Лукашэнка на сустрэчы з блізкім да Трампа пастарам прагаварыўся пра ліквідацыю пратэстанцкіх абшчын
- 15.05.2026, 18:04
- 1,416
Раней улады хавалі гэтую лічбу.
Падчас прыезду ў Беларусь вядомага прапаведніка з ЗША Франкліна Грэма, які 16-17 мая выступіць на «Фестывалі надзеі» ў Мінску, выявілася, колькі пратэстанцкіх абшчын было ліквідавана ў Беларусі падчас перарэгістрацыі.
Нагадаем, афіцыйна дагэтуль не паведамлялася, з якімі вынікамі завяршылася кампанія па перарэгістрацыі рэлігійных арганізацый.
«Сакрэт» выдаў сам Аляксандр Лукашэнка, які, сустракаючыся з Грэмам — пастарам, блізкім да прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, — заявіў:
«У Беларусі 850 пратэстанцкіх абшчын, 20 місій і 5 навучальных устаноў. Таму ваша веравызнанне ў нас вельмі шырока прадстаўлена», — сказаў дыктатар.
Відавочна, ён агучыў даныя, падрыхтаваныя апаратам Упаўнаважанага ў справах рэлігій і нацыянальнасцяў.
«Хрысціянская візія» падлічыла: да пачатку перарэгістрацыі, паводле інфармацыі на сайце Упаўнаважанага, у Беларусі лічылася 931 абшчына ўсіх пратэстанцкіх напрамкаў. Калі даныя, якія прывёў Лукашэнка, поўныя, атрымліваецца, што ліквідавана 81 арганізацыя.
Таксама да перарэгістрацыі ў Беларусі была 21 місія пратэстантаў, значыць, адна з іх цяпер закрыта. Колькасць навучальных устаноў не змянілася.