26 красавiка 2024, Пятніца, 20:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка прайграў «дармаедам»

101
Лукашэнка прайграў «дармаедам»

Падобна на тое, дыктатар і сам не ведае, як захаваць добрую міну пры дрэннай гульні.

Беларускіх «дармаедаў» пакуль не будуць штрафаваць за нявыплату падатку, а сам дэкрэт «пра дармаедства» да канца гэтага года будзе адкарэктаваны. Адмяняць яго, нягледзячы на прапановы ўрада, Лукашэнка не дазволіў, піша «Незалежная газета».

Нарада ў Лукашэнкі, на якой разглядаўся дэкрэт «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства», адбылася на гэтым тыдні, а жарсці ў грамадстве толькі разгараюцца. На днях подпісы супраць падатку на дармаедства «дэпутатам парламента» перадалі жыхары Магілёва. «Дэкрэт абсурдны, паколькі ў краіне элементарна недастаткова працоўных месцаў, – сцвярджаюць аўтары ліста. – Улада налічыла 400 тыс. непрацоўных у краіне, а колькасць вакансій у цэнтрах занятасці не перавышае 20 тыс. Гэта значыць, дзяржава можа забяспечыць толькі 5% непрацоўных нізкакваліфікаванай працай». Ініцыятары збору подпісаў – прадстаўнікі апазіцыі – Аб'яднаная грамадзянская партыя, рух «За Свабоду» і незарэгістраваная партыя «Беларускія хрысціянскія дэмакраты». Спыняцца на гэтым яны не маюць намеру.

Мясцовая грамадскасць, аналізуючы афіцыйную інфармацыю пра ход выканання дэкрэта, мяркуе, што дакумент, які атрымаў у народзе назву «Аб дармаедстве», усё ж адменяць. Як вынікала са сказанага Лукашэнкам, такога самага меркавання прытрымліваецца і ўрад. «Былі прапановы ледзь не адмовіцца ад гэтага дэкрэта: шмат крытыкі, цяжка адміністраваць і многія іншыя пытанні», – растлумачыў кіраўнік.

Сутнасць дакумента зводзіцца да таго, што ўсе грамадзяне Беларусі, якія афіцыйна нідзе не працуюць і не плацяць падаткі ў бюджэт, павінны да 15 лістапада заплаціць за гэта падатак 200 дал. Дэ-юрэ ён накіраваны супраць беспрацоўных. Дэ-факта ён распрацоўваўся для процідзеяння шэраму рынку. Менавіта гэтае розначытанне стала прычынай таго, што спачатку ўладам было складана ўвогуле знайсці механізм вылічэння «дармаедаў». Потым, аднак, прыклаўшы немалыя намаганні, яны разаслалі 70 тыс. лістоў непрацоўным беларусам. Як растлумачылі нядаўна ў Міністэрстве падаткаў і збораў, амаль чвэрць з тых, хто атрымаў «лісты шчасця», здолелі даказаць, што яны ніякія не дармаеды і не працуюць з уважлівых прычынаў (інваліды, тыя, хто даглядае за інвалідамі, студэнты, якія жывуць за мяжой). Высветлілася, што так званыя «дармаеды» ў большасці сваёй – гэта людзі, якія не могуць знайсці працу, і ім няма на што нават харчавацца, не тое што плаціць за гэта даніну дзяржаве. Ужо цяпер фіскалы паведамілі, што караць за нявыплату падатку пакуль не будуць. «У сувязі з планаваным унясеннем змяненняў у дэкрэт фізічныя асобы, у якіх тэрмін выплаты наступіў 15 лістапада, часова не будуць змушацца да адміністрацыйнай адказнасці да ўстанаўлення канкрэтных тэрмінаў выплаты», – паведаміла кіраўніца ўправы Міністэрства падаткаў і збораў (МПЗ) Беларусі Марына Побаль.

Намесніца прэм'ер-міністра Наталля Качанава паведаміла, што да канца года ў дакумент унясуць змены. Дэкрэт «спусцяць» на ўзровень мясцовых уладаў, і там будуць пастанаўляць, вызваляць грамадзяніна ад выплаты падатку на «дармаедства» ці не. З'явіцца вельмі цікавы, але вельмі суб'ектыўны, на думку экспертаў, крытэр – ці сапраўды чалавек «апынуўся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі».

Абурэнне дакументам у беларускім грамадстве проста зашкальвае. Ён парушае Канстытуцыю, у якой замацаванае права на працу, а зусім не абавязак. Дэкрэт супярэчыць здароваму сэнсу і сусветнай практыцы, у якой беспрацоўныя атрымліваюць дапамогу ад дзяржавы, а не плацяць ёй падатак за адсутнасць прыбыткаў. Не ўлічвае ён і цяперашнюю сітуацыю на рынку працы – прадпрыемствы працуюць няпоўны працоўны тыдзень, ідуць масавыя скарачэнні. Некаторыя беларусы кажуць, што гатовыя адседзець у турме замест выплаты падатку, бо грошай на яго няма.

На думку назіральнікаў, галоўная прычына таго, што падатак не збіраюцца скасоўваць, – няўменне Лукашэнкі прызнаваць памылкі. Такі дакумент нарадзіўся, уласна, пад ягоным ціскам. Ідэя трансфармавалася некалькі разоў – спачатку прапаноўвалася пазбавіць непрацоўных грамадзянаў бясплатнай медыцыны, адукацыі і выставіць ім бездатацыйны рахунак за ЖКП, аднак выканаць гэта сталася немагчыма. Паступова ўрад прыйшоў да ідэі пакарання «дармаедаў» падаткам.

Праўда, многія эксперты мяркуюць, што дакумент адамрэ, калі будзе спушчаны на мясцовы ўзровень, – гэта значыць папросту не будзе выконвацца. Затое Лукашэнку не давядзецца прызнаваць сваю памылку.

Напісаць каментар 101

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках