27 красавiка 2024, Субота, 8:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навуковец: На пляцоўцы БелАЭС нічога больш значнага, чым свінакомплекс, нельга будаваць

34
Навуковец: На пляцоўцы БелАЭС нічога больш значнага, чым свінакомплекс, нельга будаваць

Фізік заклікаў арганізаваць масавую кампанію супраць будаўніцтва АЭС.

Са слоў фізіка, доктара тэхнічных навук, прафесара Георгія Лепіна, серыя інцыдэнтаў і няшчасных выпадкаў на будаўніцтве Беларускай АЭС — дробязь у параўнанні з той небяспекай, якую нясе ў сабе сам выбар астравецкай пляцоўкі для будаўніцтва атамнай станцыі.

Як заявіў навуковец на пасяджэнні круглага стала аб праблеме АЭС, які прайшоў у Менску 31 студзеня, супрацоўнікі Інстытута праблем энэргетыкі Нацыянальнай акадэміі навук (цяпер структура Аб'яднанага інстытута энэргетычных і ядзерных даследаванняў «Сосны») правялі навукова-даследчую працу аб пошуку магчымых пунктаў размяшчэння АЭС яшчэ ў 1993 годзе. Справаздача завераная подпісам Аляксандра Міхалевіча, які сёння займае пасаду навуковага кіраўніка Інстытута энэргетыкі НАНБ, піша БелаПАН.

Падчас таго даследавання, адзначыў Лепін, было прааналізавана больш за 30 патэнцыйных месцаў размяшчэння атамнага аб'екта. Пяць пляцовак праз геалагічныя асаблівасці прызналі непрыдатнымі. Пад чатырма з гэтых пяці пляцовак былі выяўленыя не проста зрухі — вузлы перасячэння зямной кары, падкрэсліў прафесар.

У раёне адной з гэтых геалагічна нестабільных пляцовак у 1908 годзе адбыўся землятрус, ацэнены на 6-7 балаў па шкале Рыхтэра. У гісторыю ён увайшоў як Гудагайскі землятрус.

«Менавіта гэтая самая небяспечная і непрыдатная пляцоўка — астравецкая — і стала месцам будаўніцтва АЭС. <...> Але на гэтай пляцоўцы ў прынцыпе нічога больш адказнага, чым, напрыклад, свінакомплекс, будаваць катэгарычна непрымальна», — сказаў Лепін.

Фізік выклаў сутнасць сваіх асцярог у лісце Уладзіміру Пуціну, бо менавіта расейскі генпадрадчык займаецца будаўніцтвам Беларускай АЭС. Адказ навукоўцу прыйшоў з ніжагародскага Інфармацыйнага цэнтра атамнай энэргіі. Са слоў навукоўца, спецыялісты цэнтра «паспрабавалі давесці, што на гэтай пляцоўцы можна будаваць, але атрымалася наадварот».

Яны паведамілі, што на гэтай пляцоўцы, маўляў, ёсць вельмі надзейны пляц — 2,9 км на 4,9 км. Гэта значыць, яны самі напісалі, што з чатырох бакоў там крытычныя разломы зямной кары. Як вам гэта? Такая сабе «надзейная» выспа, аточаная страшнымі месцамі», — растлумачыў навуковец.

На ягоную думку, нягледзячы на ўжо панесеныя выдаткі на збудаванне атамнай станцыі, яе будаўніцтва павінна быць спыненае.

«Можна арганізаваць у інтэрнэце масавую кампанію для збору подпісаў, каб у нас былі тысячы галасоў супраць будаўніцтва гэтай АЭС. Трэба ўразумець, што на астравецкай пляцоўцы будаваць нельга. Вось як трэба ставіць пытанне, а астатнюю драбязу пакінуць на будучыню», — падсумаваў Лепін.

Напісаць каментар 34

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках