26 красавiка 2024, Пятніца, 23:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Цэнтр контрвыведкі NATO адкрыўся ў Польшчы

Цэнтр контрвыведкі NATO адкрыўся ў Польшчы

Цэнтр нацэлены на пашырэнне патэнцыялу на фоне напружанасці ў стасунках з Расеяй.

У Польшчы адкрыўся новы контрвыведніцкі цэнтр NATO, нацэлены на пашырэнне патэнцыялу альянсу на фоне напружанасці ў дачыненнях з Расеяй, паведаміў высокапастаўлены прадстаўнік польскіх уладаў, паведамляе «Голас Амерыкі».

Новы аб'ект на поўдні Кракава створаны з мэтай «распрацоўкі базавых нормаў, прынцыпаў і тыпаў дзейнасці» для выведвальных устаноў краін NATO, расказаў міністр абароны Антоній Мацярэвіч падчас цырымоніі адкрыцця, на якой таксама прысутнічалі ягоныя калегі з Вугоршчыны, Румыніі і Славаччыны.

Шпіянаж цяпер «ахоплівае ўсе сферы жыцця», закранаючы вайсковую і грамадзянскую інфраструктуры з выкарыстаннем як традыцыйных, так і кіберсродкаў, дадаў Мацярэвіч, словы якога цытуе польскае інфармагенцтва PAP.

Пастанова аб стварэнні контрвыведніцкага цэнтра перадавога досведу была фармальна зацверджаная ў 2015 годзе на перамовах Камандавання для трансфармацыі ўзброеных сіл NATO ў Норфорлку, штат Вірджынія.

Стасункі паміж NATO і Расеяй знаходзяцца на рэкордна нізкім узроўні з часоў халоднай вайны, што прывяло да павелічэння абвінавачванняў у шпіянажы.

Альянс таксама ўмацаваў вайсковую прысутнасць ва Усходняй Еўропе, размясціўшы там чатыры дадатковыя міжнародныя батальёны з мэтай папярэджання магчымай расейскай агрэсіі ў рэгіёне.

Таксама ў траўні Войска ЗША адкрыла новую штаб-кватэру ў Польшчы для камандавання кантынгентам колькасцю блізу 6000 вайскоўцаў, якія ўдзельнічаюць у аперацыях NATO і Пентагона на ўсходнім флангу альянсу з пачатку года.

У краінах NATO ўжо дзейнічае 21 цэнтр перадавога досведу. Яны спецыялізуюцца на розных тыпах дзейнасці, ад кіберабароны і вайсковай медыцыны да барацьбы з тэрарызмам.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках