19 траўня 2024, Нядзеля, 23:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Памылачка выйшла: Доктар, якога збілі пры затрыманні, не вінаваты

49
Памылачка выйшла: Доктар, якога збілі пры затрыманні, не вінаваты
Дзмітрый Серада

СК паведаміў, што педыятр Дзмітрый Серада, якога ва ўласнай кватэры брутальна затрымала міліцыя, не датычны да злачынства.

Праверкай у факце затрымання менскага лекара Дзмітрыя Серады цяпер займаецца Следчы камітэт. Пра гэта паведаміла афіцыйная прадстаўніца СК Юлія Ганчарова.

«Заводскім (г. Менска) раённым аддзелам Следчага камітэта расследуецца крымінальная справа аб факце хуліганскіх дзеянняў, якія выявіліся ў дэманстрацыі палавых органаў жанчынам у лесапаркавай зоне, - гаворыцца ў паведамленні. - У мэтах усталявання асобы, якая ўчыніла гэтае злачынства, органам дазнання праводзіўся шэраг аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў, падчас якіх паступіла інфармацыя аб магчымым дачыненні Серады Д.І. да згаданага злачынства».

Далей гаворыцца пра тое, што «паказаны грамадзянін» быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі і дастаўлены ў раённы аддзел Следчага камітэта, дзе «следчыя цягам сутак вялі праверку інфармацыі, якая паступіла ад аператыўных службаў». У выніку віна затрыманага не была пацверджаная, і Дзмітрыя Сераду адпусцілі, паведамляюць naviny.by.

«Цяпер расследаванне хуліганства прадаўжаецца: дапытваюцца сведкі, праводзяцца экспэртныя даследаванні», - гаворыцца ў заяве СК.

У той жа час жонка Серады напісала ў следчыя органы скаргу на грубыя дзеянні супрацоўнікаў міліцыі пры затрыманні. «Цяпер наконт гэтай заявы праводзіцца даследчая праверка», - адзначае Следчы камітэт.

Як раней паведамляў сайт charter97.org, да праваабаронцаў звярнуўся лекар-педыятр Дзмітрый Серада, які жыве ў Менску з жонкай і маленькай дачкой.

Ён распавёў, што 4 жніўня каля васьмі раніцы, калі ўся сям'я яшчэ спала, у ягоную кватэру пачалі прабівацца невядомыя ў масках: без званкоў і тлумачэнняў сталі выбіваць уваходныя дзверы, а таксама спусціліся з даху і разбілі шыбу балконных дзвярэй на кухні.

Мужчына спрабаваў даведацца, што за людзі спрабуюць трапіць у ягоную кватэру і чаму, але невядомыя ўварваліся ў кватэру, паклалі Сераду тварам на падлогу, заламалі рукі за спіну, надзелі кайданкі.

На пытанні затрыманага: «Хто вы? Што адбываецца?» - ніхто нічога не адказваў. Потым хтосьці з гэтай групы сказаў цяжарнай жонцы Дзмітрыя, што яны з міліцыі, і праводзіў яе і дзіця ў іншы пакой. Як высветлілася, лекара падазравалі ў эксгібіцыянізме. Праз суткі яго вызвалілі, прызнаўшы недатычным.

Напісаць каментар 49

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках