 (на 4,1% менш), Гомельскай — 27 013 (таксама на 4,1% менш), Гарадзенскай — 26 020 (на 6,8% менш), Віцебскай — 22 607 (на 8% менш), Магілёўскай — 23 334 (на 4,2% менш).

Удзельная вага арганізацый дзяржаўнай і з доляй дзяржавы формаў уласнасці склаў 12,7% у агульнай колькасці дзейных арганізацый (на 1 лістапада 2015 года — 12,8%).

З 142,7 тыс. дзейных арганізацый у сферы вытворчасці ажыццяўлялі дзейнасць 33,6 тыс. (23,6% агульнай колькасці), у сферы паслуг — 109,1 тыс. (76,4%).

3 кастрычніка ў Менску на форуме, арганізаваным рэспубліканскім грамадскім аб'яднаннем «Перспектыва», індывідуальныя прадпрымальнікі выказалі недавер Міністэрству падаткаў і збораў, усклаўшы на яго адказнасць за наступствы ў сферы прадпрымальніцтва, якія выкліканыя дзеяннем указа Лукашэнкі №222. У працы форуму бралі ўдзел больш за 180 чалавек з Беразіно, Барысава, Берасця, Гомеля, Горадні, Жодзіна, Менска, Магілёва, Мазыра, Маладзечна і Полацка, а таксама прадстаўнікі Міністэрства эканомікі і Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю.

Удзельнікі форуму абвясцілі аб гатоўнасці пачаць страйк і арганізаваць серыю мітынгаў у рамках закона ў тым выпадку, калі кантрольна-наглядныя органы будуць праводзіць масавыя праверкі індывідуальных прадпрымальнікаў, якія суправаджаюцца канфіскацыямі і штрафамі.

З пачатку 2016 года дзейнічае ўказ Лукашэнкі №222 аб прадпрымальніцкай дзейнасці. Дакумент фактычна паралізаваў працу ІП, якія гандлююць прадукцыяй лёгкай прамысловасці, бо цяпер яны могуць гандляваць толькі таварамі, увезенымі з краін Мытнага звязу, на якія ў іх ёсць суправаджальныя дакументы. Атрыманне такіх дакументаў цяжка ў сувязі з пазіцыяй расейскіх партнёраў.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках