6 траўня 2024, панядзелак, 22:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сёння нарадзіўся Антон Луцкевіч

2
Сёння нарадзіўся Антон Луцкевіч
АНТОН ЛУЦКЕВІЧ

Разам з братам Іванам Антон Луцкевіч лічыцца адным з пачынальнікаў беларускага нацыянальнага руху пачатку 20 стагодзьдзя.

17 студзеня 1884 году нарадзіўся Антон Луцкевіч, палітычны і грамадзкі дзяяч, гісторык і літаратуразнаўца.

Разам з братам Іванам Антон Луцкевіч лічыцца адным з пачынальнікаў беларускага нацыянальнага руху пачатку 20 стагодзьдзя, нагадвае «Радыё Свабода».

Антон Іванавіч Луцкевіч паходзіў з шляхецкага роду герба «Навіна».

У 1902 скончыў Мінскую губернскую гімназію. Вучыўся на фізіка-матэматычным факультэце Пецярбургскага ўніверсітэта, юрыдычным факультэце Дэрпцкага ўніверсітэта. У 1903 годзе стаў адным з заснавальнікаў Беларускай работніцкай грамады.

За рэвалюцыйную дзейнасць Антон Луцкевіч быў арыштаваны ў Мінску ў 1904 годзе, пры ім была знойдзена партыйная літаратура. Неўзабаве Луцкевіч быў выпушчаны на волю, але з пазбаўленнем права пакідаць горад.

У лютым 1906 сумесна з братам Іванам Антон Луцкевіч пераехаў у Вільню. Там яны адразу перайшлі на нелегальнае становішча, бо распачалося следства ў справе замаху на мінскага губернатара Паўла Курлова.

Замах здзейснілі сацыяліст-рэвалюцыянер Іван Пуліхаў і сёстры Ізмайловіч, якія былі частымі гасцямі на мінскай кватэры Луцкевічаў, таму апошнія аўтаматычна падпадалі пад падазрэнне. Ёсць звесткі, што з віленскімі кантактамі Луцкевічам дапамог Вацлаў Іваноўскі, іх супрацоўнік па пецярбургскай студэнцкай дзейнасці.

У Вільні Антон Луцкевіч працаваў у рэдакцый першых беларускіх газет «Наша доля» і «Наша ніва». Першы артыкул апублікаваў у 1906 у № 1 газеты «Наша доля». Супрацоўнічаў з выдавецтвам «Нашай нівы», з 1913 з Беларускім выдавецкім таварыствам. 3 1911 быў саўладальнікам Віленскай бібліятэкі-чытальні «Веды», а з 1914 году стаў яе адзіным ўладальнікам.

Пасля акупацыі Вільні ў 1915 нямецкімі войскамі ўзначаліў Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. Хутка Луцкевіч стаў адным з выдаўцоў беларускамоўнай газеты «Гоман». У 1915 разам з братам Іванам і паэтэсай Цёткай (Алаізай Пашкевіч) заснаваў Беларускую сацыял-дэмакратычную работніцкую групу (БСДРГ), а таксама ўзначаліў Беларускі народны камітэт (БНК).

У гэты ж час Антон Луцкевіч пачаў працаваць над геапалітычнай ідэяй Канфедэрацыі Вялікага Княства Літоўскага. У 1916 БНК ухваліў яго канцэпцыю Злучаных Штатаў ад Балтыйскага да Чорнага мора.

Пасля Лютаўскай 1917 году рэвалюцыі Антон Луцкевіч выказваўся за ўключэнне ў склад будучай беларуска-літоўскай дзяржавы ўсіх беларускіх зямель, за наданне дзяржаўнага статуса ўсім мясцовым мовам, школьнае навучанне на роднай мове. На Беларускай канферэнцыі 1918 году ён быў абраны старшынёй Віленскай беларускай рады (ВБР).

18 сакавіка 1918 году Луцкевіч быў кааптаваны ад ВБР у склад Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, быў ініцыятарам абвяшчэння незалежнасці БНР.

У верасні 1918 Рада БНР прызначыла Антона Луцкевіча старшынёй Народнага сакратарыята і народным сакратаром замежных спраў (з кастрычніка 1918 Старшыня Рады Народных Міністраў і міністр замежных спраў БНР). У верасні — пачатку кастрычніка 1918 году Антон Луцкевіч узначальваў беларускую надзвычайную дэлегацыю, якая наведала Украіну, сустракалася з гетманам Паўлам Скарападскім.

3 снежня 1918 году Рада і ўрад БНР на чале з Антонам Луцкевічам пераехалі ў Вільню, 27 снежня — у Гродна. Са снежня 1918 па сакавік 1919 году Антон Луцкевіч накіраваў ноты пратэсту польскаму ўраду супраць далучэння да Польшчы Беластоцкага, Бельскага і Аўгустоўскага паветаў. У канцы сакавіка 1919 перад пагрозай далучэння Гродзеншчыны і Віленшчыны да Польшчы ён і некаторыя сябры ўрада БНР выехалі ў Берлін.

У выгнанні Антон Луцкевіч дён амагаўся таго, каб прадстаўнікі БНР прынялі ўдзел у Парыжскай мірнай канферэнцыі. У Берліне склаў мемарандум, які быў уручаны старшыні канферэнцыі. Па запрашэнні міністра-прэзідэнта Польшчы Ігнацыя Падарэўскага Антон Луцкевіч выехаў з Парыжа ў Варшаву, дзе ў пачатку верасня 1919 быў інтэрніраваны.

1 снежня 1919 году Антон Луцкевіч вярнуўся ў Мінск, але не знайшоўшы паразумення з Польшчай, 28 лютага 1920 году падаў у адстаўку з пасады старшыні Рады міністраў БНР і выехаў у Вільню.

Там Антон Луцкевіч аднавіў выданне газеты «Наша ніва» (выйшла 9 нумароў). З 1921 году Луцкевіч быў старшынем Беларускага нацыянальнага камітэта ў Вільні і выкладаў у Віленскай беларускай гімназіі. У ліпені 1921 ён заснаваў Беларускую школьную раду, якая пазней злілася з Таварыствам беларускай школы (ТБШ).

У 1922 годзе Антон Луцкевіч узначаліў у Вільні Беларускі цэнтральны выбарчы камітэт, распрацаваў тактыку і структуру Беларускага пасольскага клуба. Пасля ўтварэння ў 1925 Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ) працаваў у яе рэдакцыйным камітэце, куды быў запрошаны Сымонам Рак-Міхайлоўскім.

Антон Луцкевіч у віленскі перыяд двойчы арыштоўваўся польскімі ўладамі: спачатку ў кастрычніку 1927 ён быў абвінавачаны ў супрацоўніцтве з нямецкай і савецкай разведкай, але апраўданы судом у пачатку 1928 году. Гісторыя неўзабаве паўтарылася: у 1928 годзе Луцкевіча зноў арыштавалі яшчэ раз і зноў апраўдалі.

У канцы 20-х гадоў Антон Луцкевіч уступіў у канфлікт з Камуністычнай партыяй Заходняй Беларусі (КПЗБ). У сярэдзіне 1929 году яго выключылі з ТБШ, дзе камуністы мелі моцныя пазіцыі.

Камуністы вінавацілі Антона Луцкевтча ў нежаданні падтрысаць гвалтоўныя метады змагання з санацыйным рэжымам Юзэфа Пілсудскага і прыхільнасці да парламенцкіх метадаў барацьбы.

Незадавальненне КПЗБ выклікала і крытыка Луцкевічам нацыянальнай і аграрнай палітыкі, якую савецкае кіраўніцтва пачало ў БССР у1929 годзе, асабліва артыкул «Цень Азефа» (1930), дзе ён даў рэзка адмоўную характарыстыку Іосіфу Сталіну і яго атачэнню.

У 1930 польскія ўлады забаранілі дзейнасць Беларускага выдавецкага таварыства, якім кіраваў Антон Луцкевіч. У 1931 ён быў звольнены з работы ў Віленскай беларускай гімназіі.

Антон Луцкевіч стаў аб'ектам палітычных спекуляцый і нападаў. Напрыклад, дзеяч беларускага руху Фабіян Акінчыц крытыкаваў Луцкевіча за нібыта марксісцкі светапогляд. 3 абвінавачваннямі ў палітычных праліках выступілі ў друку і хрысціянскія дэмакраты.

У 1933—1939 беларускія газеты яго не друкавалі. Антон Луцкевіч выступаў пераважна ў газеце «Przeglad Wileński» («Віленскі агляд»), часопісе «Калоссе», «Гадавіку» Беларускага навуковага таварыства і фактычна адышоў ад палітычнай дзейнасці.

Пасля ўступлення ў Заходнюю Беларусь Чырвонай Арміі яго запрасілі на сход беларускай інтэлігенцыі.

Але ўжо 30 верасня 1939 Антон Луцкевіч быў савецкімі ўладамі ў Вільні і этапіраваны ў Мінск. Рашэннем Асобай нарады пры НКУС СССР 14 чэрвеня 1941 прыгавораны да 8 гадоў зняволення. Памёр у зняволенні (дакладная дата і месца смерці стала вядомая нядаўна). Наш славуты зямляк быў рэабілітаванытолькі ў 1989 годзе.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках