10 траўня 2024, Пятніца, 22:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусі цэннік на прадукты амаль удвая вышэйшы, чым ва Украіне

75

Колькі каштуе прадуктовы кошык на дзень у розных краінах?

Крызіс усё больш балюча б'е па кішэнях. Абвяшчэнне сумы на касе парой чакаеш з непрыемным халадком, а 200 тысяч, на якія яшчэ нядаўна можна было купіць прыстойны набор прадуктаў, цяпер папросту сыдуць на сціплую сямейную вячэру. Размовы аб тым, што прадукты ў нас сталі занадта дарагімі, асабліва ў параўнанні з заробкамі, чуюцца даслоўна кожны дзень. У метро, краме, на працы.

ФОТА: KP.BY

Kp.by наважыла правесці гастранамічны эксперымент. Купілі ўніверсальны і, на іх погляд, адносна недарагі набор прадуктаў, якім сярэднестатыстычная беларуская сям'я з 3-4 чалавек магла б паўнавартасна харчавацца дзень. Гэты ж набор прадуктаў папрасілі купіць знаёмых гаспадынь з Берліна, Парыжа, Вільні, Вроцлава, Масквы і Кіева. Да паходу ў краму ўсе пастараліся паставіцца адказна - выбіралі самыя недарагія прадукты, але прымальнай якасці.

Такім чынам, што ж купілі? Дзесятак яек, упакоўку гарбаты, пачак аўсянай кашы, малако, упакоўку тварагу, кіло курынага філе, кілаграм бульбы, хлеб, кавалачак сыру, качан капусты, паўкіло морквы, яблыкі, апельсіны і плітку шакаладу. Цалкам сабе прадукты для меню на дзень. Раніцай сям’ю можна накарміць аўсянкай і папаіць гарбатай з тварагом. На абед прыгатаваць капусту, патушыць курыцу з морквай і бульбай. Увечары, да прыкладу, зрабіць амлет, папіць гарбаты з шакаладкай. Садавіна - для перакусаў.

ФОТА: KP.BY

Кошты на ўсе прадукты ўпісалі ў табліцу, а каб чытаць яе было зручней, перавялі іх у беларускія рублі паводле курса Нацбанка.

РАЗАМ

Танней за ўсё харчавацца ва Украіне, а «кошты як у Маскве» - гэта зусім не страшна

ФОТА: KP.BY

Цэннікі ў чэках сапраўды здзівілі. Высвятляецца, у Нямеччыне даражэй, чым у іншых краінах, яйкі і морква, у Францыі недаравальна дарагая курыца, а кошты ва Украіне наогул здаюцца аж занадта даступнымі...

ФОТА: KP.BY

Больш за ўсё нас, вядома, цікавіла агульная сума ў чэках. Высветлілася, фраза «кошты як у Маскве» зараз павінна нас не палохаць, а толькі цешыць. Калі ў Менску ўсе прадукты каштавалі нам у 273 700 рублёў, то ў Маскве ў пераводзе на беларускія грошы такі ж прадуктовы набор каштуе цяпер блізу 230 400 рублёў. Прыблізна такі ж цэннік выйшаў і ў польскім Вроцлаве – 237 600. Але вось што сапраўды здзівіла, дык гэта ўкраінскія закупы. У Кіеве ўвесь прадуктовы кошык можна купіць за 151 400 рублёў! Гэта амаль удвая танней, чым у нас.

Затое ў параўнанні з еўрапейскай Літвой, Нямеччынай і Францыяй Беларусь- залатая сярэдзіна. У суседняй Вільні прадукты каштуюць ужо даражэй. Вынік у чэку – 339 700. А далей - яшчэ весялей. У Берліне эканомная гаспадыня аддала на касе 464 200 на нашы грошы, а ў Францыі - цэлых 700 тысяч.

ФОТА: KP.BY

Атрымліваецца, прадукты ў нас не самыя дарагія. Тым больш эфект таннасці прадуктаў у нашай краіне стварае курс беларускага рубля, які падае з кожным днём.

Але калі, напрыклад, пералічваць усе кошты па снежаньскаму курсу мінулага года, такога эфекту ў табліцы не атрымалася б.

ФОТА: KP.BY

ДАРЭЧЫ

У Беларусі закупляюцца на акцыях, а ў Францыі будуць караць за лішнія харчовыя адходы

Журналісты правялі яшчэ адзін эксперымент. Пацікавіліся ў беларускіх гаспадынь, на чым яны эканомяць у крызіс, і як ён паўплываў на змесціва іх прадуктовага кошыка.

9 з 10 апытаных прызналіся, што хадзіць у краму яны радзей не сталі. Як мінімум за малаком-кефірам-хлебам заходзяць у маркеты кожны дзень. Але эканоміць усё ж давялося. Большасць гаспадынь прызналіся, што з пачатку года адмовіліся ад дарагой рыбы, усiх вiдаў мяса аддаюць перавагу курыным сцёгнам-кумпячкам, а старэйшыя жанчыны распавялі, што эканоміць сталі на гародніне і садавіне. І, тым не менш, сумы ў чэках у іх усё роўна выраслі - часам удвая.

- Для нас дапамога - гэта лецішча. Гародніну-садавіну летам вырошчваем самі. Зімой не купляем. Ёсць вёска, там і парася, і кароўка. На гэтым і трымаемся - распавядае Наталля, педагог з двума вышэйшымі адукацыямі. - Грошай цяпер сапраўды стае толькі на ежу. У крамах шукаем зніжкі і акцыі, а ад куплі адзення і забаў ужо амаль адмовіліся.

Колькі паходаў у краму могуць дазволіць сабе беларусы

З 1 лютага ў Беларусі абнавілі суму мінімальнага спажывецкага бюджэту. Так, у Мінпрацы мяркуюць, што сям'я з 4-х чалавек цалкам можа пражыць на 10 298 920 рублёў у месяц (па 2 574 730 бел. руб. На кожнага). Гэтых грошай павінна хапіць на аплату паслуг, мінімальны набор прадуктаў і рэчаў, якія патрэбныя сярэднестатыстычнаму беларусу, каб жыць нармальна.

Крыху больш за палову гэтай сумы адводзіцца на харчаванне - 50,6%. Мы палічылі, што на прадукты сям'я з 4-х чалавек можа патраціць 5 211 253 рублёў у месяц. Гэта 173 708 рублёў у дзень на ўсю сям'ю альбо 43 427 рублёў у дзень на кожнага.

У краму мы ходзім штодня, але, атрымліваецца, атаварвацца на сярэдні паводле нашых мерках цэннік - 273 700 рублёў - для беларусаў цяпер недазваляльная раскоша. Дзелім месячны прадуктовы бюджэт на сярэдні цэннік - атрымліваецца, што атаварыцца на гэтую суму ў краме можна 19 раз у месяц.

ФОТА: KP.BY
Напісаць каментар 75

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках