23 красавiка 2024, aўторак, 1:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сёння - Дзень беларускай вайсковай славы

35
Сёння - Дзень беларускай вайсковай славы

8 верасня 1514 года войска ВКЛ разграміла пад Воршай 80-тысячнае маскоўскае войска.

8 верасня ў Беларусі адзначаецца неафіцыйны Дзень беларускай вайсковай славы - у гэты дзень у 1514 годзе адбылася славутая бітва пад Воршай, у якой 30-тысячнае войска Вялікага княства Літоўскага пад камандаваннем гетмана Канстанціна Астрожскага перамагло 80-тысячнае войска Масковіі.

Пачатак 16-га стагоддзя быў асабліва цяжкім для нашай дзяржавы. Яна ўжо блізу двух дзесяткаў гадоў знаходзілася ў стане вайны з Масквой. У ліпені 1514 года капітуляваў Смаленск.

Каб замацаваць свой поспех, маскоўскі цар Васіль III паслаў вялікае войска ўглыб Беларусі - на Мсціслаў і Менск. Аднак насустрач яму ўжо рухалася наша войска і дапаможны польскі корпус. Сам кароль і вялікі князь Жыгімонт Стары быў пры сваім войску. Ён адправіў наперад трыццаць тысяч ваяроў пад кіраўніцтвам вялікага гетмана Канстанціна Астрожскага.

27 жніўня 1514 года Астрожскі барысаўскім гасцінцам падышоў да Бярэзіны і сустрэў на яе левым беразе пешыя маскоўскія палкі, якія ішлі ў бок Менска. Пад прыкрыццём гармат нашы воіны пераправіліся праз раку і адразу ўступілі ў бітву, а затым і разграмілі ворага. На наступны ж дзень авангард Астрожскага разбіў маскоўскую варту на берагах Бабра, а 1 верасня - на Друці.

Ваяводы Васіля III, не ведаючы, што ім супрацьстаіць толькі перадавы корпус войскаў ВКЛ, адвялі свае сілы за Днепр, каб даць генеральную бітву на зручным для сябе месцы. Восемдзесят тысяч маскоўскіх ратнікаў занялі пазіцыю на пагорках непадалёк ад Воршы, на захад ад ракі Крапіўна. Галоўны ваявода Іван Чаляднін размясціў свае палкі трыма выцягнутымі лініямі, пакінуўшы наперадзе прастору для Астрожскага. Гэта была ідэальная пастка для праціўніка, які рызыкне пераправіцца цераз Днепр - за спіной і на флангах рэчышча ракі, а па фронце ўзвышалася сцяна маскоўскіх ратнікаў.

7 верасня нашы войскі падышлі да Дняпра паблізу Воршы. Аднак пачынаць пераправу на відавоку, пад лучны боем, не мела сэнсу. Былі б вялікія страты, да таго ж маскоўскія ваяводы зразумелі б, што людзей у Астрожскага амаль утрая менш.

Каб заблытаць суперніка, гетман пусціў бродам толькі невялікую частку конніцы. Другая пераплыла раку пад прыкрыццём Аршанскага замка. Калі ж сцямнела, асноўныя сілы пайшлі ўверх па Дняпры і сталі перапраўляцца праз раку па пабудаванаму пантоннаму мосце каля вёскі Пашына. Вядома, на світанку рух войска ВКЛ быў заўважаны, але Чаляднін не пачаў атакі. Ён чакаў, калі наша войска пераправіцца цалкам, каб адным разам знішчыць яго і пераможна скончыць вайну. «Пачакаем, пакуль пераправяцца ўсе, - заявіў саманадзейныя маскавіт, - бо нашыя сілы настолькі вялікія, што мы без асаблівых намаганняў зможам разбіць гэтае войска, ці атачыць яго і гнаць, як быдла, да самай Масквы».

А тым часам Канстанцін Астрожскі рыхтаваўся да бітвы. Наперадзе ён паставіў два конныя палкі і пяхоту з агнястрэльнай зброяй. Коннікі размяшчаліся і ў другой лініі. Флангі трымала лёгкаўзброеная конніца. Аднак менавіта на правым краі гетман прыхаваў пад покрывам пяхоты артылерыю.

Бітва пачалася раніцай 8 верасня 1514 года. Астрожскі рушыў наперад строй коннікаў, правакуючы суперніка. Гэта падзейнічала на маскавітаў, і яны пайшлі наперад. Разгарэлася сеча. Крытычнае становішча склалася на левым флангу. Але нашы ваяры вытрымалі, а затым і пераламалі ход барацьбы на гэтым участку. Асабліва вызначылася пяхота з рушніцамі і цяжкаўзброеная конніца. Мужны гетман на баявым кані і з непакрытай галавой з першай хвіліны быў у самых адказных месцах. Кіраваў бітвай, натхняючы воінаў прыкладам і словам: «Гэй! Вось цяпер наперад, дзеці!». Выдатна праявілі сябе і іншыя камандзіры - Юры Радзівіл, Іван Сапега, Януш Свярчоўскі.

Іван Чаляднін, думаючы, што нашы асноўныя сілы скаваныя рубкай, узмацніў дзеянні свайго другога крыла. Армія Астрожскага, нібыта не вытрымаўшы націску велізарнай масы баярскай конніцы, пачала адступаць да лесу. Вось ён, жаданае імгненне перамогі! - думалі маскоўцы. Але нечакана «ўцекачы» расступіліся і нападнікі апынуліся перад артылерыяй і пяхотай з рушніцамі. Залпы ва ўпор неслі ў шчыльных шэрагах маскавітаў жахлівыя спусташэнні. І маскоўскае войска паказала спіну, кінулася ратавацца адчайным уцёкамі. А за імі, секучы, рушыла наша імклівая конніца. Асабліва лютая сеча была на рацэ Крапіўне. Як сцвярджалі сучаснікі, крывавая рэчка замарудзіла свой бег ад мноства цел чужынцаў.

«И бысть неспособие Божие москвовитам» - бедаваў потым маскоўскі летапісец. Ды такое «бяда», што блізу паловы войска Васіля III лягло на аршанскіх палях, патанула ў Дняпры і Крапіўне. Нашы ж страты налічвалі менш за паўтысячы забітымі. У рукі пераможцаў трапіў маскоўскі абоз, агнястрэльная зброя, усе баявыя сцягі. 20 тысяч захопленых коней і палову абозу Астрожскі загадаў раздаць сваім воінам. Сярод больш за пяць тысяч палонных былі і амаль усе ваяводы, у тым ліку сам Іван Чаляднін.

Аршанская перамога ў той раз не вярнула Вялікаму княству Літоўскаму захопленага Смаленска. Але яна стала яркай старонкай беларускай вайсковай гісторыі. Заняла адно з першых месцаў у шэрагу бліскучых трыумфаў нашай зброі.

Вестка пра Аршанскую перамогу разнеслася па ўсёй Еўропе. Яна трапіла на старонкі многіх хронік і летапісаў. Створаны маскоўскім царом Васілём III альянс з еўрапейскімі кіраўнікамі супраць Вялікага княства Літоўскага адразу ж распаўся.

Пазней, пасля таго як наша краіна страціла незалежнасць, акупанты 200 гадоў рабілі ўсё магчымае, каб народ забыўся Воршу. Але з пачатку 90-х гадоў беларускія патрыёты праводзілі святочныя мерапрыемствы на Крапівенскім полі пад Воршай.

Сёлета з нагоды 502-й гадавіны перамогі беларускай зброі ў Менску пройдзе некалькі святочных мерапрыемстваў.

З раніцы ў цэнтральнай сядзібе БНФ (Менск, вул. Чарнышэўскага, 3) пачне працу выстава фатаграфій пра тое, як адзначаўся Дзень беларускай вайсковай славы ў беларускай сталіцы ў 90-я гады ХХ стагоддзя. Экспазіцыя падрыхтавана Цэнтрам даследавання грамадзянскай супольнасці на падставе матэрыялаў фатографа Уладзіміра Сапогава, які пайшоў з жыцця чатыры гады таму.

Партыя БНФ таксама правядзе сёння святочны мітынг. Акцыя пачнецца а 18:00 на пляцоўцы перад Нацыянальным акадэмічным тэатрам оперы і балета па адрасе: плошча Парыжскай камуны, 1.

У рамках акцыі гісторыкі распавядуць пра значэнне перамогі пад Воршай, палітыкі і грамадскія дзеячы дадуць ацэнку сённяшнім пагрозам нацыянальнай бяспекі Беларусі, выступяць беларускія барды.

Акцыя не патрабуе спецыяльнага дазволу ўладаў, у сувязі з правядзеннем у краіне так званых "выбараў".

Актывісты «Маладога фронту» заклікаюць а 18:00 прыйсці да расейскай амбасады ў Менску, дзе адбудзецца акцыя «Атрымалі пад Воршай, атрымаеце і пад Веткай!».

Як сказаў «Радыё Свабода» лідар «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч, назва акцыі тлумачыцца тым, што «беларускі раённы цэнтр Ветка знаходзіцца каля мяжы з Расеяй, і менавіта з таго боку зараз сцягваюцца войскі РФ».

«Перамога беларускай зброі ў 1514 годзе на шмат дзесяцігоддзяў спыніла імперскія памкненні Масквы. Праз паўтысячы гадоў пасля паразы пад Воршай Масква зноў прагне крыві і суседскіх земляў. Сёння як ніколі актуальныя словы героя Беларусі Кастуся Каліноўскага: «Народзе, тады толькі зажывеш шчасліва, калі над табой маскаля ўжо не будзе!» Таму мы заклікаем адзначыць 502-ю гадавіну бітвы пад Воршай - Дзень беларускай вайсковай славы! Нагадаем Расеі, што яе чакае, калі яна паспрабуе рэалізаваць у Беларусі свае імперскія комплексы», - заявіў Зміцер Дашкевіч.

6 верасня каля Веткі актывісты «Маладога фронту» зладзілі перфоманс - капалі ў лесе акопы. «Мы наважылі правесці акцыю, якой прадэманструем, што межы Беларусі трэба абараняць у першую чаргу з усходу», - сказаў Зміцер Дашкевіч.

Сайт charter97.org віншуе сваіх чытачоў з Днём беларускай вайсковай славы і жадае, каб гераічны прыклад нашых продкаў натхняў беларусаў на барацьбу за свабоду і незалежнасць.

Напісаць каментар 35

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках