Бэн Ходжэс: Я думаю, Трампа падкупілі
- 7.11.2026, 7:06
ФОТА: GETTY IMAGES
Генерал абвінаваціў прэзідэнта ЗША ў залежнасці ад Пуціна.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, верагодна, знаходзіцца ў залежнасці ад дыктатара Расіі Уладзіміра Пуціна. Пра гэта ў эфіры нямецкага палітычнага ток-шоу Maybrit Illner на тэлеканале ZDF заявіў былы камандуючы сіламі ЗША ў Еўропе, генерал у адстаўцы Бэн Ходжэс; відэа было апублікавана ў YouTube 5 лістапада, перадае «Гордон».
«Я думаю, яго [Трампа] купілі», — выказаў здагадку Ходжэс. Ён дадаў, што не можа пацвердзіць гэта пісьмова, але лічыць, што гэта і так відавочна.
Паводле яго слоў, Трамп цяпер можа або ва ўсім прызнацца і пацвердзіць, што ён «належыць Пуціну», або паспрабаваць сысці ад адказнасці, разлічваючы на абарону свайго пераемніка.
Ходжэс адзначыў, што ён як амерыканец можа сказаць, што ў ЗША ніколі не было ідэальнага прэзідэнта. Аднак, паводле яго слоў, мець прэзідэнта, які не толькі сам карумпаваны, але і дазваляе свайму атачэнню быць карумпаваным, — гэта «неверагодны сорам».
Карэспандэнт ZDF у ЗША Эльмар Тэвэсэн дапусціў, што пасля паразы рэспубліканцаў на выбарах у Кангрэс расследаванні ў дачыненні да адміністрацыі Трампа могуць перарасці ў крымінальныя справы. Пра тое, што такія справы рыхтуюцца, са спасылкай на дэмакратаў пісалі ўжо не адно СМІ.
У кастрычніку пасля дызельнай дамоўленасці Трампа з Пуціным Ходжэс заяўляў, што «ЗША кінулі Украіну напярэдадні суровай зімы».