5 траўня 2024, Нядзеля, 18:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сталі вядомыя падрабязнасці рабавання банка ў Магілёве

45
Сталі вядомыя падрабязнасці рабавання банка ў Магілёве

Нападнік на працягу гадзіны трымаў у закладніках касіраў і кліентаў банка.

Удзень 20 лістапада невядомы мужчына з пісталетам уварваўся ў аддзяленне «Беларусбанка» на вуліцы Каліноўскага ў Магілёве. На працягу гадзіны ён трымаў у заложніках касіраў і кліентаў банка, пасля чаго з прымяненнем зброі быў затрыманы міліцыяй.

Алег Ш., у мінулым жыхар Магілёва, які цяпер жыве ў Маскве, быў на сувязі з братам, калі пачаўся напад, піша nn.by.

Алег кажа: нападнік сабраў усе тэлефоны кліентаў і супрацоўнікаў банка ў скрыню для смецця. Голас у нападніка быў нервовы, істэрычны.

«Я падумаў, што нападнік - малады чалавек. Гадоў 25-30. Але, вядома, можа яго падвёў голас», - кажа Алег.

Нападнік патрабаваў, каб міліцыянты пакінулі сваю зброю ў машыне і далі яму магчымасць з'ехаць. Крычаў: «Пакладзіце зброю, сыходзьце, калі не хочаце праблем!».

«Усё, што адбывалася, я чуў на працягу амаль гадзіны пакуль не выключыўся тэлефон. Вельмі моцна перажываў за маму і брата. Чуў, як нехта з закладнікаў пытаўся (у злачынцы) ці можна выпіць лекі, ён быццам бы дазволіў, потым нейкая жанчына спытала, ці патрэбен камусьці валідол, і пачуў голас сваёй мамы - дайце мне таксама валідол (у яе слабое сэрца, ды і ўзрост ужо немалы)...», - паведаміў суразмоўца.

Калі хто-небудзь скардзіўся, нападнік нерваваўся, казаў: «Вы ў банк прыйшлі, у вас, напэўна, грошы ёсць, а я тут не ад добрага жыцця».

Таксама нападнік папрасіў адну жанчыну, каб тая выйшла да міліцыі і агучыла яго патрабаванні. «Я хачу, каб мне дазволілі пакінуць будынак і з'ехаць, тады ніхто не пацерпіць. Банку ўсё роўна, ён застрахаваны», - казаў рабаўнік.

Жанчына нават не выйшла, а напэўна, толькі адкрыла дзверы, бо, пасля таго як пракрычала патрабаванні, вярнулася ў банк.

Затым нападнік запатрабаваў правесці перамовы. «Калі мае ўмовы прымуць, я адпушчу жанчын, але аднаго чалавека пакіну, вазьму з сабой», - абяцаў ён.

Затым прыйшоў міліцыянт, нейкі начальнік ці то аховы міліцыі, ці то банка.

«У вас не павінна быць зброі», - казаў яму рабаўнік. «Начальнік» запэўніваў, што зброі няма. Нападнік не верыў. Ледзь не ўзнік скандал: рабаўнік спытаў, дзе служыў яго «госць», а той адказаў, што нідзе. Рабаўнік не паверыў, пачаў злавацца, маўляў, як такое можа быць?

Рабаўнік патрабаваў, каб да банка падагналі машыну і на яго вачах склалі ў машыну ўсю зброю. Затым ён хацеў з'ехаць, на той жа машыне ці не - невядома.

«Праз некаторы час - пачуўся віск аўтамабіля, крыкі: «давайце хутка за ім!» І гукі стрэлаў. Усё працягвалася блізу гадзіны», - распавёў Алег.

Цяпер маці і брат у міліцыі. Тэлефоны ім пакуль не вярнулі.

У банку было 5 чалавек закладнікаў, паведамляе БелТА са спасылкай на праваахоўнікаў. Аўтамабіль рабаўніку ўсё ж далі. На гэтай машыне мужчына і выехаў за горад, дзе яго ўжо чакалі байцы АМАПу.

«Убачыўшы іх, зламыснік аказаў супраціў, адкрыўшы прыцэльны агонь, бо пры сабе ў яго была баявая зброя. У адказ прадстаўнікі МУС былі вымушаныя прымяніць сілу. У выніку спецаперацыі, падчас якой праваахоўнікі таксама ўжылі зброю, мужчына быў паранены ў нагу і затрыманы. Больш пацярпелых няма», - распавялі ў праваахоўных органах.

Рабаўнік ў бальніцы - міліцыя параніла яго ў нагу пры затрыманні. Ён быў узброены пісталетам Макарава. З кліентаў і супрацоўнікаў банка ніхто не пацярпеў.

У дачыненні да рабаўніка будзе распачатая крымінальная справа за захоп закладнікаў. Пакаранне - да 12 гадоў пазбаўлення волі.

Напісаць каментар 45

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках