24 лiстапада 2024, Нядзеля, 13:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леанід Судаленка: На мяжы цяпер могуць кожнага праверыць «на экстрэмізм»

4
Леанід Судаленка: На мяжы цяпер могуць кожнага праверыць «на экстрэмізм»
Леанід Судаленка
ФОТА: «Радыё Свабода»

Гомельскі праваабаронца абскардзіў у судзе дзеянні памежнікаў і мытнікаў, якія неабгрунтавана ўжылі супраць яго на мяжы асабісты надгляд.

Як паведамляе БелаПАН, праваабаронца Леанід Судаленка накіраваў 25 красавіка старшыні Гомельскага абласнога суда заяву аб прынясенні пратэсту на пастанову суда аб грамадзянскай справе, бо раённы суд адмовіў яму ў задавальненні пазову, а касацыйная інстанцыя пакінула пастанову першай інстанцыі ў дзеянні. Заяўнік просіць праверыць законнасць і абгрунтаванасць судовых пастаноў і прынесці пратэст у парадку нагляду аб іх скасаванні.

У жніўні 2015 года Леанiд Судаленка вяртаўся з літоўскай сталіцы на цягніку Вільня - Менск. У пункце пропуску «Гудагай» у супрацоўнікаў памежнага камітэта паўсталі прэтэнзіі да праваабаронцы, сутнасць якіх яны не патлумачылі, але прапанавалі выйсці з цягніка ў Маладзечне. Яго знялі з цягніка з ужываннем фізічнай сілы, правялі асабісты дагляд.

Праваабаронца мяркуе, што ягоныя правы парушаныя, а асабісты дагляд быў ужыты з прычыны існавання «чорных спісаў» на мяжы, што з'яўляецца парушэннем закона, адвольным абмежаваннем канстытуцыйных правоў. У матэрыялах справы маецца пісьмовае заданне мытным органам на правядзенне ў дачыненні да Леаніда Судаленкі асабістага дагляду з указаннем - «наяўнасць электронных носьбітаў інфармацыі на прадмет наяўнасці на іх інфармацыі экстрэмісцкага зместу». Праваабаронца не атрымаў на судзе адказу на пытанні, на якой падставе супрацоўнік памежнага камітэта выпісаў гэтае заданне і на якой падставе ён змог вызначыць мытні канкрэтнае заданне.

На судзе адказчыкі (прадстаўнікі памежнай і мытнай службаў) патлумачылі, што «выключныя захады мытнага надгляду» былі ўжытыя, бо пасажыр нерваваўся, перасякаў мяжу ў адзіноце, меў мінімум ручной паклажы і знаходзіўся ў Літве непрацяглы час.

«Аналагічную выснову зрабіла і судовая калегія. Судовыя інстанцыі абавязаныя былі ўстанавіць, але не ўстанавілі, на падставе якога нарматыўна-прававога акта падазрэнні ў дачыненні да нервовага пасажыра, які перасякае мяжу ў адзіноце з мінімумам ручной паклажы і які знаходзіўся за мяжой непрацяглы час, з'яўляюцца падставай для правядзення ў дачыненні да яго асабістага мытнага кантролю», - звяртае ўвагу праваабаронца.

Ён дадае, што прадстаўленыя на судзе мытнікамі і памежнікамі дакументы пацвярджаюць той факт, што ў дачыненні да асабістых звестак праваабаронцы ў аўтаматызаванай сістэме памежнага кантролю занесеная мадыфікацыя з канкрэтным загадам, які характарызуе яго як экстрэміста. Але судовыя інстанцыі не змаглі даць ніякай ацэнкі гэтаму доваду.

«Адмова судовых інстанцый ацаніць пералічаныя довады і факты носіць відавочна адвольны характар, які я расцэньваю па сваёй сутнасці як адмову ў правасуддзі. Чаму нервовага пасажыра правяраюць на экстрэмізм, а не на наяўнасць, да прыкладу, наркотыкаў, зброі? Хто вызначыў, што трэба ў мяне шукаць? Яны пішуць пра нейкія профілі рызык, а ў законах такога нідзе няма, гэта ўзятае з інструкцыі, якая носіць грыф «Для службовага карыстання». Такія дакументы нельга распаўсюджваць на грамадзян. Ніхто не сумняваецца ў існаванні чорных спісаў на мяжы, але прызнаць баяцца», - пракаментаваў Леанід Судаленка.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках