27 красавiка 2024, Субота, 0:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Біскуп з Беларусі — кіраўнік самай вялікай дыяцэзіі ў свеце

3
Біскуп з Беларусі — кіраўнік самай вялікай дыяцэзіі ў свеце
КІРЫЛА КЛІМОВІЧ

У 1999 годзе Кірыла Клімовіч стаў біскупам Менска-Магілёўскім.

Самай вялікай каталіцкай епархіяй у свеце, абшары якой уключаюць больш за 10 мільёнаў кіламетраў, кіруе біскуп з Беларусі Кірыла Клімовіч, біскуп Іркуцкі, піша сайт krynica.info.

«Наша епархія ў 30 разоў большая за Польшчу. Тут працуюць 38 святароў і больш за 60 манашак. Большасць з іх — палякі, але ёсць таксама святары са Злучаных Штатаў, з Інданэзіі, Індыі, Паўднёвай Карэі. У нас таксама шмат свецкіх катэхізатараў, перш за ўсё, у тых месцах, куды святары не могуць даязджаць. Гэта людзі, якія не толькі перадаюць веды, але таксама даюць сведчанне веры», — распавядае біскуп Клімовіч аб асаблівасцях сваёй епархіі.

«Дзеці і моладзь у Сібіры цягнуцца да Бога, але хтосьці павінен іх прывесці. Гэты працэс, хоць павольна, але ідзе. Шмат людзей тут кажуць, што належаць да Царквы, але, калі спытаць, дзе былі ахрышчаныя, — не ведаюць, што такое хрышчэнне», — дадае біскуп.

У Сібіры блізу 50 тысяч каталікоў, многія маюць польскія, украінскія, беларускія, літоўскія карані. Ёсць і іншыя вернікі — у Якуціі або Бураціі, якія самі знайшлі Бога і перажылі пераўтварэнне.

Уплывае на настроі каталікоў у Расеі і палітычная абстаноўка, напрыклад, антыеўрапейская прапаганда, моцная ў краіне. «У СДМ у Кракаве з нашай дыяцэзіі ўзялі ўдзел 130 маладзёнаў. Магло б быць і больш, калі б не боязь іх бацькоў, звязаная з палітычнай сітуацыяй. Выязджаючы адсюль, моладзь была няўпэўненай, з пэўнымі страхамі. Польшчу яны прадстаўлялі ў негатыўным святле. Калі ж мы прыбылі ў Элцкую епархію, куды нас запрасіў біскуп Ежы Мазур, — яны адкрыліся. Казалі, што такой любові і дабрыні нідзе не сустракалі. Убачылі сапраўдны твар Польшчы і Царквы».

«Пасля вяртання іх з сустрэчы з Папам наведвальнасць у касцёлах Сібіры павялічылася. Прыязджаючы на візітацыі ў парафіі, я бачу, што менавіта моладзь з'яўляецца сёння шляхам да Бога для іншых. Яна дае сведчанне таксама нехрышчоным чальцам сваіх сем'яў», — дадае біскуп.

«Мясцовыя жыхары — гэта інтэлігентныя, разумныя людзі, але гэта тое пакаленне, у якога забралі Бога. Трэба спытаць сябе, якую гісторыю мы ствараем сёння ў Сібіры, бо на гэты рэгіён нельга глядзець толькі як на месца ссылкі».

Біскуп Кірыла Клімовіч нарадзіўся 5 лістапада 1952 года ў Казахстане, куды была сасланая ягоная сям'я. У 1956-65 гадах жыў у Беларусі, затым у Польшчы. Пасля заканчэння Вышэйшай Духоўнай семінарыі ў Ольштыне ў 1980 годзе прыняў сан прэсвітэра. Першыя гады святарства правёў у Польшчы, пасля чаго ў 1990 годзе прыняў функцыі пробашча, а таксама дэкана ў Глыбокім.

У 1999 годзе стаў біскупам Менска-Магілёўскім.

Да 2003 года быў генеральным вікарыем і, пасля чаго быў прызначаны ардынарыем дыяцэзіі Святога Юзафа ў Іркуцку.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках