3 траўня 2024, Пятніца, 21:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сталі вядомыя падрабязнасці справы міліцыянта, які раскрыў канал вярбоўкі беларусаў у «ДНР»

49
Сталі вядомыя падрабязнасці справы міліцыянта, які раскрыў канал вярбоўкі беларусаў у «ДНР»

Міліцыянт з Горадні перайшоў дарогу калегу, пляменніцы і дачкі суддзі.

Каму перайшоў дарогу былы міліцыянт Міхаіл Куцко? Ягоная жонка ўважае, што галоўнай прычынай затрымання стала справа з Аленай Б., якая аказалася інспектарам у справах непаўналетніх у Шчучыне. Наталля каментуе для «Белсата» «Белсата» затрыманне Міхаіла Куцко.

«Наколькі я ведаю са слоў Міхаіла, пару месяцаў таму ён рэгістраваў адзін матэрыял аб парнаграфіі і патрапілася дзяўчына, якая з’яўляецца супрацоўніцай міліцыі і працуе ў справах з няпоўнагадовымі ў Шчучыне. На яе старонцы знаходзіліся ролікі парнаграфічнага характару. Як потым высветлілася, яе дзядзя – дзейсны суддзя, а бацька – былы суддзя. Міша распавядаў, што калі выклікаў яе да сябе, яна пачала плакаць, панікаваць, казаць, што мяне звольняць з працы, ці можна вырашыць гэтае пытанне неяк па-іншаму, пачала прапаноўваць грошы. А наконт хабараў у яго заўсёды была забарона. Наркотыкі і хабары гэта было для яго табу. Ён казаў, што прапанавала яна не ў адкрытую, а напісала на паперцы ў яго кабінеце знак долара. На што Міхаіл сказаў, што такімі справамі не займаецца».

Як распавядае Наталля, пасля гэтага яшчэ ў верасні Міхаіл ездзіў у Менск, дзе атрымаў ліст удзячнасці за адданую працу менавіта ў справах парнаграфіі, збіраўся аддаць гэтую грамату кіраўніцтву. Перад гэтым Алену Б. яшчэ раз выклікаў на допыт. Недзе а 10-й раніцы ў панядзелак ён далажыў начальству, што ёсць такая супрацоўніца міліцыі, у якой на старонцы ёсць парнаграфічныя ролікі, але ўнізе пасля справаздачы на яго ўжо чакалі супрацоўнікі.

«Яна, відаць, ужо ранкам пайшла і напісала на яго заяву, што ён патрабаваў з яе хабар. І пасля таго, як ён далажыў пра яе, яго адразу затрымалі. Начальнік яго выклікаў да сябе ў кабінет. Сказаў пісаць заяву на звальненне «на ўласнае жаданне». Казаў: «Ты разумееш, што працаваць тут табе ніхто не дасць?» А наш начальнік з начальнікам Шчучынскага РАУС у вельмі добрых стасунках». – распавядае Наталля.

Усё ж такі калі ў цябе тата і дзядзя суддзі…

«Ён не казаў, чаму яго падставілі, ён проста казаў, што гэта нейкая правакацыя з боку праваахоўных органаў. Магчыма, хацелі зарабіць сабе чарговую зорачку альбо проста сапраўды ў гэтай дзяўчыны вельмі шырокія плечы. Усё ж такі калі ў цябе тата і дзядзя суддзі… Гэты матэрыял па ёй яны выдалілі адразу са старонкі. Міша ўсё гэта скінуў на дыск і захаваў на кампутары. Пасля гэты матэрыял вазілі ў Менск на экспертызу і гэты ролік прызналі парнаграфічным. Яна на пачатку пагаджалася, што сама змяшчала ролік у інтэрнэце, потым змяніла паказанні і казала, што нехта ўзламаў яе старонку».

Як тлумачыць жанчына, пасля справы з Аленай Б. міліцыянта звольнілі з працы за прагул, хоць падчас адсутнасці на ўчастку, ён займаўся раскрыццём іншых спраў па наркотыках. Пасля звальнення Міхаіл Куцко знайшоў іншую працу і пэўны час быў намеснікам дырэктара адной з турыстычных фірмаў у Горадні. У пятніцу 20 студзеня яго ізноў выклікалі для высвятлення дадатковых абставінаў, пасля чаго былога міліцыянта затрымалі на 72 гадзіны паводле артыкула 430 Крымінальна кодэкса РБ.

Былі з вобшукам, нават у маразілку залезлі

«Я яму не магла датэлефанавацца цэлы дзень, вельмі перажывала. Пасля недзе а пятай увечары, ён сам патэлефанаваў і сказаў, што ў мяне праблемы. Я не зразумела нічога. Яго затрымалі і павезлі на дэтэктар ілжы. Былі з вобшукам у яго ў кабінеце і потым з вобшукам ужо прыехалі да мяне да хаты. Нават у маразілку залезлі, не ведаю, што яны там шукалі. Хачу сказаць, што гэтая кватэра асабіста мая і маіх дзяцей. Міхаіл у нас тут нават не прапісаны. Падчас вобшуку супрацоўнікі выпісалі ордэр на арышт маёй маёмасці. І калі, не дай Божа, яго асудзяць, мне прыйдзецца ў судзе даводзіць, што гэта сапраўды мая маёмасць. Бо гэты артыкул, па якім яго закрылі, 430, кваліфікуе пад сабой канфіскацыю маёмасці».

«Лавіць наркаманаў было ідэяй фікс з дзяцінства»

Спадарыня Наталля і Міхаіл Куцко жывуць разам два гады, шлюб маладая пара не рэгістравала. Да гэтага ў Міхаіла была іншая сям’я. Сама Наталля старэйшая за грамадзянскага мужа на 12 гадоў і мае сваіх дзяцей, але сцвярджае, што такіх моцных духам людзей, як Міхаіл, у жыцці ніколі не сустракала.

«Разумееце, з гадоў пятнаццаці, калі Міхаіл яшчэ вучыўся ў школе, ён ужо працаваў негалосным супрацоўнікам. Лавіць наркаманаў у яго было ідэяй фікс яшчэ з дзяцінства. Ён ішоў да гэтага вельмі доўга. Спачатку працаваў пазаштатным супрацоўнікам. Пасля працаваў кантралёрам у турме. Чакаў пакуль звольніцца пасада ў наркакантролі. І ён патрапіў менавіта туды, куды хацеў. Усё жыццё марыў быць на гэтай пасадзе. Калі мы пазнаёміліся, Міхаіл ужо працаваў. Для яго праца проста была ўсім. Ён марыў, ёю жыў. Хоць было шмат нюансаў. Вельмі цяжка яму было эмацыйна. Дома мы стараліся не размаўляць пра працу, але ён заўсёды мне казаў, што яму патрэбная мая падтрымка. Я падтрымлівала як магла. Калі нешта адбывалася і ён не хацеў нічога казаць, я не лезла, не пыталася. Ён сярод ночы мог ускочыць. Мог днямі сядзець у засадах і лавіць наркаманаў. Вельмі шмат працаваў у інтэрнэце менавіта па справах парнаграфіі, педафіліі і гандлю людзьмі».

«Ён быў тады жудасна падаўлены. Шчыра, я баялася пакідаць яго аднаго. Чалавек, які імкнуўся, які працаваў на карысць радзімы, быў самым лепшым супрацоўнікам у іх аддзеле, каторы даваў рэзультаты. Ён нават з тэмпературай 39 хадзіў на працу, ніколі бальнічных не браў. Была нейкая справа ў яго, расейцы нашых дзяўчат вывозілі на працу, яны іх затрымлівалі. Міша распрацоўваў гэтае затрыманне. І ён з тэмпературай 40 бег на гэтую працу, бо ўсе трэба было закончыць, каб усё было дакладна, усё ішло па плану, як павінна быць. Каб не ўпусціць гэтага чалавека з нашымі дзяўчатамі, каторых вывозілі за мяжу ў Кітай ці ў Тайланд».

«Начальнік заўсёды казаў: Куцко прыйдзе, «палак надае». А палкі гэта справы, якія яны паспяхова зрабілі. У мяне няма ніводнага супрацоўніка, каб так працаваў».

Абвінавачванням у адрас Міхаіла Куцко не верыць таксама яго сябар Алег, з якім Міхаіл пачынаў працу ў міліцыі сем гадоў назад.

«З міліцыі так проста не звольнішся. Міхаіл увогуле хутка павінен быў атрымаць званне Старэйшага лейтэнанта. Ён дзейнічаў паводле інструкцый. Я лічу, што гэтая супрацоўніца яго абылгала. У яе ёсць сувязі ў высокапастаўленых органах. Гэта спецыяльна было зроблена ўсё. Я яго ведаю з 2010-га года і толькі са станоўчага боку. Чалавек ведаў сваю працу. Ён ёю сапраўды жыў. Ніякіх хабараў ён браць не мог. Я спадзяюся, што справядлівасць пераможа і сітуацыя з Міхаілам павернецца ў іншы бок».

«Хто застанецца? Інпектары, якія распаўсюджваюць порна?»

Спадарыня Наталля ўпэўненая, што хабар яе грамадзянскі муж браць не мог.

«Нават думкі такой не можа быць. Яму 23 гады і ён усё сваё здароўе на працы паклаў. Ён выступаў у школах, каб бацькі сачылі за сваймі дзецьмі. Вы ведаеце, колькі ў нашым горадзе педафілаў? Гэта рэальна страшна. І калі такіх адданых супрацоўнікаў міліцыі прыбіраюць, то хто тады застанецца? Такія інспектары па справах з няпоўнагадоўвымі, якія распаўсюджваюць порна?» – абураецца жанчына.

Аказаўся ў турме, у якой сам працаваў

«Матэрыял той рэгістраваў сам Міхаіл. Яе дзядзя-суддзя сам столькі працаваў па гэтых матэрыялах, столькі людзей пасадзіў. А тут трапляецца яго пляменніца. І яны не знайшлі іншага выхаду, чым перакруціць сітуацыю і зрабіць так, што гэта не яна прапанавала хабар, а ён ад яе яго патрабаваў. Вы ўяўляеце, якая была б шуміха, калі б распачалі справу па распаўсюдзе парнаграфіі супраць супрацоўніцы міліцыі? Каму мы давяраем сваіх дзяцей? Як яна можа працаваць з дзецьмі, пры тым яшчэ ў якіх праблемы з законам? Чым яна можа дапамагчы такому дзіцяці, калі сама распаўсюджвае порна ў інтэрнэце? Наш адвакат кажа, што калі ён а 10-й ужо далажыў, то які можа быць хабар? Алене Б. назначаная была сустрэча ва ўчастку на вуліцы Гая. Там паўсюды відэакамеры. Гэта ён такі дурны, назначыў ёй сустрэчу пад відэакамерамі, каб рукой у камеру з хабарам памахаць? Гэта такая лухта».

Протокол ареста имущества Натальи

«Я не разумею, як так можна проста ўзяць і абылгаць чалавека. Я не ўяўляю, у якім Міша зараз стане. Ён зараз знаходзіцца ў турме на Кірава, дзе раней сам працаваў. Калі сталася гэтая бяда, ён сябе падстрахаваў. Ён пісаў скаргу ў міністэрства, аднак не атрымаў там станоўчага адказу. Ён бачыў, што тут пачынае нешта муціцца і на ўсялякі выпадак запісаў відэа, нібыта мае нейкія матэрыялы, якія кампраметуюць нашыя праваахоўныя органы. Ён адчуваў, што нешта не ладнае. Папярэдзіў мяне, каб я ведала. Потым ён з’ехаў на некаторы час. Яны гэтую справу цягнулі 3 месяца. Пасля яго прыкрылі і на ўсе мае пытанні, калі я тэлефанавала следчаму, ён мне заўсёды казаў: Вы – ніхто і я Вам не абавязаны нічога казаць. Менавіта рабіў акцэнт, што я – ніхто, аднак калі выпісвалі арышт на маю маёмасць рэзка аказалася, што я хтосьці…»

Афіцыйнае абвінавачванне будзе прад’яўлена былому міліцыянту ў чацвер 26 студзеня паводле артыкула 430 крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь («Атрыманне хабару»). Цяпер ён знаходзіцца пад вартаю ў гарадзенскай турме нумар 1 на вуліцы Кірава. Сам былы лейтэнант, прадчуваючы небяспеку запісаў відэа, у якім сцвярджае, што прычынай яго арышту стала імавернае раскрыццё каналу пастаўкі беларускіх жаўнераў у ДНР.

Напісаць каментар 49

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках