27 красавiка 2024, Субота, 22:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Міраслаў Лазоўскі: Здзіўлены тым, што столькі людзей прапанавалі дапамогу

1
Міраслаў Лазоўскі: Здзіўлены тым, што столькі людзей прапанавалі дапамогу
МІРАСЛАЎ ЛАЗОЎСКІ

Патрыёт распавёў, як змянілася ягонае жыццё пасля сфабрыкаванай справы.

Патрыёт Міраслаў Лазоўскі быў затрыманы пасярод вуліцы ва ўласным аўтамабілі ўвечары 21 сакавіка. Правёў за кратамі 102 дні, паведамляе «Радыё Свабода».

- Я не мог сабе ўявіць, што такое магчыма. Памятаю, як 21 сакавіка ўдзень глядзеў гэтыя заявы Лукашэнкі аб затрыманні банды баевікоў, зброі. Тады і ўявіць сабе не мог, што гэта анонс пра мяне. Нечакана гэта ўсё адбывалася. Як затрыманне, так і вызваленне, і закрыццё справы. Што гэта было?

Знаёмы мне патэлефанаваў і сказаў, што ў інтэрнэце пішуць пра закрыццё справы. Была вялізная нечаканасць. Шмат аналітыкі было, шмат палітолагі пісалі пра «мяккі варыянт» будучага суда. Але ніхто не прагназаваў закрыцця справы. Казалі, што могуць быць умоўныя тэрміны. Ніхто не верыў у тое, што такую гучную справу могуць узяць і закрыць. Але вось цуд адбыўся, дзякуй усім, хто быў датычны.

Шчыра кажучы, я не лічыў, колькі дзён за кратамі правёў. Выпускалі мяне апошнім. Атрымліваецца, я больш за ўсіх адседзеў. Але дзень-два - гэта ж можна не лічыць. Я як працаваў да затрымання ў выдавецтве «Бібліятэка», так і працую.

Дзякуй Богу, што дырэктара за час майго зняволення не звольнілі. Я выйшаў і прадаўжаю займацца тым, чым займаўся. Праўда, у пачатку было асцярожнае стаўленне з боку іншых людзей, кліентаў. Праца з жывымі людзьмі. Нешта такое пэўнае адчувалася. Але цяпер усё добра. Усе ранейшыя кантакты адноўленыя, усё выдатна. Ніхто з тых, з кім працаваў, не адварочваецца. Ажаніўся пасля вызвалення. 8 верасня ў нас са Святланай было вяселле.

Наша затрыманне, утрыманне пад вартай моцна адбілася на родных і блізкіх. Прапанову Святлане я даўно рабіў, яшчэ да сакавіка. Яна ўсё неяк вагалася, мы адкладалі гэта. А тут вось усё гэта здарылася, куды было далей цягнуць.

Стасункі з роднымі, з сябрамі калі і змяніліся пасля затрымання, то толькі ў лепшы бок. Шмат знаёмых было, з якімі мы рэдка падтрымлівалі стасункі, а пасля таго як я трапіў у СІЗА, яны мабілізаваліся.

Я, шчыра кажучы, не думаў, што столькі людзей прапануе дапамогу. Людзі самі выходзілі на сувязь, пыталіся, чым могуць дапамагчы. Такія рэчы не забываюцца. У суседзяў па дому была асцярожнасць у пачатку - адразу, як мяне вызвалілі. Вось, тэрарыст. Але цяпер усё добра. Кажуць, што з самага пачатку ведалі, што я добры. Спадзяюся, што ўсё скончылася.

Не хаджу ўначы па вуліцах азіраючыся. З'язджаць з Беларусі я дакладна не буду. Гэтага не планую і нават не думаю на гэтую тэму. Баюся, што па мяне зноўку прыйдуць? Гарантаваць ніхто нічога не можа».

«Справа патрыётаў» пачалася ў сакавіку напярэдадні Дня Волі.

21 сакавіка Лукашэнка заявіў, што затрыманыя «некалькі дзясяткаў баевікоў», якія «трэніраваліся ў лагерах са зброяй» у Беларусі і за мяжой, а таксама рыхтавалі правакацыі. Пачаліся затрыманні.

У выніку паводле «справы патрыётаў» праходзілі 35 чалавек. З іх 20 абвінавачваліся яшчэ і паводле артыкула аб «незаконным узброеным фармаванні».

Сярод затрыманых былі дзейныя і былыя супрацоўнікі памежных войскаў, Узброеных сіл, МНС і Унутраных войскаў. У мінулым некаторыя з іх - актывісты незарэгістраванага спартова-патрыятычнага клуба «Белы легіён» (спыніў дзейнасць 15 гадоў таму) і афіцыйнага клуба «Патрыёт» для падлеткаў у Бабруйску. Яшчэ некалькі чалавек - актывісты «Маладога фронту» і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада).

Дзяржаўныя тэлеканалы паказалі кадры ператрусаў і як «адбіралася зброя».

Удакладнялася, што справа пачалася з ліста нейкай «фраў А.» на імя Лукашэнкі: грамадзянка Нямеччыны з беларускімі каранямі паведаміла аб падрыхтоўцы «правакацый» на 25 сакавіка ў Менску.

У прапагандысцкіх фільмах і сюжэтах на БТ «галоўнымі арганізатарамі» называліся лідар Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Мікалай Статкевіч, лідары грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў і Зміцер Бандарэнка, і галоўная рэдактарка сайта Charter97.org Наталля Радзіна.

Нягледзячы на тое, што справа атрымала рэзананс, афіцыйна яе каментавалі рэдка.

У чэрвені патрыётаў паступова выпусцілі з СІЗА пад падпіску аб нявыездзе і неразгалошванні. З некаторых і зусім знялі абвінавачванні. Але расследаванне прадоўжылася.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках