27 красавiка 2024, Субота, 2:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Выйшаў на свабоду магілёўскі бізнэсовец, які адмовіўся прасіць Лукашэнку аб памілаванні

7
Выйшаў на свабоду магілёўскі бізнэсовец, які адмовіўся прасіць Лукашэнку аб памілаванні
СЯРГЕЙ ГАРАВЫ
ФОТА: "Радыё Свабода"

Прадпрымальнік Сяргей Гаравы пасля больш чым гадавога зняволення вызваліўся з СІЗА магілёўскай турмы №4.

Бізнэсовец адмовіўся пісаць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі. Сваёй віны ён не прызнаў і збіраецца на волі дамагацца справядлівасці, паведамляе «Радыё Свабода».

Гісторыя са зняволеннем Сяргея Гаравога стала вядомая дзякуючы ягонай жонцы Святлане Скібе. Яна распавяла Свабодзе пра тое, з чым сутыкнуўся яе муж і як выжывае ягоная сям’я, пазбаўленая падтрымкі.

Кастрычніцкі суд Магілёву прызнаў Сяргея Гаравога вінаватым ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва значнай суме і асудзіў на 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Сяргей аплаціў вызначаную судом шкоду 185 мільёнаў недэнамінаваных рублёў, але гэта не ўратавала бізнэсоўца ад турмы.

Калегія абласнога суду перагледзела пакаранне. Гаравы застаўся вінаватым, аднак пакаранне яму змякчылі да 2 гадоў і шасці месяцаў без накіравання ў папраўчыя ўстановы адкрытага тыпу. З улікам часу, які ён правёў у няволі, яго вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе. Яму забаронена цягам пяці гадоў займаць пасады, звязаныя з адміністрацыйна-гаспадарчымі і арганізацыйна-распарадчымі функцыямі.

У дзень вынясення новага выраку, 22 верасня, пасля 19 гадзінаў бізнэсовец выйшаў на свабоду. Яго сустрэла жонка ды сябры. Сяргей Гаравы быў у майцы з фатаздымкам сваёй сям’і. Пакуль Сяргей сядзеў у турме, у яго нарадзілася дачка. Яе ён бачыў толькі на фатаздымках.

Пазнаёмлюся з дачкой

«Першае, што я зраблю, калі прыйду да хаты, то абдыму сваіх дзяцей. Жонку ўжо абняў. Пазнаёмлюся з дачкой», — першымі словамі ў гутарцы з журналістам сказаў Сяргей Гаравы.

Што дапамагала выжыць у турме?

«Выжыць у турме дапамагалі родныя і блізкія, — казаў ён. — Іхняя ўвага. Сам я лічу сябе чалавекам з моцным духам і целам. Безумоўна, турма для мяне была выпрабаваннем, і я яго адолеў. Спадзяюся, што адолеў годна.

Сустрэча на волі

Ці было патрэбна такое выпрабаванне? Мяркую, што так. Значыць, так было трэба. Значыць, я яго заслужыў. Можа трэба было недзе спыніцца, агледзецца ў сваіх справах. Але ў кожным разе гэта досвед. Няхай ён і негатыўны. Цяпер я буду ведаць, як я буду дзейнічаць у бізнэсе. Спыняцца, аднак, не збіраюся. Буду ісці наперад».

Прадпрымальнікі ў турме

«Больш за палову тых, хто са мной сядзеў, праходзілі абвінавачванымі альбо былі асуджаныя за эканамічныя злачынствы», — адзначыў Сяргей Гаравы.

«Вызвалілі людзей пасля таго, як яны прызнавалі сваю віну, нават калі яны і не былі вінаватымі і выплачвалі прысуджаную шкоду. Выйсці іначай з турмы не было як. Але галоўнае пасля выплаты шкоды было прызнанне віны. Аднак не многім, як мне, пашанцавала. Адзінкам».

Просьбу аб памілаванні не напісаў, бо не вінаваты

«Пра памілаванне не прасіў, бо не лічыў сябе вінаватым», — даводзіў вызвалены бізнэсовец.

«Я ішоў да канца і пайду да канца. Яшчэ ёсць у мяне Вярхоўны Суд. Навошта мне атрымліваць эканамічны артыкул? А пагатоў, як мне давалі паперы падпісваць, яшчэ з канфіскацыяй маёмасці. За што?

Яны зрабілі так, што я выйшаў на свабоду, час, які я адседзеў у турме мне залічаны і цяпер яны могуць спакойна прыходзіць і забіраць маю маёмасць. Спадзяюся, што ў Вярхоўным Судзе мяне пачуюць».

Ці проста весці бізнэс у Беларусі?

«Я ў бізнэсе з 2001 году. Было ў мяне рознае, але такога самаўпраўства, з якім я сутыкнуўся, што выраблялі следчыя цяпер, што яны зляпалі супраць мяне (я не кажу пра дзеянні супраць тых асобаў, якія праходзілі па маёй справе, я адказваю толькі за сябе) — гэта самаўпраўства. Яны самаўпраўнічаюць беспакарана. Але я ўсё роўна буду дамагацца справядлівасці», — заяўляе Сяргей Гаравы.

Чаму апынуўся ў турме

«Я не ішоў на ўгоду са следствам, не прызнаваў віны, бо яе не было, — даводзіў журналісту Свабоды суразмоўца. — Следчы страшыў мяне: «Як не прызнаеш віну, паедзеш у турму. Як прызнаеш яе — будзеш пешшу хадзіць у суд». Я намагаў, што прызнаваць сябе вінаватым не збіраюся, бо я чысты быў перад законам.

Спачатку ў межах адміністрацыйнай справы мне прызначалі вялікую суму штрафу і ён не быў сплачаны цалкам. Частковая выплата штрафу прывяла да банкруцтва прадпрыемства. У мяне не было грошай на штраф. Я заяўляў, што не буду плаціць са сваіх асабістых сродкаў. Намагаў, каб бралі з прадпрыемства».

Следства: удзельнічаў у фінансавых махінацыях

Сяргей Гаравы быў дырэктарам фірмы «Элеста», якая займалася пастаўкай электраабсталяваньня. Паводле версіі следства, фірма Гаравога супрацоўнічала з падкантрольнымі арганізацыямі галоўнага фігуранта справы Пятра Акулава, якія займаліся незаконнымі фінансавымі аперацыямі: пераводзілі безнаяўныя грошы ў гатоўку і наадварот. Суд палічыў, што Гаравы ўхіляўся такім чынам ад выплаты падаткаў.

Адвакат: падабароннага абгаварылі

Адвакат на разглядзе касацыйнай скаргі намагаў на адсутнасці складу злачынства ў дзеяннях Сяргея Гаравога і прасіў вызваліць яго. Сваю пазіцыю абаронца аргументаваў тым, што яго падабаронны, фактычна, стаўся ахвярай абгавору Акулава. Гаравы не быў знаёмы з Акулавым, даводзіў адвакат.

«Чаму, — звяртаўся ён да судовай калегіі, — сотням кіраўнікоў арганізацыяў, з якімі супрацоўнічаў Акулаў, следства паверыла, а Гаравому — не?». Паводле адваката, галоўны фігурант справы быў 13 разоў дапытаны, і тады ён «не змог нават успомніць, хто такі Гаравы». «І раптам за месяц да сканчэння папярэдняга расследавання і перакваліфікацыі яму абвінавачання на больш мяккае Акулава прарвала, — даводзіў адвакат.

«19 чэрвеня 2015 году ён прыгадвае, хто такі Гаравы, а 24 чэрвеня дае абвінаваўчыя паказанні супраць майго падабароннага. Іх затым пацвярджае на вочнай стаўцы з Гаравым і развівае ў ходзе допыту 9 ліпеня. І гэта першыя абставіны, якія нельга не заўважыць ацэньваючы паказанні Акулава ў ракурсе іх паслядоўнасці».

Жонка: галоўны фігурант прызнаўся, што абгаварыў мужа

Сяргея Гаравога, са слоў ягонай жонкі, арыштавалі ў ліпені 2015 году. Святлана сцвярджае, што ў апошнім сваім слове Пётр Акулаў прызнаўся, што абгаварыў яе мужа.

Галоўны фігурант: 45,7 мільярда шкоды

Паводле следства, Пётр Акулаў займаўся незаконнымі аперацыямі да 2013 году, прыносячы ўладальніку даход у асабліва значнай суме. Ён асуджаны да шасці гадоў зняволення. Суд пастанавіў спагнаць з яго 45,7 мільярда рублёў незаконна атрыманага даходу. Калегія абласнога суда пакінула вырак Кастрычніцкага суда Магілёву ў дзеянні.

Тым часам калегія абласнога суду змякчыла прысуд яшчэ аднаму фігуранту справы — Дзмітрыю Максімкаву — з пяці год калоніі ўзмоцненага рэжыму да трох.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках