26 красавiка 2024, Пятніца, 23:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Намеснік кіраўніка АГП заявіў у ААН аб умяшанні ў асабістае жыццё

4
Намеснік кіраўніка АГП заявіў у ААН аб умяшанні ў асабістае жыццё
ВАСІЛЬ ПАЛЯКОЎ
ФОТА: DW.DE

Намеснік старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі Васіль Палякоў накіраваў 2 красавіка скаргу ў Камітэт ААН правоў чалавека.

Палітык кажа, што парушаныя ягоныя грамадзянскія і палітычныя правы, а калі ён звярнуўся ў суд, дзяржава адмовіла яму і ў правасуддзі.

У скарзе Палякоў пералічвае сістэматычную цягам 2014-2015 гадоў дыскрымінацыю на дзяржаўнай мяжы, калі памежнікі і мытнікі, адвольна ўмешваючыся ў ягонае асабістае жыццё, ладзілі зневажальныя працэдуры асабістых надглядаў, паведамляе «Гомельская праўда».

«Як толькі памежнікі правяралі пашпарт сканэрам, яны тут жа дакладвалі начальству, потым з'яўлялася мытня, патрабуючы ў прымусовай форме пакінуць цягнік або аўтобус, на якіх я ехаў праз дзяржмяжу. Прымушалі зняць адзенне, часам даводзілася здымаць нават абутак і шкарпэткі. Аднойчы ў нацыянальным аэрапорце «Менск» мне давялося літаральна бегчы да самалёта з багажом у руках», - успамінае палітык.

Палякоў кажа, што ён заявіў старшыні памежнай установы аб дыскрымінацыі і адвольным умяшанні ў асабістае жыццё, патрабуючы пісьмовых тлумачэнняў.

«Памежная ўстанова адказала, што інфармацыя ў дачыненні да маёй асобы з'яўляецца сакрэтнай, фактычна парушыўшы яшчэ і права на атрыманне інфармацыі, якая закранае мае правы. А калі я прыйшоў у суд Ленінскага раёна Менска, раённы суддзя адмовіўся распачаць справу, фактычна адмовіў мне ў правасуддзі. Перад тым, як звярнуцца ў ААН, я прайшоў усе сродкі прававой абароны, уключаючы Вярхоўны суд і Генеральную пракуратуру, што наўпрост сведчыць аб адсутнасці ў краіне механізмаў, здольных абараніць канкрэтныя правы чалавека», - заяўляе намеснік старшыні АГП.

Праваабаронца Леанід Судаленка, які ўдзельнічаў у падрыхтоўцы звароту ў Камітэт ААН, кажа, што гэта першая скарга з Беларусі пра адвольнае ўмяшанне дзяржаўных агентаў у асабістае жыццё канкрэтнага чалавека.

Праваабаронца падкрэслівае, што летась яму таксама давялося пачаць стратэгічную цяжбу з дзяржавай у сувязі з дыскрымінацыяй на дзяржаўнай мяжы і адвольным умяшанні ў ягонае асабістае жыццё.

Супольна з Васілём Паляковым яны ў інтэрнэце арганізавалі акцыю салідарнасці, у выніку якой 90 чалавек напісалі на адрас памежнага камітэта запыты з патрабаваннем растлумачыць тое, што адбываецца на дзяржаўнай мяжы.

«Спробы палітызаваць надгляды ў рамках памежнага або мытнага кантролю, звязаць іх правядзенне са спецыфікай прафесійнай або грамадскай дзейнасці асобных катэгорый грамадзян у большай ступенi выяўляюцца формамі ціску на службовых асоб у пунктах пропуску і імкненні прысвоіць выдуманае права імунітэту без усялякіх на тое юрыдычных падстаў», - адказаў грамадзянам старшыня Памежнага камітэта Леанід Мальцаў.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках