10 траўня 2024, Пятніца, 23:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ВВС: Адмысловая торба ёсць у кожнай апазіцыйнай сям'і ў Беларусі

4
ВВС: Адмысловая торба ёсць у кожнай апазіцыйнай сям'і ў Беларусі
Уладзімір Някляеў

Рэжым Лукашэнкі ўзмацніў палітычныя рэпрэсіі.

Уладзімір Някляеў - вядомы ў Беларусі паэт і апазіцыйны лідар - можа адправіцца ў камеру кожны дзень і гадзіну, гаворыцца ў рэпартажы Расейскай службы ВВС.

"Мяне могуць арыштаваць у кожны момант. Гэта адзін з дадатковых спосабаў псіхалагічнага ціску. Ты знаходзішся дома, на вуліцы, у гасцях, і ніколі не ведаеш, калі цябе забяруць. Яны звычайна выбіраюць такія моманты, калі ты менш за ўсё гэтага чакаеш", - кажа праз тэлефон ужо асуджаны да арышту Уладзімір Някляеў.

Суд Ленінскага раёна беларускай сталіцы яшчэ 1 лістапада пакараў Някляева 10 днямі адміністрацыйнага арышту, абвінаваціўшы ў закліках да ўдзелу ў несанкцыянаванай акцыі. Падставай для абвінавачвання стала фраза Някляева ў інтэрв'ю тэлеканалу "Белсат", які вяшчае з Польшчы.

"Калі ёсць воля бараніць свае правы, трэба выходзіць і абараняць", - сказаў у тым інтэрв'ю Някляеў.

"Жорсткая лібералізацыя"

Цікава, што Уладзімір Някляеў не быў на вулічнай акцыі, напярэдадні якой тэлевізійнікі папрасілі яго паразважаць пра сітуацыю ў краіне. Паэт-палітык і папярэдзіў адразу: удзельнічаць у гэтым мерапрыемстве ў яго наўрад ці атрымаецца.

Незалежныя юрысты кажуць, што словы Някляева, якія сталі падсуднымі, наўпрост не падпадаюць пад дзейныя нормы закона "Аб масавых мерапрыемствах" - у законе забараняецца абвяшчаць дату, месца і час правядзення мерапрыемства , і Някляеў пра гэта не казаў.

Таксама забараняецца вырабляць і распаўсюджваць аб акцыі ўлёткі, плакаты і іншыя матэрыялы ў СМІ, інтэрнэце і іншых інфармацыйных сетках.

Норма аб забароне публічных заклікаў запісаная ў новай рэдакцыі закона - праект 25 кастрычніка прыняты беларускім парламентам у першым чытанні. Нормы, якія кіраўнік МУС Ігар Шуневіч ахарактарызаваў як "найбольш жорсткую лібералізацыю", яшчэ не ўвайшлі ў дзеянне.

Беларускі ПЭН-цэнтр прыняў заяву, у якой абвінаваціў улады ў пераследзе паэта Някляева за палітычныя перакананні і выказванне меркавання, хоць права на выказванне меркавання, гарантаванае канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь.

"Ужываючы да 71-гадовага Уладзіміра Някляева, які мае сур'ёзныя праблемы са здароўем, неабгрунтаванае і нематывавана жорсткае пакаранне, звязанае з пазбаўленнем волі, улады ставяць пад пагрозу ягонае жыццё і здароўе", - гаворыцца ў заяве ПЭН-цэнтра.

Чакайце, па вас прыйдуць

Прысуджаны, але яшчэ не выкананы арышт - ужо чацвёртае адміністрацыйнае пакаранне, вынесенае судамі ў дачыненні да Уладзіміра Някляева ў гэтым годзе.

Сем дзён раптам для сябе ў верасні ён адбываў за ўдзел у акцыі пратэсту супраць расейска-беларускіх вайсковых вучэнняў "Захад-2017" - сышоў з дому на прыём да лекара, а апынуўся ў судзе, затым, асуджаны за пратэст, у камеры.

"Ведаеце, я бы ўсё гэта вытрымліваў, калі б не ўключаліся метады, з майго пункту гледжання, недапушчальныя, - распавядае паэт-палітык. - У мяне гіпертэнзія. Уладам вядомы гэты дыягназ. І яны б'юць у гэта слабое месца. Мяне раптам арыштоўваюць - гэта ўжо стрэс. Потым мне не даюць тых лекаў, якія мне трэба прымаць, каб не здарыўся гіпертанічны крыз, у выніку якога можа здарыцца інсульт. І такім чынам даводзяць мяне да гэтага гіпертанічнага крызу. Гэта не выпадковасць нейкая, гэта кожны раз адбываецца - так было і пры арышце ў Берасці [вясной гэтага года - рэд.], і пры наступных арыштах. Робіцца гэта свядома - каб, мякка кажучы, вывесці мяне з ладу".

Акцыя пратэсту

У палітыку вядомы паэт і літаратар Уладзімір Някляеў прыйшоў у 2010 годзе; на прэзідэнцкіх выбарах у тым годзе стаў канкурэнтам Аляксандра Лукашэнкі. У дзень прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года, яшчэ да закрыцця выбарчых участкаў на Някляева і ягоных прыхільнікаў напалі дагэтуль не выяўленыя "людзі ў цывільным". Збіты паэт трапіў у шпіталь, адкуль уночы волакам на бальнічнай коўдры быў вывезены ў СІЗА КДБ.

Пазней доўгі час знаходзіўся пад хатнім арыштам. У траўні 2011 года быў асуджаны на два гады з адтэрміноўкай выканання пакарання на два гады паводле абвінавачання ва ўдзеле ў масавых беспарадках.

"Абкласці краіну крымінальнымі працэсамі супраць крытыкаў рэжыму - цяжка, доўга, прыкметна, - кажа ён цяпер. - А вось гэтымі адміністрацыйнымі працэсамі можна. І ўлады накінулі гэтую сетку так званых адміністрацыйных працэсаў, судоў, арыштаў і штрафаў на ўсю краіну. Гэта дае свой эфект - людзі баяцца ўдзельнічаць у пратэстах, каб ні за што ні пра што не патрапіць у турму".

Чаго варты пратэст

Адміністрацыйныя арышты з "адтэрміноўкай" або пасля раптоўных судоў усё часцей практыкуюцца ў Беларусі ў дачыненні да крытыкаў улады.

Лідар хрысціянскіх дэмакратаў Павел Севярынец быў арыштаваны, калі з цяжарнай жонкай ішоў у краму па прадукты - адправіўся ў камеру франтам, у стыльным чорным паліто; разгубленая Вольга, якая раней страціла ўжо дзіцяці, суправаджала яго ў пастарунак.

Жонка апазіцыйнага лідара Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч кожны раз пасля раптоўнага знікнення мужа перш тэлефануе па пастарунках і ізалятарах, і ўжо пасля ў “хуткую дапамогу”.

"Трывожная торба" ёсць амаль у кожнай "апазіцыйнай" сям'і - некаторыя апазіцыянеры жартуюць, што нават у кішэнях хатняга халата ёсць мінімальны "арыштанскі набор".

Паводле звестак праваабаронцаў, з пачатку года адміністрацыйныя арышты актывістаў апазіцыі, удзельнікам мірных пратэстных акцый выкарыстоўваліся больш за 200 разоў.

Алесь Бяляцкі, лідар пазбаўленага рэгістрацыі ў Беларусі праваабарончага цэнтра "Вясна", кажа, што ў мінулым, 2016 годзе, калі Еўропа скасавала санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, беларускія ўлады націскалі на штрафы.

Апазіцыйнымі актывістамі і асуджанымі ўдзельнікамі пратэстаў у 2016 годзе, паводле звестак "Вясны", было выплачана ў беларускі бюджэт больш за 150 тысяч еўраў штрафаў; адміністрацыйны арышт толькі аднойчы фіксаваўся ў мінулым годзе.

"У гэтым годзе адміністрацыйныя арышты чаргуюцца са штрафамі, але арышты пераважаюць", - канстатуе Бяляцкі.

Новая тактыка, "непрыкметная" для Еўропы

Беларускія праваабаронцы і міжнародныя арганізацыі палітвязнямі ў цяперашняй Беларусі прызнаюць толькі дваіх - якія адбываюць доўгатэрміновае пакаранне ў беларускіх месцах пазбаўлення волі грамадзянскіх актывістаў Міхаіла Жамчужнага і Дзмітрыя Паліенку. Ранейшая дзейнасць гэтых актывістаў на волі не звязаная з актыўнымі палітычнымі пратэстамі - хутчэй, з сацыяльнымі пратэстамі.

Але далейшыя кароткатэрміновыя арышты актыўных крытыкаў рэжыму варта кваліфікаваць як палітычныя акты, намагаюць праваабаронцы.

"На жаль, інфармацыя да еўрапейскай супольнасці даходзіць са спазненнем. Не паспее хтосьці заварушыцца ў Еўразвязе, як людзі ўжо выйшлі на свабоду. Але замест іх селі ў камеры іншыя. І гэты бесперапынны ланцуг адміністрацыйных арыштаў доўжыцца, дзейнічае і цяпер, і ўлады актыўна гэтым маніпулююць - вязнямі сумлення. Палітвязнямі гэтыя "кароткатэрміновыя" сядзельцы афіцыйна не прызнаныя, стасункі з Еўропай як быццам не сапсуюць", - падкрэслівае Алесь Бяляцкі.

Правадыр Аляксандр Лукашэнка ўпершыню за доўгія гады персанальна запрошаны ў Еўропу на саміт "Усходняга партнёрства", прызначаны на канец лістапада.

Прынцыповых прэтэнзій да беларускіх уладаў Еўропа, якая лібералізуе стасункі з Менскам, пры гэтым не пазначыла.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках