28 красавiка 2024, Нядзеля, 3:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Іван Кавальчук: Вельмі чакаў ліста ад брата

2
Іван Кавальчук: Вельмі чакаў ліста ад брата
Іван Кавальчук

Патрыёт распавёў, што дапамагло яму застацца нязломным.

Патрыёт Іван Кавальчук быў затрыманы на ўваходзе ў студэнцкі інтэрнат увечары 21 сакавіка. Правёў за кратамі 101 дзень, паведамляе «Радыё Свабода».

- Я думаў пра тое, каб з'ехаць з краіны. Не таму, што цяпер страшна. Каб папрацаваць. Падлічыў усе шанцы зарабіць на свой дом, на іншае - і наважыў, што гэта ў Беларусі амаль немагчыма зрабіць.

Пра тое, што справа закрытая, я даведаўся праз інтэрнэт. Спачатку прачытаў, што справа перададзеная ў пракуратуру. Настрой адразу ўпаў. Я падумаў, што суд будзе, не ведаючы ўсіх гэтых юрыдычных момантаў. А пасля пачытаў каментары - віншую, віншую! Думаю, з чым тут віншаваць? Ужо пасля мне адвакат усё патлумачыў, я ўзрадаваўся.

Не ведаю нават, што можна пра гэтую справу думаць цяпер. Усё вельмі нечакана адбылося. Былі планы ў жыцці, і раптам рэзка усё змянілася. Я зусім інакш збіраўся жыць, цяпер спрабую аднавіць усе патроху. Універсітэт планаваў скончыць, як мінімум. Цяпер мяне адтуль «адфутбольваюць». Спачатку абяцалі восенню даць магчымасць абараніць дыплом, потым - праз дзесяць месяцаў. Яны там інтэрпрэтуюць маю адсутнасць на абароне як няўважлівую прычыну. Я пісаў ім пра прэзумпцыю невінаватасці, але гэта ніякага значэння не мае там. Адпісалі, што я сядзеў у СІЗА абгрунтавана, таму адсутнічаў з няўважлівай прычыны.

Цяпер на руках дакумент аб закрыцці справы, пайду зноў ва ўніверсітэт. Дыплом гатовы ўжо, толькі нюансы ў афармленні засталіся. Магчыма, цяпер дазволяць абараніцца. Але я не ўпэўнены, што здолею. Яны там баяцца ўсе.

У пачатку вясны я планаваў пасля заканчэння ўніверсітэта заняцца сваёй уласнай справай. Хацеў ствараць сайты. Дызайн і вёрстка. Гэта таксама пакуль не ўдалося зрабіць. Спачатку быў за кратамі, пасля вызвалення першы час таксама не да гэтага было. Але планую вярнуцца да гэтай ідэі.

Акрамя сайтаў я збіраўся таксама заняцца праектаваннем катэджаў. Цяпер я працую ў кампаніі, якая займаецца продажам - архітэктар у аддзеле маркетынгу, архітэктар-дызайнер. Пакуль так. Да затрымання я таксама працаваў у кампаніі архітэктарам, але мяне адтуль акуратна пасунулі. Так атрымалася, што праз тыдзень пасля вызвалення з СІЗА напісаў заяву і сышоў. «Раз быў там, значыць, недзе засвяціўся», - так мне кіраўніцтва казала.

З братам змяніліся ў лепшы бок. Я ў СІЗА вельмі чакаў лістоў ад яго. Брат умеў падбадзёрыць, падняць настрой. Распавядаў, што на волі адбываецца. Мы там, за кратамі, зусім нічога не ведалі. Там жа чатыры сцяны - і ўсё, ніякай інфармацыі. Не ўсе лісты ад брата даходзілі, але я вельмі ўдзячны яму. З бацькам і маці, як і раней, усё добра. Хоць маці, мабыць, адчула, што я дарослы ўжо, раз са мной такія рэчы адбываюцца. У нас у стасунках усё па-ранейшаму добра, я вельмі люблю сваіх бацькоў.

Фобія, чаканне новага затрымання, у пачатку толькі была. Адразу пасля вызвалення. Цяпер я ўжо не баюся вуліцамі хадзіць. У фільме Braveheart адзін з герояў кажа свайму войску, якое збіралася сысці з поля бою: «Вы пойдзеце, але потым, лежачы ў ложку перад смерцю, будзеце шкадаваць пра гэта». Таму - што мне баяцца? Жыць трэба. Што здарыцца, то і здарыцца.

«Справа патрыётаў» пачалася ў сакавіку напярэдадні Дня Волі.

21 сакавіка Лукашэнка заявіў, што затрыманыя «некалькі дзясяткаў баевікоў», якія «трэніраваліся ў лагерах са зброяй» у Беларусі і за мяжой, а таксама рыхтавалі правакацыі. Пачаліся затрыманні.

У выніку паводле «справы патрыётаў» праходзілі 35 чалавек. З іх 20 абвінавачваліся яшчэ і паводле артыкула аб «незаконным узброеным фармаванні».

Сярод затрыманых былі дзейныя і былыя супрацоўнікі памежных войскаў, Узброеных сіл, МНС і Унутраных войскаў. У мінулым некаторыя з іх - актывісты незарэгістраванага спартова-патрыятычнага клуба «Белы легіён» (спыніў дзейнасць 15 гадоў таму) і афіцыйнага клуба «Патрыёт» для падлеткаў у Бабруйску. Яшчэ некалькі чалавек - актывісты «Маладога фронту» і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада).

Дзяржаўныя тэлеканалы паказалі кадры ператрусаў і як «адбіралася зброя».

Удакладнялася, што справа пачалася з ліста нейкай «фраў А.» на імя Лукашэнкі: грамадзянка Нямеччыны з беларускімі каранямі паведаміла аб падрыхтоўцы «правакацый» на 25 сакавіка ў Менску.

У прапагандысцкіх фільмах і сюжэтах на БТ «галоўнымі арганізатарамі» называліся лідар Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Мікалай Статкевіч, лідары грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў і Зміцер Бандарэнка, і галоўная рэдактарка сайта Charter97.org Наталля Радзіна.

Нягледзячы на тое, што справа атрымала рэзананс, афіцыйна яе каментавалі рэдка.

У чэрвені патрыётаў паступова выпусцілі з СІЗА пад падпіску аб нявыездзе і неразгалошванні. З некаторых і зусім знялі абвінавачванні. Але расследаванне прадоўжылася.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках