28 красавiка 2024, Нядзеля, 8:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Комлік-Ямацін: Калегі сказалі, што не вераць ні ў якія фільмы

Андрэй Комлік-Ямацін: Калегі сказалі, што не вераць ні ў якія фільмы
АНДРЭЙ КОМЛІК-ЯМАЦІН

Патрыёт распавёў, як салідарнасць беларусаў дапамагла яму пераадолець усе цяжкасці.

Патрыёта Андрэя Комліка-Ямаціна затрымалі ўвечары 21 сакавіка каля пад'езду свайго дома, калі ён вяртаўся ад бацькоў. Правёў за кратамі 101 дзень, паведамляе «Радыё Свабода»:

Да ўлады я і раней быў крытычна настроены. А цяпер...азлобленасць з'явілася нейкая. На следчыя органы. За тое, што са мной зрабілі і з маёй сям'ёй. Гэта была даволі сур'ёзная жыццёвая школа. Не ведаю толькі, добры гэта быў урок ці не вельмі. Але ўсё гэта досвед. Калі ён цябе не забіў, то зрабіў мацнейшым.

Я працую на маторным заводзе, тэрмістам, як і раней, на Ваўпшасава. Рамесніцтвам яшчэ трохі займаюся, выпускаем вопратку розных стыляў. У гэтым плане нічога не змянілася. Адзінае, цяпер ёсць цяжкасці, звязаныя з тым, што мне дагэтуль не вярнулі кампутар. Там у мяне неабходная для працы з адзеннем інфармацыя. Але цяпер вернуць, спадзяюся.

На заводзе да мяне па-чалавечы паставіліся. Ніхто не прапаноўваў звольніцца. Я там ужо 10 гадоў працую, усе мяне ведаюць даўно. Людзі нармальныя там, простыя хлопцы. Падтрымлівалі мяне. Казалі, што не вераць ва ўсе гэтыя фільмы.

Шчыра кажучы, я не мог сабе ўявіць, што вось такія рэчы са мной адбудуцца. Што крымінальная справа будзе, затрыманні, усё гэта. Я з 2006 года ў акцыях апазіцыі не ўдзельнічаю, нічога такога не раблю. Адзінае, што развіваю беларускую традыцыйную культуру. Дакладней, выбраў іншы шлях дзейнасці, развіцця, уплыву на нацыянальныя погляды ў краіне. Не сказаў бы, што гэта нешта радыкальнае.

Стасункі з роднымі і блізкімі змяніліся. Ёсць рэчы, якія я перагледзеў. Раней не разумеў чагосьці важнага, а гэтыя падзеі дазволілі зразумець. Раней я больш канфліктны быў з роднымі. Усё павінна было быць па-мойму. Цяпер я стаў больш дэмакратычна ставіцца да сямейнага жыцця. Мне так здаецца, прынамсі. Турма зрабіла мяне больш дэмакратычным.

Шмат новых сяброў з'явілася ў сям'і. З ранейшых хто бліжэйшым стаў, хто аддаліўся. Былі людзі, якіх я ўважаў за даволі блізкіх, а яны да ўсёй сітуацыі паставіліся не вельмі прыемна. Ці то яны баяліся чагосьці, ці яшчэ што.

З'ехаць? Пакуль не думаў. У мяне раней была магчымасць з'ехаць з Беларусі. Але наважыў жыць тут, развіваць тут сваю справу. Страх за сябе і сям'ю ёсць, вядома. Але страх - такая рэч, якую трэба пераадольваць. Прыняць, пераадолець, пазбавіцца ад яго і спадзявацца на лепшае заўсёды. Не думаю, што сітуацыя з маім арыштам паўторыцца. Нават, калі пачнуцца новыя пратэсты, то спатрэбяцца новыя фігуры. Спадзяюся, што бомба двойчы ў адну яміну не падае. Магчыма, дзесьці ў кагосьці насупраць майго прозвішча будзе стаяць гачок. Але спадзяюся, што пакінуць мяне ў спакоі.

«Справа патрыётаў» пачалася ў сакавіку напярэдадні Дня Волі.

21 сакавіка Лукашэнка заявіў, што затрыманыя «некалькі дзясяткаў баевікоў», якія «трэніраваліся ў лагерах са зброяй» у Беларусі і за мяжой, а таксама рыхтавалі правакацыі. Пачаліся затрыманні.

У выніку паводле «справы патрыётаў» праходзілі 35 чалавек. З іх 20 абвінавачваліся яшчэ і паводле артыкула аб «незаконным узброеным фармаванні».

Сярод затрыманых былі дзейныя і былыя супрацоўнікі памежных войскаў, Узброеных сіл, МНС і Унутраных войскаў. У мінулым некаторыя з іх - актывісты незарэгістраванага спартова-патрыятычнага клуба «Белы легіён» (спыніў дзейнасць 15 гадоў таму) і афіцыйнага клуба «Патрыёт» для падлеткаў у Бабруйску. Яшчэ некалькі чалавек - актывісты «Маладога фронту» і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада).

Дзяржаўныя тэлеканалы паказалі кадры ператрусаў і як «адбіралася зброя».

Удакладнялася, што справа пачалася з ліста нейкай «фраў А.» на імя Лукашэнкі: грамадзянка Нямеччыны з беларускімі каранямі паведаміла аб падрыхтоўцы «правакацый» на 25 сакавіка ў Менску.

У прапагандысцкіх фільмах і сюжэтах на БТ «галоўнымі арганізатарамі» называліся лідар Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Мікалай Статкевіч, лідары грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў і Зміцер Бандарэнка, і галоўная рэдактарка сайта Charter97.org Наталля Радзіна.

Нягледзячы на тое, што справа атрымала рэзананс, афіцыйна яе каментавалі рэдка.

У чэрвені патрыётаў паступова выпусцілі з СІЗА пад падпіску аб нявыездзе і неразгалошванні. З некаторых і зусім знялі абвінавачванні. Але расследаванне прадоўжылася.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках