27 красавiка 2024, Субота, 4:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дырэктар школы: Як здавалі грошы на ваду і харчаванне, так і будуць здаваць

71
Дырэктар школы: Як здавалі грошы на ваду і харчаванне, так і будуць здаваць

Забарона Мінадукацыі не паўплывае на школьныя паборы.

Бацькоўскім камітэтам афіцыйна забаранілі збіраць грошы ў школах і дзіцячых садках. Кіраўнікі ўстаноў распавялі tut.by, што зменіць забарона на паборы.

Як патлумачылі ў Міністэрстве адукацыі, збіраць сродкі па-ранейшаму можа апякунская рада. Прычым бацькі не павінны аддаваць наяўныя грошы, грошы будуць пералічвацца на рахунак установы адукацыі.

— Бацькоўскаму камітэту катэгарычна забаронена браць грошы ў бацькоў. Усё трэба рабіць афіцыйна праз апякунскую раду, якая таксама не мае права браць гатоўку. Бацька павінен пайсці ў банк і пералічыць пэўную суму на рахунак самой установы, — каментуе Юлія Ваніна, прэс-сакратарка Міністэрства адукацыі.

У сталічным дзіцячым садку кажуць, што наўрад ці з новымі зменамі адразу атрымаецца перайсці на безнаяўны разлік.

— У дзіцячых садках даўно грашовымі пытаннямі займаецца апякунская рада, бацькоўскага камітэта ў нас няма, — распавядае загадчыца менскага дзіцячага саду. — Бацькі па безнаяўным разліку пералічваюць грошы на рахунак упраўлення адукацыі, а ў ім выдзелена асобная ячэйка канкрэтнай установы. Наогул грошы наяўнымі даўно забаронена збіраць, хоць па факце іх усё роўна збіраюць, усё не можа ісці па безнаяўным разліку. Але як хутка закупіць туалетную паперу і ваду? Калі не будзе грошай, то апякунскай радзе трэба на сваім сходзе прыняць пастанову, вылучыць пэўную суму і заключыць дамову на пастаўку, напрыклад, вады. Вядома, у гэтым няма нічога складанага, калі ўсе дамовяцца паміж сабой, але трэба час.

У адной са сталічных школ патлумачылі, што адразу нічога не зменіцца.

— Як бацькі здавалі грошы на ваду, туалетную паперу, харчаванне, так і будуць здаваць. У гэтым плане нічога не мяняецца, бо ўсё гэта неабходна іх дзіцяці. Сапраўды гэтак жа, за кошт бацькоў працягнуць закупляць для школы, дакладней урокаў працы, неабходныя матэрыялы: крупы, ніткі, тканіны, — патлумачыў дырэктар сталічнай школы.

— Так што ж зменіцца?

— Усё ідзе да таго, каб ніякіх наяўных грошай не было і ўсё ішло праз разліковы рахунак. Як толькі ва ўстанове з'яўляецца свой разліковы рахунак, то апякунскую раду можна пераводзіць у грамадства з абмежаванай адказнасцю.

— І бацька будзе пералічваць на рахунак грошы на харчаванне школьніка?

— Хутка мы ўсе пяройдзем на картку навучэнца. На яе ж бацькі школьніка будуць пералічваць грошы, а ў школах з'явяцца прылады для счытвання — як у крамах. Паабедала дзіця, прыклала картку і з яе спісалася патрэбная сума. Гэтую ж картку школьнік будзе прыкладваць да валідатара, на ёй будзе адбівацца 0, затое ўсе паездкі будуць фіксавацца і бацька зможа бачыць кожны крок. Гэтая сістэма ўводзіцца для таго, каб бацькі больш не давалі наяўныя грошы і не абураліся, што хтосьці на гэтым награвае сабе рукі.

Напісаць каментар 71

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках