У Беларусі прачнуліся бурыя мядзведзі
8- 15.02.2016, 18:33
- 42,133
Жывёла ў гэтым годзе пачала выходзіць з зімовай спячкі раней, чым звычайна.
Бурыя мядзведзі ў Беларусі ў гэтым годзе пачалі выходзіць з зімовай спячкі раней, чым звычайна, паведаміў намеснік дырэктара ў навукова-даследчай рабоце ДПУ "Бярэзінскі біясферны запаведнік" Валерый Іўковіч.
"У гэтым годзе бурыя мядзведзі прачнуліся прыкладна на месяц раней, чым звычайна, свежыя сляды самцоў знойдзеныя ўжо ў трох лясніцтвах. Звычайна, калі няма зацяжной зімы, мядзведзі выходзяць са спячкі ў сакавіку", - цытуе БелТА словы Валерыя Іўковіча.
Прычынай ранняга абуджэння, хутчэй за ўсё, стала адліга. Так, тэмпература паветра на тэрыторыі запаведніка ў пачатку лютага дасягала 5,6 градуса цяпла, што больш характэрна для красавіка.
"Хутчэй за ўсё, праз адлігу адбылося падтапленне бярлогаў у нізіннай мясцовасці, і жывёла была вымушаная падняцца. Цяпер зноў выпаў снег, сіноптыкі абяцаюць невялікія маразы. Для жывёл ранняе абуджэнне не вельмі камфортна, але, у прынцыпе, не крытычна. Самае галоўнае для іх цяпер - знайсці корм, думаю, з гэтым праблем не ўзнікне", - дадаў намеснік дырэктара ў навукова-даследчай працы.
Паводле звестак Валерыя Іўковіча, Бярэзінскі запаведнік насяляюць амаль 35 бурых мядзведзяў. У апошнія гады іх колькасць расце. Буры мядзведзь занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі.