Улады закапаюць у снег яшчэ $1,5 мільёна
11- 29.11.2017, 21:28
- 18,047
У сталіцы дадаткова вылучаць паўтара мільёна даляраў на зімовае ўтрыманне вуліц і дарог.
У Менску дадатковыя сродкі будуць накіраваныя на бягучае ўтрыманне вуліц і дарог, а таксама забеспячэнне бяспекі дарожнага руху ў зімовы перыяд. Гэта прадугледжана карэкціроўкай бюджэту сталіцы на 2017 год, зацверджаным сёння на 26-й сесіі Менскага гарадскога «савета дэпутатаў», піша БелТА.
Як адзначыў начальнік галоўнага фінансавага ўпраўлення Менгарвыканкама Аляксей Афанасьеў, за кошт пераразмеркавання бюджэтных сродкаў на бягучае ўтрыманне вулічна-дарожнай сеткі ў зімовы перыяд дадаткова будзе выдзелена 3 млн рублёў. Акрамя таго, 1,2 млн накіроўваецца на ўтрыманне сетак вонкавага асвятлення, 600 тысяч - на мастацка-дэкаратыўнае афармленне Менска ў дні правядзення агульнадзяржаўных і гарадскіх свят.
Таксама са сродкаў бюджэту за 3,5 млн будуць накіраваны для забеспячэння ў поўным аб'ёме субсідый па цеплазабеспячэнні і гарачым водазабеспячэнні ў межах планава-разліковых цэн.
Аляксей Афанасьеў падкрэсліў, што змены не акажуць ўздзеяння на асноўныя паказчыкі гарадскога бюджэту 2017 года. «Дэпутаты» цалкам падтрымалі прапанаваную бюджэтную карэкціроўку. Начальнік галоўнага фінансавага ўпраўлення Менгарвыканкама паінфармаваў, што з пачатку гэтага года ў даходную частку гарадскога бюджэту паступіла 84% ад запланаванага гадавога аб'ёму паступленняў, прафінансавана 74% планавых выдаткаў. Br770 млн за гэты перыяд перададзена ў рэспубліканскі бюджэт у выглядзе міжбюджэтнага трансферту.