19 лiстапада 2017, Нядзеля, 20:57

Наталля Радзіна: Усё можа змяніцца ў кожную хвіліну

21
Наталля Радзіна

Улады не дарма баяцца вольных ідэй і вольных людзей.

Галоўная рэдактарка сайту Charter97.org Наталля Радзіна распавяла пра сваё стаўленне да грамадзянскай ініцыятывы «Хартыя'97», якой у лістападзе споўніцца 20 гадоў.

- Шмат у каго з «Хартыяй» звязана нешта сваё. Спачатку гэта слова асацыявалася з першымі 100 падпісантамі, з дакументам «Хартыя'97», потым з людзьмі з аргкамітэта, з Андрэем Саннікавым, а сёння «Хартыя» шмат у чым асацыюецца з Вамі. І вось такое пытанне: як гэта, быць тварам «Хартыі'97»?

- Няпроста. Найперш, гэта адказнасць за саму ініцыятыву, за прынцыпы, на якіх яе стваралі.

Я аддала сайту Charter97.org 17 гадоў жыцця, і ў нас з ім, як бы гэта сказаць, падобныя характары: не можа быць ніякіх кампрамісаў з сумленнем, нельга здраджваць, нельга хлусіць, бо хлусня раз'ядае, нельга здавацца. Лёгкага жыцця такі характар ні мне, ні сайту не прынёс, але затое не сорамна ні за сябе, ні за сваю справу.

«Хартыю» стваралі і стварае вельмі шмат людзей, не адна я гэтым займаюся. Я прыйшла працаваць на сайт у 2001 годзе, хоць была адным з першых падпісантаў дакумента ў 1997 годзе. Тады я працавала ў газеце «Імя», была журналісткай-пачаткоўкай, вучылася на 2 курсе факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Потым яшчэ некалькі гадоў працавала ў іншых незалежных газэтах («Народная Воля», «Навіны» і «Наша Свабода»), але ўлады сталі закрываць адно незалежнае выданне за другім. Варыянт працы на тэлевізіі або радыё, якія ўжо былі падкантрольныя ўладам, я нават не разглядала. І тут Алег Бябенін прапанаваў мне пайсці працаваць на сайт «Хартыя'97», які да таго часу ўжо быў лідарам, і я пагадзілася.

Найперш таму, што ў аргкамітэце "Хартыі'97" былі вельмі цікавыя людзі: Андрэй Саннікаў, Алег Бябенін, Мікалай Халезін, Зміцер Бандарэнка, Людміла Гразнова, Віктар Івашкевіч, Юры Хашчавацкі, Валеры Шчукін, Аляксандр Дабравольскі, Алесь Марачкін, Уладзімір Мацкевіч, Аляксандр Дубравін. Гэта быў такі «клуб» прафесіяналаў і інтэлектуалаў, якія рэальна хацелі змяніць сітуацыю ў краіне.

Усе палітвязні, выйшаўшы на волю, спярша прыходзілі да нас, каб падзякаваць за тое, што мы змагаліся за іхняе вызваленне. А для мяне дагэтуль кожны, хто адседзеў за ідэі турэмны тэрмін — чалавек з «німбам» на галаве, я бязмерна захапляюся мужнасцю і моцай гэтых людзей.

Там збіралася самая лепшая і адважная моладзь з «Зубра» і «Маладога Фронту» Яўген Афнагель, Аляксей Шыдлоўскі, Мікіта Сасім, Алесь Чаркашын, Антон Цялежнікаў, Яраслаў Сцешык, Аляксандр Атрошчанкаў, Леанід Навіцкі, Зміцер Бародка, Цімафей Дранчук, Павел Юхневіч, Андрэй Пятроў, Ірына Тоўсцік і шмат іншых. Мы сябравалі з самымі лепшымі і свабоднымі рок-музыкамі Ігарам Варашкевічам, Лявонам Вольскім, Змітром Вайцюшкевічам, Касяй Камоцкай, Русяй, з мастакамі суполкі «Пагоня», пісьменнікамі, рэжысёрамі, акторамі. Увогуле, было шчасцем знаходзіцца ў такой грамадзе. Да таго ж, што важна, у «Хартыі» немагчыма стаяць на месцы, не развівацца. Нейкая сіла, энэргія, дух гэтай арганізацыі прымушае цябе безупынна рухацца наперад.

- У 2010 годзе, калі адбыліся масавыя арышты, Вы і ваша рэдакцыя, ваша журналісцкая суполка апынуліся ў турме. Вы асабіста праходзілі ў некалькіх крымінальных справах, і можна сказаць, што Вы трапілі ў турму менавіта за тое, што з'яўляліся галоўнай рэдактаркай небяспечнага для ўлады сайта. Не шкадавалі, што калісьці прыйшлі сюды на працу?

- Не, шкадаванняў не было абсалютна. Першыя 10 гадоў я працавала ў падзямеллі, не афішавала, што я журналістка сайта Charter97.org. Рабілася гэта выключна з меркавання бяспекі, бо важнейшай за вядомасць была патрэба працягваць сваю працу. Спецслужбы, натуральна, ведалі, хто працуе на сайце «Хартыі». На пачатку 2010 года супраць сайта была распачатая першая крымінальная справа. Я была галоўнай сведкай у гэтай крымінальнай справе, мяне пачалі цягаць на допыты, і на працягу года было распачата ўжо чатыры справы, фігурантам якіх я з'яўлялася.

Усе доўгія гады працы ў «Хартыі» я ўяўляла, чым гэта можа скончыцца. Рэпрэсіі супраць незалежных журналістаў у Беларусі былі заўсёды. Я разумела, наколькі ўлады баяцца свабоды слова і маральна рыхтавала сябе да таго, што рана ці позна давядзецца сесці ў турму.

Тут трэба сказаць дзякуй нашай міліцыі. Рэпрэсіі, якія доўжыліся на працягу 2010 года (ператрусы ў рэдакцыі, канфіскацыя тэхнікі, допыты, якія доўжыліся па чатыры гадзіны з запісам на відэакамеру), маральна загартавалі і падрыхтавалі да таго, што, калі я апынулася ў камеры ізалятара КДБ, нейкай гістэрыкі або глыбокай роспачы ў мяне не было. Я выдатна разумела, што праз гэта таксама трэба прайсці.

Самае цяжкае – гэта, вядома, была загуба заснавальнікі сайта Алега Бябеніна, за тры месяцы да 19 снежня 2010 года. Калі забілі Алега, мне было вельмі і вельмі страшна, але я зразумела, што ні ў якім выпадку нельга спыняцца, трэба працягваць, у памяць аб ім і на злосць усім гэтым агіднікам.

- Калі пры слове "Хартыя'77" шмат хто ўспамінае імя Вацлава Гаўла, сёння пры слове "Хартыя'97" ўспамінаюць аб Наталлі Радзінай. Гавэл быў драматургам. Вы – журналістка. Няма думкі наўпрост заняцца палітыкай і грамадскай дзейнасцю?

- Акурат гэтае пытанне мне надоечы задаваў адзін беларускі бізнэсовец, які прыязджаў у Варшаву, і я адказала яму, што ў палітыку не збіраюся. Па-першае, цяпер не час для гэтага, найперш, мне здаецца, трэба проста далей рабіць сваю справу. Сітуацыя з мэдыямі ў Беларусі катастрафічная, а людзям трэба атрымліваць інфармацыю аб тым, што адбываецца ў іхняй краіне.

Менавіта таму я наважыла з'ехаць з Беларусі, хоць гэта была маральна неймаверна цяжкая пастанова і фізічна вельмі цяжкае выпрабаванне. Мае ўцёкі з Беларусі доўжыўся практычна чатыры месяцы, мне даводзілася доўгі час хавацца, з вялікай цяжкасцю без пашпарта ўцякаць з краіны, і я мяркую, што мая галоўная мая задача – гэта захаваць сайт, зрабіць усё, каб ён працягваў працу, бо працаваць сёння ў Беларусі, вядома, мы не можам. Мы бачым, што сёння адбываецца, як улады знішчаюць незалежныя мэдыі, ідзе зачыстка таго, што не было зачышчана ў 2000-я гады. Узмацніўся кантроль з боку КДБ і самацэнзура ў саміх журналістаў, якія працуюць унутры краіны.

Працаваць складаней становіцца ўсім. Можа быць, хтосьці мае ўяўленне, што «Хартыя» сёння за мяжой вельмі добра пачуваецца і атрымлівае велізарнае фінансаванне, але гэта не так. У нас вялікія праблемы і з фінансаваннем, і з кадрамі, але, тым не менш, людзі працягваюць сваю працу, і кожным сябрам нашай суполкі я ганаруся, бо штодзень гэтыя людзі здзяйсняюць чын, робячы далей сваю справу, і робяць яе сумленна, нягледзячы на ўсе выдаткі і рызыкі.

Але надалей, не выключана, што ў нармальнай і вольнай Беларусі я магу неяк змяніць род сваёй дзейнасці. У кожным выпадку, у беларускіх рэаліях незалежны журналіст – гэта больш, чым журналіст, бо нам сёння трэба бараніць права на свабоду слова, нам трэба казаць праўду аб тым, што адбываецца ў краіне. Калі гэта баяцца рабіць некаторыя палітыкі ў Беларусі, то я ўважаю за свой абавязак казаць пра гэта сама.

- А вы сустракаліся ў Вацлавам Гаўлам?

- Не, я не паспела, на жаль, сустрэцца з Вацлавам Гаўлам, але я атрымлівала ад яго ліст падтрымкі, калі мяне вызвалілі з ізалятара КДБ пад падпіску аб нявыездзе. Гэта было неймаверна важна і ўмацавала мяне ў разуменні, што я раблю правільныя рэчы, што стаю на правільным шляху.

Была яшчэ гісторыя ў турме КДБ. Калі мяне арыштавалі, у кішэні маёй курткі ляжаў ліст Вацлава Гаўла, які ён напісаў беларусам, што стаялі на Плошчы 19 снежня 2010 года. Пераклад гэтага ліста зачытала на Плошчы Наталля Каляда, кіраўніца Беларускага Свабоднага тэатра, і я ўзяла ў яе тэкст, каб пасля апублікаваць на сайце. Гэты тэкст застаўся ў мяне ў кішэні курткі і, калі ў мяне забіралі рэчы перад тым, як адправіць у камеру ізалятара КДБ, я папрасіла гэтую паперку пакінуць мне. Гэта было ўжо пад раніцу, супрацоўнікі турмы КДБ працавалі ў рэжыме 24 гадзіны, былі стомленыя і не забралі ў мяне гэты ліст.

Ліст Гаўла, у якім ён выказваў салідарнасць з беларусамі, што змагаюцца за сваю будучыню і супраць фальсіфікацыі выбараў, заставаўся са мной на працягу двух месяцаў, якія я правяла ў следчым ізалятары, ён праляжаў пад падушкай, і я яго тады вывучыла на памяць. Потым, калі мяне выпускалі пад падпіску аб нявыездзе, мяне зноў абшукалі і знайшлі гэты ліст. Быў вялікі скандал, у мяне пачалі пытацца, адкуль гэты ліст. Прыбег, хоць ужо быў позні час, начальнік турмы Арлоў, які стаў патрабаваць ад мяне прызнання, што гэта быў ліст на волю арыштаванага кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава.

Я тады зразумела, наколькі турэмшчыкі баяцца вольных ідэй і вольных людзей. І не дарма баяцца. Як вучыць гісторыя, усё можа змяніцца ў кожную хвіліну.