24 красавiка 2024, Серада, 3:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Давід Смалянскі: Лукашэнка дапамагаў будаваць дыктатуру ў Венесуэле

15
Давід Смалянскі: Лукашэнка дапамагаў будаваць дыктатуру ў Венесуэле

Які бізнэс Лукашэнка вёў з Чавесам, а цяпер працягвае з Мадурам?

Давід Смалянскі – адзін з самых маладых лідараў апазіцыі Венесуэлы. У 31 год палітык ужо з'яўляецца мэрам муніцыпалітэта Эль Хаціла ў Каракасе і ўваходзіць у праўленне партыі «Народная воля».

Давід змог выйграць мясцовыя выбары ў 2013 годзе, калі памёр Уга Чавес і для апазіцыі на кароткі час адкрылася акно магчымасцяў. Аднак на змену аднаму дыктатару да ўлады прыйшоў іншы і барацьба за свабоду ў Венесуэле працягваецца.

На днях Дэвід Смалянскі прыехаў у Польшчу на канферэнцыю «Варшаўскі дыялог для дэмакратыі».

Сайт charter97.org задаў палітыку некалькі пытанняў.

- Давід, мы з хваляваннем сочым за сітуацыяй у Венесуэле і за супрацьстаяннем апазіцыі і ўлады. Якая зараз сітуацыя ў краіне?

- Паводле апошніх апытанняў ад 70 да 80 адсоткаў насельніцтва не прымае праўленне Мадуры. Людзі хочуць пераменаў. Мадура вельмі добра разумее, наколькі ён слабы і таму звяртаецца да сілавых метадаў для кантролю над краінай: абапіраецца на войска, паліцыю, сакрэтныя службы, Вярхоўны суд.

У краіне мы зараз назіраем сацыяльны, палітычны і эканамічны калапс. У турмах знаходзяцца больш за 100 палітвязняў, і шмат людзей у высылцы і эміграцыі. Узровень злачыннасці, бадай, самы высокі ў свеце. За апошнія 18 гадоў былі забітыя 300 тысяч венесуэльцаў. Інфляцыя чатырохзначная, людзі рэальна галадаюць і нават паміраюць ад голаду, таму што не стае харчавання.

- Як пасля смерці Уга Чавеса стаў магчымы прыход да ўлады Мадуры? Гэта ж абсалютна аднолькавыя папулісты, блізняты-браты.

- Мадура спрытна выкарыстоўвае войска і спецслужбы, каб утрымацца ва ўладзе. Яму таксама вельмі дапамаглі хаўруснікі, такія як Уладзімір Пуцін у Расеі і Башар Асад у Сірыі, ды і Лукашэнка.

- Тады як да ўлады можа прыйсці дэмакратычная апазіцыя?

- Мы працуем над гэтым. Мы ж год таму выйгралі выбары. У парламенце цяпер большасць дэпутатаў ад апазіцыі. Значыць, парламент рэальна ўяўляе народ Венесуэлы. Мы пачалі працэдуру імпічменту. Кішэнны Вярхоўны суд ужо выключыў такі варыянт, але ў парламента ёсць легітымнасць і я ўпэўнены, што мы даможамся мірнай перадачы ўлады.

- У адным з інтэрв'ю вы назвалі Венесуэлу вельмі небяспечным нарка-нафтавай і мілітарысцкай дзяржавай. Які бізнэс у венесуэльскіх уладаў з Беларуссю?

- Так, Венесуэла пры Чавэсу, а цяпер пры Мадуры - гэта нарка-нафтавая мілітарысцкая дзяржава, якая ўяўляе сур'ёзную пагрозу ўсяму свету. У гэтым сёння ўнікальнасць нашай краіны ў свеце. Велізарныя сродкі зарабляюцца ў адносна легальным нафтавым бізнэсе і ў нелегальным наркагандлю.

Карупцыя дасягнула нябачаных памераў, і сёння яна працягвае квітнець. Уявіце сабе, калі нафта каштавала больш за 100 даляраў за барэль, па некаторых звестках, з бюджэту бясследна зніклі, проста «растварыліся» ў кішэнях чыноўнікаў больш за 150 мільярдаў даляраў!

Сістэмы правасуддзя не існуе, квітнее беспакаранасць, а людзі, жабракі і абсалютна безабаронныя перад дзяржаўнай машынай.

Што тычыцца Беларусі, то я ведаю, што самы актыўны бізнэс (ва ўсякім выпадку афіцыйны), які вядуць беларускія ўлады ў Венесуэле - гэта будаўніцтва дамоў у многіх штатах.

- Няўжо толькі будаўніцтва звязвае два мафіёзныя па сутнасці рэжымы?

- Я ведаю, што Лукашэнка актыўна працаваў яшчэ з Уга Чавесам па ўзмацненні ў Венесуэле рэпрэсіўнага апарата і стварэння прапагандысцкіх дзяржаўных медыя. З боку вашага дыктатара былі і дарадцы, і парады.

- Гэта значыць, атрымліваецца, што Лукашэнка дапамагаў будаваць Чавесу дыктатуру ў Венесуэле?

- Вядома, ён быў яго хаўруснікам у гэтым працэсе.

- Мы ведаем, што ваша сям'я - выхадцы з Украіны. Сочыце за сітуацыяй ва Украіне і рэгіёне?

- Так, вядома. Так супала, што, калі ў 2014 годзе пасля дэманстрацыі апазіцыі арыштавалі кіраўніка маёй партыі Леапольда Лопеса, у гэты час пачаліся хваляванні ў Кіеве. Я вельмі перажываў за сітуацыю ў сваёй краіне і з заміраннем сэрца сачыў за падзеямі ва Украіне.

Мае продкі з'ехалі з Украіны ў 1920-я гады пры Сталіне. Яны перасяліліся на Кубу, а потым з'ехалі ў Венесуэлу. Сёння ў Венесуэле я належу да новага пакалення, мы хочам жыць у свабоднай дэмакратычнай краіне, за гэта мы змагаемся. Я не хацеў бы працягваць сямейныя традыцыі і зноў эміграваць. Я ўпэўнены, што мы зможам перамагчы, выкарыстоўваючы негвалтоўныя метады.

- Якія вашыя асабістыя планы? Вы адзін з самых маладых палітыкаў Венесуэлы, а ўжо мэр.

- Я ўваходжу ў палітычную раду партыі «Народная воля». Планую пакуль працягваць працаваць у мясцовай адміністрацыі, куды мяне выбраў народ. Палітычныя планы? У нас цяпер скралі рэферэндум, які б пазбавіў Мадуру ўлады, але барацьба працягваецца, і мы разлічваем на перамогу.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках