28 траўня 2024, aўторак, 8:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расейскія танкісты: Мы да вашага Лукашэнкі ў госці прыехалі

149

Журналісты пабывалі ў лагеры 28-й брыгады РФ у Клінцах, каля беларускай мяжы.

Цягам мінулага тыдня не сціхла інфармацыйная хваля вакол перадыслакацыі 28-й асобнай мотастралковай брыгады Узброеных сіл Расеі з Урала ў Клінцы - мястэчка за 40 км ад мяжы з Беларуссю і за 120 кіламетрах ад Гомеля. Вядома, што афіцэры брыгады набылі значны баявой досвед у шэрагу кампаній: ад Другой чачэнскай і Цхінвалі да Сірыі. Танкі, «Грады» і некалькі тысяч жаўнераў за 40 км ад мяжы з Беларуссю - чаго трэба ад іх чакаць?

Карэспандэнт «Радыё Свабода» адправілася ў лагер у Клінцах Бранскай вобласці, куды на мінулым тыдні прыбылі расейскія войскі.

Аўтар расследаванняў на сайце Informnapalm Дзяніс Івашын упэўнены: армія размяшчаецца ўздоўж мяжы з разлікам менавіта на Беларусь, а не на Украіну, бо праз Клінцы праходзіць аўтамагістраль Гомель - Бранск і чыгунка Гомель - Унеча, а з Украінай такога транспартнага злучэння тут няма.

Івашын нагадвае, што для дэстабілізацыі абстаноўкі ў асобным рэгіёне не абавязкова павінны масава ўрывацца войскі, і прыводзіць прыклад Крыма. Выклікае асцярогу і тое, што байцы 28-й мотастралковай брыгады былі заўважаныя ў баявых дзеяннях на Данбасе - фота адтуль яны выкладвалі прама ў сацсетку.

Паводле расследавання блогераў, «у 2014 годзе расейскія войскі абстрэльвалі ўкраінскія тэрыторыі з выкарыстаннем тэхнікі «бадзяжных батарэй» - «Грады» працавалі як з памежных раёнаў Растоўскай вобласці, так і з украінскай тэрыторыі, заязджаючы туды ненадоўга і адыходзячы адразу назад за кардон.

«Хутка нешта будзе»

На чыгуначным вакзале ў Клінцах у вочы адразу кідаецца танкавая калона. З дзесятак баявых машын стаяць за лічаныя метры ад месца, дзе спыняецца цягнік.

«Дык гэта да нас частку з Екацярынбурга перавялі на днях - у горадзе толькі і гутарак, што пра вайскоўцаў. Падзея стагоддзя».

А кіроўца ў таксі упэўнена распавядае: «Нарэшце будуць народ абараняць па-чалавечы! Як ад каго? Ад NATO, зразумела. І ад украінцаў, калі тыя палезуць. Украіна побач - гэта вялікая небяспека. Раней у Клінцах заўсёды стаялі падраздзяленні, потым грошы скончыліся, і іх прыбралі. Зараз аднаўляюць: кажуць, да канца года 7 тысяч жаўнераў прыедзе. Ракетныя войскі, верталётчыкі, пяхота - усе будуць. Не толькі ў Клінцах, але і ў Навазыбкаве, бліжэй да вас. Пакуль няма вайны, то добра. А як пачнецца - куды ж вы дзенецеся?»

Сапраўды, мястэчка Навазыбкаў - за дзесяць хвілін язды ад мяжы. На гэтым фоне дзіўна гучыць заява Дзмітрыя Пяскова, які назваў перабольшаннем інфармацыю пра ўзмацненне групоўкі войскаў на беларускім напрамку і «абсурднымі» - звесткі аб актыўнасці на памежжы.

«Па горадзе ходзяць чуткі, быццам чакаецца нейкая правакацыя ад украінцаў: яны нас справакуюць, Расея будзе вымушана адказаць, а сусветнай супольнасці зноў выставяць Расею агрэсарам. А наконт хлопцаў з Урала - то яны тут усяго тры дні, а ўжо да дзевак Клінцоўскім прыстаюць, непрыгожа сябе паводзяць», - распавядае дзяўчына-студэнтка.

Аналіз сацыяльных сетак (лакальнай групы «Укантакце») выяўляе агульную занепакоенасць жыхароў рэгіёну. У каментарах пішуць: «Мне страшна... Няўжо нешта будзе?», «Няўжо я і мая сям'я можам загінуць?». Людзі звяртаюцца да вайскоўцаў, каб тыя іх супакоілі: «Падкажыце, можа варта з'ехаць куды далей ад мяжы?»

Пакуль насельніцтва нервуецца, жаўнеры тэрміновай службы спецыфічна жартуюць у той жа групе, выкладваючы фота танкаў: «Тэхніка гатовая да бою! Ідзем захопліваць Нямеччыну».

Вечарам мясцовы правадыр журналістаў сказаў, што вайскоўцы пастаянна ходзяць у горад «у самаволку», без ведама камандавання, і параіў зазірнуць у клуб «Падкова», каб пагутарыць з імі ў неафіцыйнай атмасферы. Там мы сустракаем некалькі кадравых афіцэраў пяхоты, апранутых «па форме». Пазнаёміліся з маёрам С. Ён садзіцца на ганак і павольна запальвае цыгарэту, гледзячы ўдалячынь: «Ведаеце, што самае страшнае? Атрымаць загад №1. Памятаю, як у Растове былі - днямі чакалі невядома чаго. Цябе не пытаюцца - проста пасылаюць, і ўсё».

«Лукашэнка пачаў на Захад паглядаць, вось дзядзька Вова і наважыў яго напружыць. Пакуль балансуе паміж двума зэдлічкамі. Мы вайны не жадаем, але яму не рэкамендавалі пускаць NATO. Тут да Гомеля ехаць менш за дзве гадзіны, а да мяжы 40 кіламетраў. Якая ўжо розніца? Лічы, мы да вашага Лукашэнкі ў госці прыехалі. А ведаеш, якая прыцэльная далёкасць у «Граду», напрыклад?», - кажа маёр.

Маёр С. упэўнены: расейская база ў хуткім часе з'явіцца ў Беларусі: «Гэта для вас Лукашэнка на публіцы кажа, што не. А між сабой яны даўно дамовіліся, проста чакаюць зручнага моманту. А вы што, хочаце, каб NATO прыйшло?!».

Маёр - ветэран другой чачэнскай вайны. Трапіў у 18 гадоў у Аргунскую цясніну, выжыў і вырашыў застацца ў войску. Пазней прайшоў Паўднёвую Асецію. Яго сябар, старэйшы лейтэнант, нядаўна быў у Сірыі. Старшы сяржант Е. пацвердзіў, што шмат хто з прысутных ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях:

«Так нас да 2007 года доўга не думалі, куды пасылаць. Без пытанняў - у Чачню. Я фатаграфіі чачэнскія дагэтуль нават жонцы не паказваў. Страшна было згадваць».

Аб Сірыі вайсковец распавядае, нібы апраўдваючыся: «Не, ну а што? У Сірыі ж усё афіцыйна, не як з Украінай!»

Праз дзве гадзіны сцямнела, вячэра скончылася, і афіцэры замовілі гарэлкі. Калі тая была выпіта, кампанія выклікала таксі ехаць у лазню. Старлей гучна скардзіўся: грошы прайграў на спартыўных стаўках, цяпер няма чым расплаціцца з кіроўцам.

Раней СМІ пісалі: вайскоўцы жывуць у мабільных палатках. Але ніякіх намётаў на месцы не было. На зямлі, паміж БТРам і танкам, чатыры вайскоўцы спяць прама на зямлі, нават без спальных мяшкоў. Паміж імі дагарае вогнішча, вакол ходзяць сабакі.

Разгаварыліся з паставым - 18-гадовым жаўнеам тэрміновай службы. Хлопец падышоў і сам пачаў распавядаць амаль шэптам:

«Нас наогул ніяк не рыхтавалі да пераводу сюды! Ні лекцыі па ідэалогіі, ні адмысловага сходу перад ад'ездам. І мы ходзім у самаволку, і кантрактнікі ходзяць. Як вяртаемся на базу - ведаеце, чым займаемся? Бачыце металічны дрот, якім лакаматыў прывязваюць да рэек? Мы на загад прапаршчыка гэты дрот адразаем і прадаем у горад. Пасля купляем усё, што яму трэба, цыгарэты, ежу. Падумайце толькі - жыве за наш рахунак! А нам добра, калі адзін сухі паёк на траіх. У дарозе так на пецярых адзін давалі. Увогуле служыць падабаецца, вядома, тут весела... Заўсёды хацеў у войска, таму што я патрыёт».

У расейскім Міністэрстве абароны перадыслакацыю 28-й асобнай мотастралковай брыгады называюць «адным з крокаў у адказ на павелічэнне інтэнсіўнасці вучэнняў NATO». Мінабароны Беларусі адмовілася каментаваць сітуацыю.

Напісаць каментар 149

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках