24 траўня 2024, Пятніца, 9:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Бяссмертны: Беларускі народ заслугоўвае права быць часткай еўрапейскай сям'і

10
Бяссмертны: Беларускі народ заслугоўвае права быць часткай еўрапейскай сям'і
Раман Бяссмертны
ФОТА: PHL

Пасля 2010 года Лукашэнка і ягоныя падначаленыя не маюць права знаходзіцца ва ўладзе.

«Белсат» апублікаваў адкрытае інтэрв'ю з бескампрамісным экс-амбасадарам Раманам Бяссмертным, якога адклікалі з Менска пасля крытыкі Лукашэнкі за разгон Плошчы-2010.

- Вы больш за год прапрацавалі надзвычайным упаўнаважаным амбасадарам у Беларусі. Які вы запомнілі нашу краіну і беларусаў?

- Гэта таленавіты народ і выбітная культура. Калі б не гэтая ўнутраная боль за тое, што адбываецца з мовай, бо я размаўляю па-ўкраінску, мае дзеці вучацца ва ўкраінскай школе, таму стаўленне да беларускай мовы мяне ўразіла. Калі я пачаў чытаць беларускую літаратуру, мне стала балюча за становішча Беларусі. І гэтая боль мяне ніколі не пакідала пасля таго, як я перасякаў беларускую мяжу. Людзі, культура, традыцыі - гэта галоўнае. А ўлада і істэблішмэнт - гэта ўсё часовае. Беларускі народ заслугоўвае права быць часткай еўрапейскай сям'і.

- Ці справядліва называць сучасны дзяржаўны лад Беларусі «апошняй дыктатурай Еўропы»?

- З аднаго боку, у Беларусі ёсць кіраўнік і парламент або «палатка», як яго называюць беларусы. Але гэта ўсё ўмоўнае, бо сапраўдны гаспадар знаходзіцца ў Крамлі. Я разумею, чаму Лукашэнка дрыгае нагамі і робіць усе гэтыя жэсты, але адчуванні, што гэтую ўладу абралі беларусы, і ёю ніхто не кіруе - не. Беларускую ўладу тэстуюць прапановамі аб размяшчэнні вайсковай базы, вызначаюць, ці мае яна права прыватызаваць «Беларуськалій» ці не... Я неаднаразова чуў у беларускіх калідорах улады фразы: «А што вы сюды прыехалі ўзгадняць? Едзьце ў Маскву».

- Вы працавалі ў Беларусі ў 2010-м, калі выбарчая кампанія скончылася брутальным разгонам акцыі пратэсту. Тады вы асудзілі дзеянні ўлады. Што вы памятаеце з тых падзей?

- Цяжка забыцца пра тое пабоішча. Для мяне гэта было трагедыяй і прыдуманым уладай спектаклем з гэтым жалезам, пабітымі шыбамі. Але ў 2010-м я нават не мог уявіць, што адбудзецца ў 2013-2014 гадах у Кіеве. Я тады пракаментаваў Плошчу словамі, што на месцы Лукашэнкі Януковіч вылецеў бы, як корак з бутэлькі шампанскага. Я ўпэўнены, што незалежна ад таго, наколькі «моцная» ў Кіеве ўлада, яна ніколі не зможа падмяць пад сябе народ. Пасля 2010-га Лукашэнка і ягоныя падначаленыя не заслугоўваюць таго, каб знаходзіцца ва ўладзе.

- Тое, як вы пракаментавалі гэтыя падзеі, паўплывала на вашу кар'еру?

- Гэта была адна з прычын, з якой мяне вызвалілі ад пасады. Я рабіў сваю працу і не меў жадання глядзець у рот той ці іншай палітычнай сіле.

- Чаму ў Беларусі дагэтуль не прызначылі новага пасла Украіны?

- Гэтае пытанне трэба задаць кіраўніку ўкраінскага МЗС і прэзідэнту. Я, шчыра кажучы, не разумею, чаму яго няма. Магчыма, што гэта звязанае з перамоўным працэсам аб Данбасе ў рамках Менскай групы.

- Як бы вы вызначылі сённяшнія беларуска-ўкраінскія дачыненні?

- Ні міру, ні вайны. Я разумею і ўкраінскага прэзідэнта, і ўрад, якія не хочуць страціць тое, што маюць, але прапанаваў бы ім некалькі дзён пажыць у Менску і паглядзець ТВ, каб зразумець, з кім яны маюць справу. Усе размовы аб сяброўстве Беларусі і Украіны канчаюцца на зомба-скрыні, якую кантралюе Крэмль. Расейская тэлевізія робіць нас ворагамі.

- Як анэксія Крыма і вайна на Данбасе паўплывалі на беларуска-ўкраінскія стасункі?

- Стасункі абвастрыліся. Беларусы змагаюцца па абодва бакі. Але стаўленне да тых, хто змагаецца на ўкраінскім баку, адрозніваецца ад стаўлення да тых, хто ваюе за Расею. Паглядзіце, як КДБ здзекуецца з бацькоў Жызнеўскага. Пра што можна казаць, калі людзі, якія ваююць на расейскім баку, трэніруюць вашых піянераў, а тых, хто змагаецца за Украіну, абвяшчаюць ворагамі.

- Якія выгады прынеслі Лукашэнку Менскія перамовы аб Данбасе?

- Лукашэнка выціснуў з вайны паміж Украінай і Расеяй і Менскага працэсу ўсе, што толькі магчыма. Калі раней міжнародных рэйсаў з Менска было 5, то цяпер іх больш за 40. У кожным расейскім горадзе вы можаце знайсці беларускія крэветкі і трапічную садавіну. Гэта мой адказ на ваша пытанне. Я ўжо не кажу пра скасаванне еўрапейскіх санкцый. Для звычайнага беларуса - гэта добра. Але гэта павялічыць час паранаідальнага кіравання краінай Лукашэнкі.

- Ці можна ўважаць Менскія перамовы за эфектыўныя?

- Іх недастаткова, каб спыніць вайну. Неабходныя дадатковыя захады і рэканструкцыя Менскага працэсу. Я не веру, што гэтыя перамовы дазволяць усталяваць шырокамаштабны мір. Дай Бог, каб былі мінімізаваныя абстрэлы, і ўдасца дамовіцца аб скасаванні незаконна ўтрымоўваных людзей. У ўсіх астатніх пытаннях трэба шукаць іншыя фарматы.

- Ці ёсць рызыка, што Расея нападзе на Украіну з тэрыторыі Беларусі?

- Калі Расея захоча гэта зрабіць, то ў беларусаў ніхто пра гэта пытацца не будзе. Дарэчы, Еўропа сёння не разумее, што мае справу з Пуціным, які кіруецца логікай вайны, а не міру.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках