19 траўня 2024, Нядзеля, 21:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як беларусам прапануюць «заслужыць» пенсію

31
Як беларусам прапануюць «заслужыць» пенсію

Больш доўгі век улады падарылі беларусам на Новы год.

Прынамсі – працоўны. Сёлета пенсійны ўзрост павялічваецца на паўгода.

У 2017-м на пенсію выйдуць мужчыны, якім споўнілася 60 з паловай гадоў, і жанчыны ва ўзросце 55 з паловай.

«З улікам эканамічнай сітуацыі ў краіне лепш атрымліваць пенсію і працаваць. І цяпер хтосьці мае на гэта права, а хтосьці, высвятляецца, што не мае», – кажа жыхарка Менска.

«Я таксама пенсіянерка, падпрацоўваю. Бо за пенсію – два чатырыста, камунальныя паслугі, лекі – немагчыма жыць», – скардзіцца жанчына.

Як паведамляе «Белсат», улады тлумачаць неабходнасць гэтага кроку дэмаграфічнымі тэндэнцыямі: маўляў, людзей працаздольнага ўзросту становіцца ўсё менш і, адпаведна, менш адлічэнняў у пенсійны фонд. Спецыялісты, аднак, адзначаюць, што ў 2014 годзе, калі ўлады пачалі абмяркоўваць павелічэнне пенсійнага ўзросту, Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва быў яшчэ ў прафіцыце. Гэта значыць – грошай у яго было больш, чым трэба было выдаткаваць. У дэфіцыт ён рэзка выйшаў у 2015, і акрамя дэмаграфіі, асноўная прычына – беспрацоўе.

«Тут ёсць некалькі прычын. Дэмаграфічная, вядома, адна з найважнейшых. Але таксама адбіваюцца і іншыя абставіны. Па-першае, упалі тэмпы росту заробкаў. І з легальнага сектара эканомікі выйшла пэўная колькасць насельніцтва», – тлумачыць шэф-рэдактар «Эканамічнай газеты» Леанід Фрыдкін.

Значна мацней, чым павелічэнне пенсійнага ўзросту, па людзях, аднак, б'е рост так званага мінімальнага страхавога стажу. Да 2014 года адпрацаваць да пенсіі трэба было як мінімум пяць гадоў, потым – 10, праз год – 15, а летась стаж пачаў штогод прырастаць на паўгода. У некаторых краінах Захаду гэты тэрмін яшчэ большы. Але ў Беларусі, у адрозненне ад суседзяў, у яго не ўваходзіць служба ў войску, догляд за інвалідамі і шэраг іншых грамадска-карысных функцый. Чалавек, які пры дасягненні пенсійнага ўзросту не напрацаваў неабходнага страхавога стажу, можа разлічваць толькі на сацыяльную пенсію – істотна меншую, чым працоўная.

«Я думаю, што гэта ніяк не апраўдана. Калі можна паспрачацца наконт навучання ў ВНУ, то, калі мы лічым службу ў войску святым абавязкам грамадзян, значыць, трэба ставіцца да гэтага таксама дастаткова свята», – разважае Леанід Фрыдкін.

Паводле існага заканадаўства, штогадовы прырост пенсійнага ўзросту на паўгода павінен спыніцца па дасягненні 63-х гадоў для мужчын і 58-мі – для жанчын. Страхавы стаж перастане расці на 20-гадовым узроўні. Улады, аднак, не выключаюць, што гэтыя межы яшчэ давядзецца перагледзець.

Напісаць каментар 31

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках