27 красавiка 2024, Субота, 0:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: «Расейскі свет» у Беларусі - гэта Пуцін плюс Лукашэнка

3
Андрэй Саннікаў: «Расейскі свет» у Беларусі - гэта Пуцін плюс Лукашэнка
Андрэй Саннікаў

У Варшаве прайшла прэзентацыя кнігі Андрэя Саннікава «Беларуская рулетка».

На беларускай, расейскай і ангельскай мовах гэтая кніга выйшла ў лютым 2016 года і называлася «Мая гісторыя. Беларуская «Амерыканка», або Выбары пры дыктатуры».

У інтэрв'ю «Радыё Свабода» Андрэй Саннікаў распавёў пра тое, як адбывалася прэзентацыя кнігі, а таксама пра найбольш актуальныя праблемы беларускай палітыкі і беларуска-польскіх дачыненняў:

- Кніга выйшла па-польску, бо была зацікаўленасць польскага выдавецтва KARTA. Гэтае выдавецтва працавала і над перакладам, і яно ж прапанавала назву для польскага выдання - «Białoruska ruletka». Я пагадзіўся на гэтую назву. Я вельмі рады, бо пераклад атрымаўся вельмі добры, а сама кніга пачынае новую серыю выдавецтва KARTA, прысвечаную гісторыі XXI стагоддзя.

- Як разышоўся папярэдні тыраж кнігі, які выйшаў на беларускай, расейскай і ангельскай мовах?

- Я задаволены тым, як разышоўся тыраж на беларускай, расейскай і ангельскай мовах. Я некалькі разоў прэзентаваў кнігу ў ЗША, у Вялікай Брытаніі, у Канадзе, у Польшчы. Я бачу, што ёсць цікавасць, ёсць вельмі добрыя водгукі. Цяпер, адначасова з польскім варыянтам, кніга выйшла ў Маскве, яе выдала «Новая газета». Кніга ўжо ў кнігарнях і вельмі добра прадаецца.

- На прэзентацыі выступіла шмат вядомых людзей. Быў першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч, дырэктарка «Белсату» Агнешка Рымашэўская, былы павераны ў справах Польшчы ў Беларусі Вітольд Юраш. Вакол чаго вялася асноўная дыскусія?

- Прэзентацыя адбылася ў Тэатры Польскім. Я вельмі ганаруся, што ўрыўкі з кнігі чытаў выбітны польскі актор і рэжысёр Анджэй Севярын, вядомы нам як дзеяч «Салідарнасці». Анджэй заўсёды падтрымліваў беларускія дэмакратычныя сілы. Калі мы былі за кратамі пасля 19 снежня 2010 года, ён актыўна ўдзельнічаў у кампаніі ў нашу падтрымку.

Наогул на прэзентацыі былі і людзі, якія вельмі добра ведаюць Беларусь, і тыя, якія яе ведаюць дрэнна. Дыскусія атрымалася цікавая, бо абмяркоўваліся змены ў палітыцы польскага ўрада і польскага МЗС у дачыненні да Беларусі. Для мяне асабіста гэтыя змены не зразумелыя. Мне здаецца, што палякі шукаюць паляпшэння стасункаў з Беларуссю не там, дзе яго трэба шукаць. Яны пэўным чынам паляпшаюць стасункі з дыктатурай. Вось гэтая тэма і стала цэнтральнай у дыскусіі. Прынамсі, можна канстатаваць вялікую зацікаўленасць у тэме, звязанай з Беларуссю.

- Як вы думаеце, можна засцерагчыся ад інфармацыйнай кампаніі, якую вядуць у Беларусі расейскія СМІ?

- Тое, што цяпер адбываецца, вельмі небяспечна. Але я бачу, што актыўная частка грамадства Беларусі рэагуе нармальна, супрацьстаіць таму, што завуць «расейскі свет». Вельмі небяспечна, што ў нас дамінуюць расейскія СМІ, якія цяпер вядуць інфармацыйную вайну не толькі з Украінай і Захадам, а з каштоўнасцямі наогул.

Я мяркую, што важную ролю ў гэтай вайне адыгрываюць незалежныя беларускія СМІ. Я ўсюды кажу, што сёння вельмі важна падтрымліваць беларускія незалежныя медыі. Таму што «расейскі свет» у Беларусі - гэта не Пуцін, гэта Пуцін плюс Лукашэнка. Трэба разумець гэта і дзейнічаць адпаведным чынам.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках