27 красавiка 2024, Субота, 0:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пратэст у Калодзішчах: Улады перагледзяць праект будаўніцтва завода

8
Пратэст у Калодзішчах: Улады перагледзяць праект будаўніцтва завода

Жыхары Калодзішчаў пратэстамі дамагліся ад уладаў перагляду праекта будаўніцтва «Амкадора».

Пасля пратэстаў грамадскасці ў сувязі з будаўніцтвам у Калодзішчах пад Менскам новага завода спецыяльных машын "Амкадор" у Міністэрстве архітэктуры і будаўніцтва 8 снежня прайшла закрытая нарада.

Як сказалі карэспандэнту «Свабоды» ў міністэрстве, пакуль прыняты «тэхнічныя пастановы», але пра новы праект будаўніцтва завода пакуль казаць рана.

Гаворка ішла аб унясенне зменаў у распрацаваны праект будаўніцтва на тэрыторыі ляснога масіва сажалак-выпарнікаў, што выклікала абурэнне жыхароў Калодзішчаў.

«Праектныя інстытуты пакажуць новую пастанову»

«Мы далі заданне, каб праектныя інстытуты паказалі новую пастанову для размяшчэння сажалак-выпарнікаў.

Таксама можна разгледзець варыянт, каб сажалкі займалі меншую тэрыторыю, чым закладзена ў праектнай дакументацыі», - сказалі карэспандэнту «Свабоды» ў міністэрстве.

Прапановы праектных інстытутаў плануецца абмеркаваць праз два тыдні, пасля чаго намеснік міністра архітэктуры прыме канчатковую пастанову.

«Пакуль жа ніякай канкрэтыкі», - паведаміла крыніца ў міністэрстве.

«Цяпер 31 тона выкідаў, а будзе 300»

Жыхары Калодзішчаў, Міхайлава Кута, Гарадка і найбліжэйшых да іх садовых кааператываў пад Менскам пратэстуюць супраць будаўніцтва экалагічна небяспечнага, як яны думаюць, завода «Амкадор».

Цяпер на месцы новага завода знаходзіцца невялікае прадпрыемства «Дормашмет», якое таксама належыць холдынгу «Амкадор».

«У яго толькі 31 тона выкідаў. А будзе амаль 300 тон, а з іх 128 або 132 (паводле розных звестак) тон выкідаў, якія немагчыма ачысціць. Да таго ж пашыраецца прамысловая зона і будуць створаныя сажалкі-выпарнікі», - сказала Ірына, прадстаўніца ініцыятыўнай групы жыхароў.

У сацыяльных сетках каладзішчанцы размясцілі свае прэтэнзіі да будаўніцтва. Сярод іншага яны выступаюць супраць высякання 3 гектараў лесу першай катэгорыі пад будаўніцтва сажалак-выпарнікаў.

У іх, як плануецца, будуць трапляць усе ліўневыя сцёкі з тэрыторыі завода.

З высновы Інстытута экспэрыментальнай батанікі НАН Беларусі, у лясным масіве, плануюць высечы, знойдзеныя папуляцыі раслін, уключаныя ў Чырвоную кнігу Беларусі, і ў спіс прафілактычнай аховы Чырвонай кнігі. Навукоўцы перакананыя, што будаўніцтва завода спецмашын з рэканструкцыяй дзейнай вытворчасці «Амкадор» прывядзе «да значных негатыўных наступстваў і элімінацыі папуляцыі рэдкіх і амаль што зніклых відаў раслін».

Намеснік дырэктара холдынгу «Амкадор» Сяргей Радаман раней адзначаў, што ў сажалкі будзе скідацца вада, чысцейшая за тую, якая капае з неба. А 132 тоны шкодных выкідаў на год - гэта, з ягоных слоў, «трохі». На прадпрыемстве кажуць, што экалагічная экспэртыза дазваляе ў Калодзішчах будаваць завод, і ён не будзе шкодны.

«Гэты аб'ект наогул не мае права там знаходзіцца»

Каментуючы вынікі абмеркавання праекта новага завода ў Міністэрстве архітэктуры, прадстаўніца ініцыятыўнай групы каладзішчанцаў адзначыла, што сажалкі-выпарнікі «наогул не маюць права там знаходзіцца».

«Якія могуць быць іншыя сажалкі ў гэтым месцы? Хай яны перасунутыя на 50 метраў у адзін ці іншы бок, ад гэтага абсалютна нічога не мяняецца. Там жа камунальна-складская зона, якая, згодна з генпланам Калодзішчаў, не павінна пашырацца. А яны збіраюцца пашырыць вытворчую зону. Там дарэчы пытанне і наконт газапроваду, які будуць праводзіць да прадпрыемства», - сказала Ірына.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках