4 траўня 2024, Субота, 10:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На Гомельшчыне абвясцілі страйк механізатары і кіроўцы

97
На Гомельшчыне абвясцілі страйк механізатары і кіроўцы
Фота: «Радыё Свабода»

Першымі ўзбунтаваліся паўсотні работнікаў гаспадаркі ў Крыўску.

Раніцай 26 кастрычніка каля паўсотні механізатараў і кіроўцаў камунальнага сельскагаспадарчага УП «Крыўск» Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці адмовіліся пачынаць працу, пакуль не распавялі журналістам пра невыносныя ўмовы, дабітую тэхніку і грэблівае стаўленне дырэкцыі да разумных спецыялістаў гаспадаркі, паведамляе «Радыё Свабода».

Нягледзячы на мокры снег, механізатары стаялі каля ўваходу на машынны двор і наперабой распавядалі аб набалелым.

«Я механізатар з вялікім стажам, працую на ўсякай тэхніцы, - тлумачыць трактарыстка, якая назвалася Галінай. - Рукі апускаюцца. Узялі нашы пуцёўкі, сталі перапраўляць, каб зрэзаць заробкі. Пералічылі. І атрымалася, што на перавозцы зялёнай масы за дзень я зарабіла 1 рубель 60 капеек. Я не маўчу. Начальства лямантуе: «Хто будзе выступаць, таго звальняем». Запчастак для трактароў няма, маторнай алівы няма - працуй як хочаш. Прыязджала начальніца райсельгасхарчу Людміла Пракапенка, мы ёй аб сваіх бедах, а яна ў адказ: «Можаце хоць усе звальняцца - новых возьмем».

Сяргей Казлоў у сельскай гаспадарцы таксама не пачатковец, больш за два дзесяцігоддзі ў механізатарах.

«У нас больш за шэсць дзясяткаў трактароў, а на хаду прыкладна чацвёртая частка. Саўгас наймае тэхніку, каб весці палявыя работы. Мой трактар ужо месяц разабраны. Кажуць, няма за што купіць запчасткі. Так і перабіваемся: падрамантуеш тэхніку, рублёў трыста заробіш, не пашанцавала - атрымлівай 180 рублёў», - кажа Казлоў.

Механізатары тлумачаць, што мясцовыя начальнікі замест дзелавых дачыненняў часцей за ўсё звяртаюцца да грубасці і запалохванняў.

«Толькі і чуем: звольнім, звольнім. А звольняць, ты ўжо «дармаед» - плаці падатак. А з чаго? Тут і працуючы паўтары сотні атрымаеш. За 26 пасеяных гектараў азімых налічваюць 11 рублёў заробку. Як карміць сям'ю, у толк не возьмем», - абураецца Сяргей Свярдлоў.

Сяўба і жніво праваленыя

Работнікі сцвярджаюць, што праз няспраўную тэхніку не змаглі сёлета своечасова справіцца з восеньскімі палявымі працамі - пасеялі толькі 1310 гектараў азімай пшаніцы і жыта, хоць павінны былі засеяць прынамсі 5 тысяч гектараў. Выпаў ужо першы снег, а ў полі стаіць яшчэ больш за 800 гектараў кукурузы.

«Дырэктар Зубараў усё валіць на маладога галоўнага агранома Міхаіла Флар’яновіча: не прыбраў, не пасеяў. А ён што - касой скосіць тую кукурузу? Ці мы яе скосім? У наш КСУП аб'ядналі пяць гаспадарак. Махіна. А дырэктарам паставілі будаўніка па прафесіі. Гаспадарку ён, фактычна, аддаў на водкуп начальніку аховы - той усім запраўляе», - кажуць механізатары.

Малады аграном Міхаіл Флар’яновіч, які скончыў сельгасакадэмію з адзнакай, толькі сёлета летам прыехаў у гаспадарку. Ён пацвярджае, што праз няспраўную тэхніку восеньскую пасяўную ў Крыўску пачалі толькі 3 кастрычніка і, натуральна, не паспелі да снегу.

Людзі кажуць, што працуюць без настрою, бо не ведаюць ні нормаў, ні расцэнак, хоць у гаспадарцы чатыры эканамісты.

«Я толькі месяцы два працаваў спакойна. Склаў план на восеньскую пасяўную, стаў патрабаваць ад інжынернай службы, каб адпаведную тэхніку давялі да ладу. Былі толькі адгаворкі. Галоўны інжынер у сярэдзіне верасня звольніўся - і ўсе шышкі пасыпаліся на мяне. Але людзі мяне падтрымліваюць. Мабыць, пабаяўся дырэктар канкурэнцыі. Цяпер ён патрабуе здаць справы і пакінуць саўгаснае жыллё, якое я адрамантаваў уласнымі сіламі», - у скрусе заўважае галоўны аграном.

Кіраўніцтва гаспадаркі «моцна занятае»

Дырэктар гаспадаркі Андрэй Зубараў, якога перавялі ў Крыўск з намеснікаў кіраўніка КСУП «Урыцкае» Гомельскага раёна, не знайшоў часу пагутарыць з журналістамі - перадаў праз начальніка аховы Мікалая Рабцава, што моцна заняты.

Сам начальнік аховы мяркуе, што механізатары скардзяцца перш за ўсё з прычыны навядзення парадку ў гаспадарцы:

«Мы нават паліўныя бакі апламбавалі, каб ніхто не мог узяць і літра саляркі. Гэта шмат каму не падабаецца».

Такія тлумачэнні вяскоўцы не ўспрымаюць. Людзі бачаць, што азімыя пасеяныя не ўсе, кукуруза не сабраная, дойныя каровы і цяляты стаяць у загонах па калена ў гразі. Спраў дастаткова, а парадку бракуе.

Напісаць каментар 97

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках