27 красавiка 2024, Субота, 3:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пад Гомелем загінуў выратавальнік, якога адправілі чысціць кароўнік да прыезду Лукашэнкі

62
Пад Гомелем загінуў выратавальнік, якога адправілі чысціць кароўнік да прыезду Лукашэнкі

У 33-гадовага гамельчука засталася жонка і двое маленькіх дзяцей.

Учора ў Буда-Кашалёўскім раёне ў вёсцы Бушаўка трагічна загінуў былы выратавальнік МНС: у працоўны час 33-гадовага гамельчука адправілі чысціць дах кароўніка, адкуль ён зваліўся з 10-метровай вышыні і разбіўся да смерці.

У суботу, 18 лістапада, супрацоўнікаў «хімзавода» адправілі мыць дахі кароўнікаў у вёску Бушаўка Маразовіцкага сельсавета. Як высветлілася, падобныя вылазкі здзяйсняліся не ўпершыню: у сувязі з будучым прыездам дыктатара ўсе сілы былі кінутыя на тое, каб навесці парадак у ваколіцах. Людзі, якія заступалі на змену, не займаліся сваімі прамымі абавязкамі, а ехалі чысціць дахі кароўнікаў.

– Працавалі без страхоўкі. Дах, мабыць, быў залатаны нетрывалым матэрыялам у некаторых месцах, ён праваліўся, а Кірыл зваліўся на бетон з 10-метровай вышыні і разбіўся, – распавяла рэдакцыі «Моцных Навінаў» Таццяна Раманава, сястра загінулага.

У пяць гадзін вечару з трагічнымі навінамі да жонкі наведаліся прадстаўнікі арганізацыі. І з дзіўнай просьбай – не паведамляць бацькам.

Таццяна, апынуўшыся ў моргу, жахнулася ад убачанага:

– Учора, калі ўбачыла яго ў моргу ў чорным мяшку і каровіным гаўне, я страціла прытомнасць, – не хаваючы слёзаў апавядае Таццяна. – Ён быў добры, любячы бацька і муж, безадмоўны сын. У яго засталіся жонка і двое маленькіх дзетак: 6 і 3 гады. Вось так у нашай краіне гінуць ратавальнікі: у чорным мяшку і каровіным гаўне.

Калегі Кірыла ўпэўненыя, што справу спусцяць на тармазах:

– Хочуць замяць пытанне. Цяпер падчышчаюць паперы. Мянты сказалі, кіраўніцтва спусціць усё на тармазах. Я быў там цяпер. Бачыў месца падзення. 10 метраў. Не пашанцавала яму проста. Вельмі шкада Кіруху, жыць ды жыць. Прыгажун які быў.

У момант сустрэчы Таццяны з журналістам «Моцных Навінаў» пад домам бацькоў стаяла машына хуткай дапамогі, а ўнутры знаходзілася кіраўніцтва: прапаноўвалі сваю дапамогу, расказвалі, што паводле дакументаў усё чыста, тэхніку бяспекі Кірыл прайшоў. Аднак пытанне, што ў свой працоўны час ён рабіў на даху кароўніка і чаму апынуўся на 10-метровай вышыні без страховачнага пояса, застаецца адкрытым.

Сваякі Кірыла Раманава не збіраюцца маўчаць. Яны хочуць, каб адпаведныя органы ва ўсім разабраліся, а вінаватыя, чыімі рукамі ўсё гэта было арганізаванае, панеслі пакаранне.

Заўтра адбудзецца пахаванне.

Напісаць каментар 62

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках