27 красавiка 2024, Субота, 0:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як «агурковыя прынцы» Альшан плююць на закон

32
Як «агурковыя прынцы» Альшан плююць на закон

Паведамленні аб парушэннях ПДР і затрыманні непаўналетніх бяспраўнікаў з Альшан з'яўляюцца нярэдка.

У гучным ДТЗ у Жыткавіцкім раёне Гомельскай вобласці 3 снежня загінулі трое маладзёнаў. «Мэрсэдэс» вылецеў у кювет, рэзнуўся ў дрэва, перакуліўся. Ад аўто амаль нічога не засталося, піша nn.by.

Высветлілася, што ўсе трое хлопцаў родам з «агурковай сталіцы» Беларусі, з Альшан Столінскага раёна Берасцейскай вобласці. За стырном, магчыма, быў 18-гадовы хлопец без пасведчання кіроўцы — сын Івана Грыба, буйнога фермера. Іван, разам з братам Міхаілам, займаецца вырошчваннем агуркоў і іх экспартам у Расею. Гэтыя прадпрымальнікі не хавалі, што за сезон зарабляюць блізу мільёна даляраў.

Наогул жа, Альшаны вядомыя тым, што там у вялікіх сем'ях амаль усе працуюць у фермерскіх гаспадарках. Амаль усе, ужо з дзяцінства, маюць аўто, і аўто нядрэнныя.

Жыццё 18-гадовага хлопца абарвалася, гэта трагедыя. Але гэта і тэндэнцыя. Праблемы з ДАІ для Альшан не рэдкасць. Міліцыя не аднаразова звяртала ўвагу на сітуацыю ў «агурковым краі».

Сяргей Талатай, начальнік ДАІ Берасцейскай вобласці, у верасні адзначаў, што для Альшан непаўналетнія кіроўцы не рэдкасць, а «сумная заканамернасць праз абыякавае стаўленне бацькоў».

«Колькі разоў мясцовыя супрацоўнікі ДАІ і я асабіста чулі ад бацькоў, непаўналетняе дзіця было затрыманае за стырном матацыкла ці аўтамабіля: а ты што не мог уцячы? А калі дзіця скача на службовым аўто ДАІ? А калодкі ў аўтамабілях, каб дзіця даставала да педаляў?! Гэтыя прыстасаванні робяць дзецям іх бацькі! Гэта стаўленне дарослых праецыруецца на паводзіны дзяцей. Яны тым самым падстаўляюць пад абух не толькі сваё дзіця, але і іншых удзельнікаў дарожнага руху, — казаў міліцэйскі начальнік у інтэрв'ю столінскім «Навінам Палесся». — Закон адзіны для ўсіх. А што мы назіраем у Альшанах? Словы, да прыкладу, пастара тут не падпадаюць пад сумнеў, а дзяржаўны закон трактуюць па-свойму чамусьці! Кожны рэгіён нашай краіны мае нейкія свае асаблівасці і традыцыйныя асновы, але ўсё жывуць у рамках закона. Выключэнне — Альшаны. Гэта праблема не аднаго дня, гэты, вобразна кажучы, нарыў фармаваўся доўгія гады. Адыгралі сваю ролю і аддаленасць ад раённага і абласнога цэнтраў, і традыцыйныя ўстоі, якія фармаваліся гадамі, і пэўная вера, і упэўненасць у сваёй выключнасці...»

Больш таго, трагічнае ДТЗ пад Жыткавічамі, нават не першае з удзелам сям'і Грыбаў. У 2006 годзе Сяргей Грыб, тады 21-гадовы хлопец, збіў веласіпедыстку. У 2008 годзе адбыўся суд, Сяргея Грыба прызналі вінаватым у прычыненні смерці з неасцярожнасці. Яму прысудзілі 3 гады «хатняй» хіміі. А ў 2013 годзе Сяргея Грыба падазравалі ў тым, што ён зноў збіў чалавека — яго аўтамабіль БМВ Х5 наехаў на 48-гадовага мужчыну, які ішоў па краі праезнай часткі. Пацярпелы памёр на месцы, а Грыб нават не спыніўся, ён уцёк з месца ДТЗ. Міліцыя абвясціла план «Перахоп», праз тры дні Грыба знайшлі і затрымалі. БМВ стаяў у ягоным гаражы.

Мясцовыя СМІ пісалі, што Грыб казаў, маўляў, нібыта прыняў чалавека за гурбу. Крымінальная справа была распачатая, але да суда не дайшла.

Паведамленні аб парушэннях ПДР і затрыманні непаўналетніх бяспраўнікаў з Альшан з'яўляюцца нярэдка.

У 2016 годзе супрацоўнікі ДАІ спрабавалі спыніць аўтамабіль «Жыгулі», у адказ кіроўца толькі павялічыў хуткасць руху. Пагоня закончылася дарожна-транспартным здарэннем — «Жыгулі» рэзнуліся ў слуп. У салоне знаходзіліся пяцёра непаўналетніх. Аўтамабілем кіраваў 16-гадовы. У тым жа годзе ДАІ спыніла аўто Аўдзі А6, якім кіраваў таксама 16-гадовы падлетак. Аднойчы, калі супрацоўнікі ДАІ спынілі чарговага непаўналетняга бяспраўніка, вакол аўто ДАІ сабраўся натоўп і пачаў патрабаваць адпусціць хлопца, некаторыя нават спрабавалі выцягнуць яго з аўто.

Увосень 2016 года 7 хлопцаў з Альшан перакуліліся на БМВ Х5 (прычым, аднаго з іх перавозілі ў багажніку). Кампанія вярталася з Пінска, з начнога клуба. У выніку ДТЗ, 21-гадовы хлопец, які знаходзіўся за стырном, загінуў. Пасведчання кіравання аўтамабілем ён не меў.

Ужо ў 2017 годзе матацыкліст, не маючы пасведчання, сыходзіў ад пагоні ДАІ і збіў 13-гадовую дзяўчынку. І зноў натоўп мясцовых жыхароў сабраўся вакол аўто. Альшанцы сцвярджалі, што вінаваты не хлопец, а нібыта аўтаінспектары падрэзалі матацыкліста.

А ў верасні супрацоўнікі ДАІ спынілі ў Альшанах «Жыгулі». Кіроўца, 16-гадовы падлетак, які не толькі не меў пасведчання, а яшчэ і быў п'яны.

І не варта забываць, што ў СМІ трапляюць толькі гучныя навіны аб ДТЗ і парушэннях ПДР. А колькі дробных выпадкаў? Акрамя таго, можна быць упэўненым, што некаторыя такія пытанні не «разглядаюцца на месцы»?

Што праблема існуе, прызнае і пастар мясцовай царквы Хрысціян Веры Евангельскай Уладзімір Чынікайла.

«Мы на гэта заўсёды рабілі акцэнт і робім, просім аб паслухмянстве. Вучым, просім. Але моладзі шмат, не ўсе паслухмяныя, — сказаў Чынікайла. — Часам моладзь не можа здаць на пасведчанне і наважваецца садзіцца за стырно без яго. Той хлопец, што разбіўся ў Жыткавічах, здаецца, тры разы здаваў на пасведчанне кіроўцы і не здаў. І бацькі забаранялі браць аўто... Але бачыце, як яно выходзіць. Не паслухаліся і паехалі. Ёсць такая праблема.

Калі пасведчанне не атрымалі, а за стырно схапіліся, то не значыць, што бацькі гэта ўхваляюць. Ніхто не ўхваляе, заўсёды папярэджваем. Але здараецца.

Але аварыі бываюць не толькі ў нас. Таму начальніку міліцыі можна адказаць, што вось, кіраўнік Баранавіцкага ДАІ збіў насмерць жанчыну ў Ляхавічах. Але мы не робім выснову, што ўсе начальнікі міліцыі дрэнныя».

Напісаць каментар 32

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках