18 траўня 2024, Субота, 15:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чыж будуе калійны завод у Калінінградскай вобласці?

8
Чыж будуе калійны завод у Калінінградскай вобласці?
ЮРЫЙ ЧЫЖ

За кампаніяй «Стрыктум», якая будуе калійны камбінат у Калінградскай вобласці РФ, можа стаяць «кашалёк Лукашэнкі» Юрый Чыж.

Праводзячы расследаванне таго, хто можа стаяць за кампаніяй «Стрыктум», якая атрымала ліцэнзію на распрацоўку калійных соляў у пасёлку Нівенскае Баграціёнаўскага раёна, рэсурс Rezonans39.ru выйшаў на зарэгістраваную на Кіпры кампанію Redcast Holdings. Паводле звестак рэсурсу, менавіта яна з'яўляецца ўладальніцай галандскага інвестфонда Vyrex і праз яго - 100% расейскага «Стрыктума».

Redcast Holdings, прынамсі, двойчы згадваецца ў беларускіх афіцыйных дакументах, і абодва разы ў адным шэрагу з прозвішчам Чыжа і ягонымі кампаніямі.

У пачатку 2012 і ў канцы 2013 гадоў назва кампаніі з'явілася ў пастанове Савета міністраў Беларусі аб укладанні інвестдамовы з «Трайпл», «Рэдкаст Холдынгз Лімітэд» (Redcast Holdings Limited), «Белнафтагаз» і «КварцМелПромом» у межах праекта «ў комплексным асваенні і распрацоўцы сілікатных пяскоў і мелу радовішча «Хаціслаўскае» ў Маларыцкім раёне Берасцейскай вобласці».

У канцы 2015 года Redcast Holdings фігуравала ў якасці ўдзельнікаў справы паводле іску Енсэн Ёнаса Мальгарда да кампаніі «Данпрод». Датчанін у беларускім судзе спрабаваў вярнуць запазычанасць са свінакомплекса, які будуецца ў Валожынскім раёне паводле дацкіх тэхналогій. Сярод іншых асоб, якія ўдзельнічаюць у справе называюцца А.М. Гаварко (дачка саўладальніка «Данпрад» і «Белдан» і ўдзельніка топ-200 паспяховых і ўплывовых бізнэсоўцаў Беларусі-2016 Мікалая Гаварко), С. Ю. Чыж (старэйшы сын Юрыя Чыжа) і Redcast Holdings. Мікалай Гаварко, дарэчы, з'яўляецца земляком некалі самага ўплывовага беларускага бізнэсоўца.

Сама па сабе згадка ў шэрагу з «Трайпл» ды іншымі кампаніямі групы Redcast Holdings не кажа пра тое, што за афшорам стаіць менавіта Юрый Чыж. На працягу 2012-2015 года супраць яго дзейнічалі санкцыі ЕЗ і так проста ў 2012 годзе вывесці на аўкцыён дачку галандскага фонду, трэба было ўмець. Таксама ў Чыжа ў шматлікіх бізнэсах прысутнічаюць партнёры. У інвестыцыйным пагадненні аб радовішчы мелу Redcast Holdings, напрыклад, стаіць у адным шэрагу з «Белнафтагазам» - бізнэсам былога партнёра бізнэсоўца Аляксея Алексіна. Так што Redcast Holdings цалкам можа быць уласнасцю аднаго са шматлікіх партнёраў Чыжа і, не выключана, што з Беларусі.

За «Стрыктумам» і гэтым калійным праектам з самага пачатку цягнецца беларускі след.

«Стрыктум», які з'яўляецца рэзідэнтам Асобай эканамічнай зоны «Калінінград», стаў уладальнікам 39-гадовай ліцэнзіі на распрацоўку Нівенскага радовішча калійна-магніевых соляў у Баграціёнаўскім раёне ў 2012 годзе. Сама кампанія была зарэгістраваная ў 2010 годзе.

У 2012 годзе «Стрыктум» узначаліў Павел Якаўлеў - адзін з былых топ-мэнэджараў «ЕўраХіма», а тэхнічным дырэктарам праз некаторы час стаў адзін з распрацоўшчыкаў праекта для «ЕўраХіма» лаўрэат Дзяржпрэміі Беларусі, прафесар, экс-старшыня «Белгархімпрамам» Анатоль Смычнік.

Да 2012 года беларускі навуковец, аўтар і ўладальнік некалькіх дзясяткаў патэнтаў і вынаходак у калійнай галіне, трапіў у няміласць на радзіме і нават, паводле некаторай інфармацыі, быў вымушаны пакінуць тэрыторыю Беларусі. Прычыны, чаму прызнаны ў свеце спецыяліст з 40-гадовым досведам, вымушаны быў сысці з пасады кіраўніка «Белгархімпрама», прадаць акцыі (акцыі прыватных акцыянераў інстытута дасталіся «Беларуськалію») і шукаць працу ў Расеі, пакрытыя таямніцай. Пагаворваюць, што ягоны лёс вырашыўся падчас размовы прэзідэнтаў Беларусі і Туркменістана. На працягу 2010-2012 гадоў «Белгархімпрам» выступаў генпадрадчыкам асваення ў гэтай сярэднеазіяцкай краіне Гарлыкскага радовішча калійных соляў.

У лістападзе мінулага года з'явілася інфармацыя аб затрыманні Анатоля Смычніка ў аэрапорце, калі навуковец прыляцеў у Менск з Калінінграда. Нібыта нагодай стала менавіта туркменскае мінулае. Праўда, праз некаторы час ён быў адпушчаны.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках