15 траўня 2024, Серада, 22:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускаму бізнэсу прыйшоў гамон

107
Беларускаму бізнэсу прыйшоў гамон

За лепшае жыццё трэба змагацца.

Найбуйнейшыя эканомікі свету надаюць вялікую ўвагу малому і сярэдняму бізнэсу: льготнае крэдытаванне, спецыяльныя праграмы развіцця. Поспехамі ў гэтай сферы можа пахваліцца і нашая заходняя суседка - Польшча. Малыя і сярэднія прадпрыемствы ствараюць блізу 70% ВУП гэтай краіны. У іх занята прыкладна дзве траціны ўсяго працаздольнага насельніцтва. На 38 млн чалавек, якія пражываюць у Польшчы, прыпадае блізу 2 мільёнаў актыўных прадпрыемстваў малога і сярэдняга бізнэсу. Колькасць такіх прадпрыемстваў расце.

У той жа час у Беларусі за 9 месяцаў гэтага года ліквідаваліся амаль 27,8 тысячы індывідуальных прадпрымальнікаў. Такая тэндэнцыя доўжыцца ўжо трэці год запар. З чым гэта звязана? У якіх варунках сёння даводзіцца працаваць прадпрымальнікам? Чаму беларускія ўлады прадаўжаюць вайну супраць ІП - сайт Charter97.org спытаў у прадпрымальніка і грамадскага актывіста з Баранавічаў Мікалая Чарнавуса:

- Ці можна сказаць, што беларускаму бізнэсу прыйшоў гамон. Вы думаеце, што нашы прадпрымальнікі «залатыя горы» лапатай грабуць? Тыя, хто стаяць на рынку, у лепшым выпадку працуюць у нуль. Людзям проста шкада пакідаць свой бізнэс, які гадамі стваралі, укладвалі ў яго сілы, пот і слёзы. Яшчэ ў беларускіх прадпрымальнікаў цепліцца надзея, што вось-вось «стрэліць», што справы пойдуць лепш. Але яны глыбока памыляюцца, лепей пры гэтай улады ўжо не будзе.

Улады гуляюцца з намі, усе гэтыя маніпуляцыі з курсам даляра, капейчыну туды, капейчыну назад, усё прыдумляюць для таго, каб у простых людзей апошнія запасы пазабіраць. Будуць так гуляцца, пакуль народ нясе грошы ў абменнікі, а калі рубель вытхнецца - «шандархнуць». Вось тады і кошты паднімуцца.

Калі казаць аб рэнтабельнасці, прапорцыя выдаткаваных сіл і атрыманага ад працы выніку - то яго проста няма. Нічога не зарабляем, сядзім на хлебе і малацэ. Атрымліваецца зарабіць толькі тым, хто парушае заканадаўства, тым, каго чыноўнікі прыкрываюць. Вось гэтыя «ўмельцы» заробяць заўсёды, а так, песенька беларускага бізнэсу спетая. Людзі б ужо даўно плюнулі на ўсё і разышліся па хатах, але ў кагосьці крэдыты, камусьці трэба сям'ю карміць, дзяцей на ногі ставіць.

- У развітых краінах прадпрымальнікі з'яўляюцца асноўным складнікам сярэдняга класа. Дзяржава ўсяляк падтрымлівае малы і сярэдні бізнэс, распрацоўваюцца розныя праграмы для яго падтрымкі, ільготнага субсідавання. Чаму беларускія ўлады не робяць стаўку на ІП?

- А навошта Лукашэнку прадпрымальнікі? Вось самі падумайце, бізнэсовец ні ад каго не залежыць, сам сабе гаспадар. Атрымліваецца, што ствараецца клас свабодных ад усялякіх сацыяльных кантрактаў людзей. А ў нас у краіне цяпер прыгоннае права, гэтая кантрактная сістэма на прадпрыемствах не дае людзям паварушыцца. Такім народам лягчэй кіраваць. Лукашэнка хоча трымаць людзей у галечы, вось і ўся яго «эканамічная мадэль». Дай людзям такую «вольніцу», як у Нямеччыне і Польшчы - будзе пераварот. Улады баяцца свабодалюбства, ініцыятывы, тых людзей, у якіх развязаныя рукі.

ІП маглі б скласці сапраўдную канкурэнцыю дзяржпрадпрыемствам, бо там дзе ёсць прыватны капітал, дзе чалавек клапоціцца аб сваёй справе - там будзе поспех. У нас на заводах сядзяць безыніцыятыўныя людзі, якія штаны праседжваюць і ў столь плююць. Прыйшоў бы прыватнік - была б зусім іншая размова.

- Вы кажаце пра тое, што ІП усё складаней заставацца на плаве. Але ці ёсць у іх альтэрнатыва, бо працу ў нашай краіне знайсці праблематычна...

- Правільна заўважылі, ісці нам няма куды. Плаціш гэтыя падаткі і ўнёскі, каб хоць нейкую мінімальную пенсію атрымаць. І разумееш, што адступаць няма куды.

На ўсіх прадпрыемствах краіны рабочых толькі скарачаюць, на іх месцы ніхто не прыходзіць. Усе, хто нешта ўмее, у каго галава і рукі на месцы - усё з'язджаюць за мяжу. А прадпрымальнікам куды ісці? Няма ніякай абароны ад дзяржавы, не адчуваеш упэўненасці ў заўтрашнім дні.

Калі б яшчэ была нейкая магчымасць сысці на пенсію, заняцца ўнукамі - гэта іншае пытанне. Вы самі бачыце якія ў нашых пенсіянераў даходы. У мяне бабуля ў СССР атрымлівала пенсію, так, яна адрознівалася ад заробку простых працоўных, але на гэтыя грошы можна было выжыць. Сёння на гэтую пенсію немагчыма нічога сабе дазволіць, людзі жывуць агародамі і падсобнай гаспадаркай.

Калі-небудзь, упэўнены, што атрымаюць беларусы гэтыя капейкі, выйдуць на Плошчу і скажуць: «Надакучыў!»

Напісаць каментар 107

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках