Мадонна бясплатна выступіла з канцэртам у Бразіліі
2- 6.05.2024, 21:25
- 5,092
Фанаты ляцелі з усяго свету і запоўнілі некалькі кварталаў Рыа.
Амерыканская спявачка Мадонна 4 траўня дала бясплатны канцэрт на пляжы Капакабана ў Рыа-дэ-Жанэйра ў гонар заканчэння свайго сусветнага турнэ The Celebration. На выступ 65-гадовай спявачкі прыйшлі паглядзець блізу 1,6 мільёна гледачоў. Падрыхтоўка пляцоўкі заняла тыдзень. Пра гэта паведамляе The Guardian.
Адзначаецца, што тэрыторыя вакол пляжу, дзе праходзіў канцэрт, была запоўненая на некалькі кварталаў, а сам раён ператварыўся ў вялізны танцпляц.
Напярэдадні канцэрту ўвесь горад гуў, фанаты выстройваліся ў чаргу каля гатэля Copacabana Palace у надзеі хоць мімаходам убачыць зорку. Аэрапорт горада прыняў блізу 170 дадатковых рэйсаў, якія дастаўлялі фанатаў артысткі з усяго свету.
Аднак, нягледзячы на ўражальную колькасць гледачоў, гэта сёмы паказнік у наведвальнасці для бясплатных канцэртаў, хоць і першы сярод жанчынаў.
Першае месца ў наведвальнасці сярод бясплатных канцэртаў дзеліць канцэрт Рода Сцюарта на пляжы Капакабана ў 1994 годзе (3,5 млн чалавек) і канцэрт Жаля Мішэля Жара ў Маскве ў 1997 годзе (3,5 млн чалавек).