26 красавiка 2024, Пятніца, 23:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Мама атрымлівае пенсію 200 рублёў, а былыя міліцыянты – 700. Чаму?»

196
«Мама атрымлівае пенсію 200 рублёў, а былыя міліцыянты – 700. Чаму?»
ФОТА: TUT.BY

Менскі прадпрымальнік апавёў, чаму выйдзе на Марш абураных беларусаў 2.0.

Дырэктар ТАА «А-Квант-Глобал» Аляксей Скрыпнік апавёў прэс-службе Беларускага нацыянальнага кангрэсу, чаму збіраецца выйсці на Марш абураных беларусаў 2.0.

– Розніца ў прыбытках паміж сталіцай і ўсёй астатняй краінай проста вялізная. Прычынай, напэўна, з'яўляецца тое, што ўладам напляваць на перыферыю. А на жыхароў Менска пляваць небяспечна – яны могуць і адказаць.

На многіх заводах і прадпрыемствах па ўсёй краіне людзі паўгоддзямі сядзяць без заробку. Замест таго каб сабраць кіраўнікоў прадпрыемстваў і прымусіць іх павыганяць кабінетных пацукоў, якія цэлымі днямі п'юць каву і раскладваюць пасьянс, апошнія грошы выкідваюцца на вецер. Як можа супрацоўнік службы маркетынгу атрымліваць заробак, калі ён не прадаў ні аднаго аўтамабіля або трактара. За што? За тое, што сядзіць моўчкі і не брэша? А рабацягі рачкуюць і атрымліваюць удвая менш за яго.

Яшчэ адна праблема – у тым, што ў нас ільвіная частка ўсіх падаткаў ідзе на заробкі дармаедам рэжыму. На самыя сацыяльна значныя прафесіі – на настаўнікаў, медыкаў, выратавальнікаў – грошай няма. І гэта ў Менску. У рэгіёнах усё нашмат горш.

У краіне проста не засталося грошай. Многія прыватныя кампаніі свае крэўныя заробленыя не могуць забраць некалькі гадоў. А грошай няма, таму што іх марнавалі бяздумна або проста па-чорнаму «пілавалі». Лукашэнка і ягоная гоп-кампанія ўсё гэта бачыць і ведае, але прадаўжае рабіць свае справы і мяркуе, што ім ніхто нічога не скажа.

У маёй мамы, якая адбегала, як хворая, інспектарам энэргазбыту шмат гадоў, пенсія складае 200 рублёў. Былыя міліцыянты атрымліваюць 600 – 700 рублёў, а звычайныя людзі – 200! Што такога яны зрабілі карыснага, чым «зарабілі» такія пенсіі?

Яшчэ адна праблема расце, як ракавая пухліна. Цяпер робяць у ВНУ «спецыялістаў», якія выходзяць адтуль пустыя ў плане ведаў, едуць на размеркаванне і там яшчэ больш дэградуюць. Таму што, да прыкладу, інжынер-цеплатэхнік не можа працаваць інжынерам аховы працы ў прынцыпе. Ён пяць гадоў вучыўся на цеплатэхніка, каб потым дыпломам стол падпіраць атрымліваецца? А працадаўцам патрэбны спецыяліст з велізарным досведам, але не старэйшы за 27 гадоў.

Людзей, якія, прыйшоўшы, да прыкладу, у прыватную структуру, хочуць чамусьці навучыцца і сапраўды працаваць, каб нармальна атрымліваць, – адзінкі. Ніхто не думае, што ў нас выпускаецца штогод спецыялістаў больш чым трэба, а недабор у дзяржарганізацыях – не таму, што выпускаюць мала, а таму, што людзі бягуць прэч адтуль.

Цяпер у большасці выпадкаў праз бюракратыю ў кіраўніка прыватнай кампаніі часу на дакументы на выкананне працаў сыходзіць у пяць разоў больш, чым на само выкананне працаў. Я, дырэктар ААТ, магу сядзець у адпачынку за свой кошт некалькі месяцаў, пакуль дачакаюся падпісання кантракту. Таму, каб выжыць, штат супрацоўнікаў скарачаецца да мінімуму. Адпаведна, бяруць толькі дасведчаных людзей, а часам і самі дырэктары выконваюць працу інжынераў, слесараў, мантажнікаў.

Біч нашай эканомікі – бюракратыя, чыноўнікі і бескарысныя людзі, якія сядзяць у кабінетах. Развязанне праблемаў – скарачэнне чынушаў, татальная чыстка кадраў і падрыхтоўка дасведчаных спецыялістаў.

Немагчыма працаваць у такіх варунках. Гэта адна з прычынаў, чаму я браў удзел у першым Маршы абураных беларусаў і буду на Плошчы 21 кастрычніка. Мяне дастала наша дзяржава з яе недапрэзідэнтам і недапалаткай! І цепліцца надзея, што прачнецца ў людзей пачуццё ўласнай годнасці, і яны зразумеюць, што калі цяпер нічога не памяняюць, то ім наўпростая дарога на памыйніцу гісторыі, таму што яны пражываюць сваё жыццё дарма.

Напісаць каментар 196

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках