19 красавiка 2024, Пятніца, 7:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Месячны заробак - 80 рублёў. Могуць плаціць прадуктамі»

11
«Месячны заробак - 80 рублёў. Могуць плаціць прадуктамі»

Рэпартаж з Шаркаўшчыны, цэнтра самага беднага раёна Беларусі.

Шаркаўшчына некалькі гадоў мае статус рэгіёну з самымі малымі заробкамі. Цяпер сярэдняя аплата працы там складае крыху больш за 500 рублёў. Журналісты «Радыё Свабода» з'ездзілі ў Шаркаўшчыну і даведаліся, што заробкі там яшчэ ніжэйшыя.

Шаркаўшчыну заснавалі ў часы Вялікага Княства Літоўскага, у 1793 годзе яна стала часткай Расеі, у першай палове ХХ стагоддзя - БНР, БССР, Польшчы і зноў БССР. Сярод яе ўладальнікаў былі Леў Сапега (бацька Трэцяга Статута ВКЛ, які дапамог захапіць Маскву авантурай Лжэдзмітрыя), а таксама Мікалай Тадэвуш Лапацінскі, сенатар Рэчы Паспалітай.

1. З 1999 году горад страціў 17 адсоткаў ад колькасці насельніцтва. Неўзабаве тут будзе жыць менш за 6 тысяч чалавек. Сярэдні заробак у раёне, паводле Белстату, вырас за год на 12 адсоткаў, але ледзьве перавысіў 500 рублёў — і ён самы нізкі ў краіне.

2. Мы прыехалі ў Шаркаўшчыну з боку Менску. Злева ад трасы Р3 на ўездзе ў горад знаходзіцца КУВСП імя Маркава — вялікая тэрыторыя з сельскагаспадарчай тэхнікай, зернесушылкамі, кароўнікамі. Разгаварыліся з вартаўніком Віктарам. Ён з Дрыбіну, а тут жыве 25 гадоў. На невядомых гасцей падазрона глядзіць Бакс. Гэтага сабаку наш суразмоўца набыў за 180 даляраў, каб дапамагаў ахоўваць. Невялікі крок у бок — і ён гучна брэша.

Фота: svaboda.org

— Як развалілі Саюз — пачаліся праблемы з саляркай. Прадаём малако Глыбоцкаму камбінату па 40 капеек. Калі раней за літар прададзенага малака куплялі тры літры саляркі, то цяпер на літар саляркі трэба прадаць чатыры літры малака. Тэхніка стаіць без паліва. Яна старая, даўно не абнаўлялі. Нават у пачатку 1990-х было лепш, — кажа Віктар.

Ён дадае, што раней тут можна было атрымліваць па 1000 рублёў. Цяпер заробкі па 200-300, а асабіста ў яго — 80. Кажа, што альтэрнатывы няма: раней быў трактарыстам, але сарваў спіну і мусіць працаваць на варце.

3. Справа ад уезду на тэрыторыю знаходзіцца 2-павярховы будынак дыспетчарскай. Але ён амаль апусцеў: толькі адзін пакой начальніка ўчастку заняты. Праз дарогу, таксама ў 2-павярховым будынку, раней працавалі бухгалтары, эканамісты, але яны «з’ехалі ў будку». Прыкладна чатыры гады ў ім месціцца гандлёвы цэнтр.

Фота: svaboda.org

— З прадпрыемстваў у горадзе амаль нічога не засталося — усё развалілі. У процілеглым канцы быў цагляны завод — цяпер там камерсанты працуюць. Малочны камбінат быў — сёння замест яго руіны. Працы мала, а калі што знаходзіш, то не чакай добрай аплаты. У лік заробку замест грошай могуць плаціць прадуктамі, — дадае Віктар.

4. Былы малочны камбінат знаходзіцца мэтраў за 300, на вул. 17 верасня. У гэтай частцы гораду толькі прыватная забудова. На адным з участкаў сустракаем Алену Мікалаеўну. Спадарыня прыехала з Докшыц, выйшла замуж і жыве тут большую частку жыцця. Цяпер на пенсіі, атрымлівае 320 рублёў, а каля 30 гадоў адпрацавала ў дзяржстраху. Ад яго й атрымала свой дом.

Фота: svaboda.org

5. — Я жыву паміж былым малочным камбінатам і былой канторай ЖКГ, там яшчэ камерсант прадаваў танны хлеб з Расеі. Цяпер усё пазакрывалі. Моладзі няма дзе працаваць. Суседка насупраць доўга не магла знайсці працу — была вымушана разбіраць хлеў на дровы. Мясцовыя з’язджаюць на працу ў Менск і Расею, — распавядае суразмоўца.

Фота: svaboda.org

6. Яна паказвае нам дом, дзе жыве былая работніца малочнага камбінату. Вольга Якаўлеўна прыехала са Слуцку. Адпрацавала тут 35 гадоў. Цяпер на пэенсіі, атрымлівае «4 мільёны 400 — не разумею, як на новыя грошы пералічыць».

Фота: svaboda.org

7. - — На камбінаце рабілі ўсё: малако, кефір, масла, смятану, сыры, тварог, марозіва. Не праца была, а пекла. Ішачылі як таты Карлы, душыліся, што ўсе калекамі сталі: ногі перасталі служыць. Але пазней аўтаматыка з’явілася і стала лягчэй. У 1990-х вытворчасць закрылі, камбінат стаў толькі збіраць малако на адгрузку ў Глыбокае. Летась і гэта спынілі, бо нявыгадна, — кажа Вольга.

Фота: svaboda.org

8. Шаркаўшчына зрабіла на яе спачатку адмоўнае ўражанне. Вольга кажа, што горад быў вельмі брудны — яна двое сутак плакала праз гэта й шкадавала, што з’ехала з прыгожага Слуцку. Праз некаторы час яна нават сабралася вяртацца, але на камбінаце сустрэла будучага мужа ды так і засталася тут. Кажа, што зайздроснага нічога не бачыла ў жыцці. Як муж захварэў — «усё пайшло колам».

Фота: svaboda.org

9. — Раней капейкі атрымлівалі ды жылі лепш, чым цяпер. Многа лепш жылі. Усюды бяда. Плацяць напалам: грашамі й прадуктамі. А хіба што нармальнае даюць? Спісанае, нясвежае. Ніколі не думала, што ў нас такое зробіцца. Раней усе працавалі, мелі заробкі ды задаволеныя былі. Цяпер працы няма. Маладыя на біржах сядзяць. Прадпрыемствы пазакрываліся. Затое ў былой школе — насупраць майго дома — КДБ сядзіць, кабінетаў сем займае.

Фота: svaboda.org

10. На развітанне Вольга паказвае нам дзяржаўнае прадпрыемства, якое знаходзіцца паміж яе домам і былым малочным камбінатам. Кажа, што там робяць драўляныя вокны, дзверы. Замоваў мала, таму рабочыя атрымліваюць па два-тры мільёны «старымі».

Фота: svaboda.org

11. Вуліца 17 верасня вядзе нас у цэнтр горада і заканчваецца каля сквера з занядбаным кінатэатрам.

Фота: svaboda.org

12. Адсюль вуліцаю Маякоўскага трапляем цераз раку Дзісну на галоўны пляц. Цэнтральны будынак — 4-павярховы райвыканкам. Раней мясцовыя чыноўнікі працавалі ў 2-павярховым савецкім будынку на гэтым жа пляцы. Сёння там нічога няма. Яшчэ адзін закінуты будынак тут — былы ўнівермаг. Напэўна, ён самы прыгожы ў Шыркаўшчыне: з ляпнінай і калонамі.

Фота: svaboda.org

13. Цэнтральная частка гораду здзівіла толькі адсутнасцю помніка Леніну. Новых і адрамантаваных будынкаў мала.

— Нам пакуль не пашанцавала з «Дажынкамі» — дзеля іх гарады моцна «вылізваюць», — жартуе Аліна, якая вучыцца ў Менску на эколага, а прыязджае ў родны горад «разоў шэсць на год». — З першага позірку Шаркаўшчына можа паказацца забітай. І сапраўды, калі ты не пачнеш свой бізнэс, то будзеш жыць бедна. Моладзь адсюль з’язджае, бо пасля школы няма дзе працягнуць вучобу. А не вяртаецца, атрымаўшы вышэйшую ці спецыяльную адукацыю, таму што няма дзе працаваць. Калі дзесьці хто і працуе з моладзі, хутчэй за ўсё, гэты чалавек тут часова па прымусовым размеркаванні.

Усе яе аднакласнікі, акрамя адной дзяўчыны, якая засталася дапамагаць бацькам, таксама з’ехалі пасля сканчэння школы. У асноўным у Менск, двое — у Віцебск.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках