26 красавiка 2024, Пятніца, 14:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зэканоміць на пенсіянерах усё роўна не атрымаецца

62
Зэканоміць на пенсіянерах усё роўна не атрымаецца

З 1 студзеня штогод на шэсць месяцаў будзе павышацца пенсійны ўзрост.

Павышэнне будзе адбывацца да дасягнення мужчынамі 63 гадоў, жанчынамі - 58 гадоў (раней пенсійны ўзрост для мужчын пачынаўся ў 60 гадоў, для жанчын - 55 гадоў).

Адначасова ў Беларусі за два года мінімальны працоўны стаж з абавязковай выплатай страхавых узносаў для налічэння працоўнай пенсіі павялічыўся з 5 да 15,5 гадоў. Па гэтай прычыне многія страцілі права на працоўную пенсію, піша «Берасцейская газета».

Пенсіянеры жывуць занадта доўга?

Пастанова аб павышэнні мінімальнага страхавога стажу да 20 гадоў прадыктавана дэмаграфічнымі зменамі: старэннем насельніцтва, павелічэннем агульнай працягласці жыцця і, адпаведна, перыяду атрымання пенсіі, растлумачыў намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Валерый Кавалькоў падчас анлайн-канферэнцыі ў пытаннях пенсійнага забеспячэння. З ягоных слоў, у будучыні беларусаў чакаюць чарговыя яго карэкціроўкі.

Сёння абавязковай умовай для атрымання працоўнай пенсіі па ўзросце і за выслугу гадоў з'яўляецца наяўнасць стажу працы з выплатай страхавых узносаў у бюджэт дзяржаўнага пазабюджэтнага Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва РБ. Пры выхадзе на пенсію ў 2016 годзе патрабаваўся страхавы стаж не менш 15,5 гадоў. З 1 студзеня 2017 года яго планка будзе штогод павялічвацца на 6 месяцаў, дасягнуўшы да 2025 года 20 гадоў. У 2017 мінімальны страхавы стаж складзе 16 гадоў, у 2018-м - 16,5 гадоў, у 2019-м - 17 гадоў і г. д.

Многія перыяды ў страхавы стаж не залічваюцца, да прыкладу, час догляду за інвалідам I групы. Калі чалавек не працаваў, ажыццяўляючы догляд за хворым сваяком, і яго страхавы стаж пры дасягненні пенсійнага ўзросту аказаўся ніжэйшым за мінімальны ў 15 гадоў і 6 месяцаў, то на працоўную пенсію ён прэтэндаваць не можа. У такім выпадку выплачваецца толькі сацыяльная пенсія: жанчынам - з 60 гадоў, мужчынам - з 65.

Намеснік міністра спаслаўся на тое, што ў эканамічна развітых краінах патрабаванні да стажу куды больш жорсткія. Напрыклад, для атрымання поўнай пенсіі ў Чэхіі патрабуецца мець 30 гадоў стажу з выплатай узносаў, у Францыі - больш за 41 год, у Бельгіі - 45 гадоў.

На думку начальніка галоўнага ўпраўлення пенсійнага забеспячэння Міністэрства працы Наталлі Мурашкевіч, патрабаванні ў суме страхавога стажу цалкам пасільныя. Эканамічна і сацыяльна яго павелічэнне абгрунтавана тым, што працоўная пенсія выплачваецца грамадзянам працяглы перыяд - у сярэднім больш за 20 гадоў, а жанчынам - блізу 26.

На пытанне, чаму перыяды догляду за дзецьмі і вучобы перасталі ўключацца ў страхавы стаж для пенсіі, прадстаўнікі Міністэрства працы адказалі, што яны як улічваліся, так і ўлічваюцца і ўплываюць на яе суму. Але так як у гэтыя і некаторыя іншыя перыяды грамадска-карыснай дзейнасці выплаты ўзносаў не рабілася, то і ў страхавы стаж не залічваюцца.

Неўключэнне ў страхавы стаж службы ў войску Валерый Кавалькоў патлумачыў тым, што вайскоўцы дзяржаўным сацыяльным страхаваннем ніколі не ахопліваліся. Маўляў, яно распаўсюджваецца толькі на наёмных работнікаў. Да таго ж, пенсійнае забеспячэнне вайсковаслужбоўцаў ажыццяўляецца ў рамках асобнай прафесійнай пенсійнай сістэмы.

Супрацьзаконна і антыканстытуцыйна

Юрыстка рэспубліканскага праваабарончага грамадскага аб'яднання «Беларускі Хельсінкскі камітэт» (БХК) Тамара Сідарэнка уважае, што ў сваіх адказах прадстаўнікі Міністэрства працы і сацабароны аказаліся не ў стане што-небудзь растлумачыць ні з пункту гледжання заканадаўства, ні проста па-чалавечы.

«Яны паўтараюць, што гэтыя перыяды ўваходзяць у агульны працоўны стаж, - сказала яна. - А што цяпер агульны стаж без страхавога?! Няма дастатковага страхавога стажу - няма працоўнай пенсіі».

Яна паведаміла, што ў сувязі з частымі выпадкамі адмовы ў прызначэнні пенсіі па ўзросту на агульных падставах БХК накіраваны зварот у Палату прадстаўнікоў. У ім прапануецца ліквідаваць неадпаведнасць нормаў указаў Канстытуцыі, міжнароднаму пакту аб эканамічных, сацыяльных, культурных правах, а таксама законам, якія рэгулююць пенсійнае забеспячэнне.

«Дзеянне новых нарматыўна-прававых актаў распаўсюджана на праваадносіны, якія фармаваліся задоўга да іх прыняцця, - патлумачыла Тамара Сідарэнка. - Людзей заднім лікам пазбаўляюць заробленай імі пенсіі. Дзяржава, рэзка падвысіўшы страхавы стаж, паступіла са сваімі грамадзянамі вельмі несправядліва і непрадумана. Гэта нічым нельга растлумачыць, нават нейкім складаным эканамічным становішчам».

З ейных слоў, меры дзяржаўнага рэгулявання ў сферы пенсійнага забеспячэння ўтрымліваюць шматлікія парушэнні канстытуцыйных палажэнняў. Між тым у пастку страхавога стажу ўжо трапіла нямала беларусаў. Паводле звестак Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, за мінулы год прыкладна тысяча грамадзян па дасягненні агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту не змаглі атрымаць працоўную пенсію з прычыны адсутнасці ў іх 15-гадовага страхавога стажу.

«Гэта нонсэнс, калі дзяржава заклікае грамадзян на тэрміновую вайсковую службу, але пры гэтым яны губляюць страхавы стаж, - уважае юрыстка БХК. - Тое ж самае адбываецца і з сілавікамі, што не выслужылі неабходны для пенсіі тэрмін. Толькі ў гэтым выпадку страта звычайна складае не год-два, а значна больш. Да нас звярталіся не толькі мужчыны, але і жанчыны, якія служылі ў войску або ў органах унутраных спраў. Жанчын заклікаюць паляпшаць дэмаграфічную сітуацыю. У той жа час тыя, хто нарадзіў і выхаваў траіх дзяцей, губляюць 9 гадоў страхавога стажу».

«Людзей пакаралі двойчы»

Зэканоміць на будучых пенсіянерах не атрымаецца, мяркуе эканаміст Леў Марголін: «Магчыма, гэта крыху адаб'ецца на Фондзе сацыяльнай абароны. Ён сёння трашчыць па швах, і яму стане дыхаць крыху лягчэй. Бо ў гэтым годзе яго ўжо давялося датаваць за кошт бюджэту».

Галоўнае пытанне, на думку эксперту, у тым, як імклівае павелічэнне мінімальнага страхавога стажу адаб'ецца на людзях. Атрымліваецца, што працуючых людзей пазбаўляюць надзеі на пенсію.

«Калі яны не выпрацавалі патрэбны стаж, то часта за гэтым стаяць аб'ектыўныя прычыны, - прадоўжыў Леў Марголін. - Сярод пацярпелых нярэдка аказваюцца і сем'і, якія выхоўваюць дзяцей. Жанчына не магла працаваць і таму, што, да прыкладу, была жонкай вайскоўца, які служыў у далёкім гарнізоне, дзе не было магчымасці працаўладкавання. Людзей пакаралі двойчы: ім павялічылі мінімальны страхавы стаж і прыбралі з яго перыяды, якія раней у яго ўключаліся. Улічваючы тое, што наша дзяржава дагэтуль з нейкай недарэчнай памылкі называе сябе сацыяльна арыентаванай, гэта наогул неймаверна».

Гісторыя 1

Лідзія дасягнула пенсійнага ўзросту ў канцы мінулага года. Яе агульны працоўны стаж дазваляе прэтэндаваць на атрыманне працоўнай пенсіі. Але перыяд выплаты ёю страхавых узносаў склаў крыху больш за 10 гадоў. Справа ў тым, што з красавіка 2007 года да чэрвеня 2015-га жанчына даглядала свайго бацьку, інваліда I групы. Так як у страхавы стаж гэты перыяд не ўключаецца, камісіяй райвыканкама прызначэння пенсій у афармленні працоўнай пенсіі ёй было адмоўлена. Вышэйстаячая інстанцыя прызнала вынесеную пастанову правільнай.

«Але ж жанчына выконвала грамадска-значныя функцыі, і на той момант гэта час залічваўся ў стаж, - пракаментавала Тамара Сідарэнка. - Як бы цяпер ні старалася, зарабіць працоўную пенсію паводле новых правілаў яна ўжо не ў стане. Сацыяльная пенсія належыць толькі пасля 60 гадоў. Варта таксама ўлічыць, што асобе, якая дасягнула пенсійнага ўзросту, дапамога ў доглядзе за інвалідам I групы не прызначаецца. Уладкавацца ў такім узросце на працу практычна немагчыма. Атрымліваецца, чалавек кінуты на волю лёсу, пазбаўлены сродкаў існавання».

Гісторыя 2

Сяргей нарадзіўся ў 1955-м. Агульны працоўны стаж да моманту звароту за пенсіяй складаў 29 гадоў, страхавы - блізу 8 з паловай. Пры гэтым з 1975 да 1992 года, 17 гадоў, ён служыў у органах унутраных спраў. Часткай 2 арт. 2 Закона «Аб пенсійным забеспячэнні» гарантавана, што «ўсе віды грашовага забеспячэння асоб начальніцкага і радавога складу ўнутраных спраў улічваюцца нароўні з заробкам работнікаў у рэспубліцы». Такая ж норма, якая дае права на прызначэнне працоўнай пенсіі, замацаваная і законам аб пенсійным забеспячэнні вайсковаслужбоўцаў і супрацоўнікаў унутраных спраў, звольненых без дасягнення тэрмінаў выслугі гадоў. Аднак Сяргею ў яе прызначэнні адмоўлена праз адсутнасці 15-гадовага стажу працы з выплатай абавязковых страхавых узносаў у бюджэт фонду.

«Раней у такім выпадку гарантавалася права на прызначэнне пенсіі на агульных падставах, - патлумачыла юрыст БХК. - Паводле новых правілаў працоўная пенсія яму не належыць. Дзяржава фактычна ўхіліліся ад выканання канстытуцыйных гарантый, устаноўленых 21-м артыкулам: «Кожны мае права на годны ўзровень жыцця, уключаючы дастатковае харчаванне, адзенне, жыллё і пастаяннае паляпшэнне неабходных для гэтага ўмоваў».

У Францыі пры наяўнасці стажу больш за 41,5 гадоў пенсія налічваецца ў 100% суме. Калі ён меншы, то выплаты памяншаюць на 1,25% за кожны адсутны квартал стажу. Але пры выхадзе на пенсію ва ўзросце 67 гадоў французам належыць поўная пенсія, не прывязаная да працоўнага стажу. Калі разлічаная сума выплат ніжэй за пэўны ўзровень, дзяржава выплачвае так званую пенсію па салідарнасці сумаю 800 еўраў. Улічваючы тое, што звычайна пенсія складае палову сярэдняга заробку плюс назапашаныя страхавыя сумы, французскія пенсіянеры часам атрымліваюць больш, чым працоўны чалавек.

Напісаць каментар 62

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках