26 красавiка 2024, Пятніца, 22:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Актывіст з Ліды: Прыйшоў час пазбавіцца ад чужародных бальшавіцкіх назваў у горадзе

10
Актывіст з Ліды: Прыйшоў час пазбавіцца ад чужародных бальшавіцкіх назваў у горадзе

У Лідзе прапануюць вярнуць гістарычную назву вуліцы Свярдлова - Віленскі тракт.

Ініцыятыва вяртання гістарычнай назвы належыць жыхарам Ліды, якія звярнуліся ў райвыканкам з калектыўным зваротам. У Лідскім райвыканкаме заяўляюць, што пакуль вывучаюць грамадскую думку, паведамляе «Радыё Свабода».

У першы тыдзень абмеркавання прапановы вярнуць вуліцы Свярдлова ў Лідзе яе гістарычную назву погляды гараджан падзяліліся. Частка жыхароў вуліцы, пераважна сталага веку, выказваецца за тое, што змяняць нічога не трэба.

Сярод тых, хто станоўча ставіцца да прапановы, - старшыня Лідскай арганізацыі «Таварыства беларускай мовы» Станіслаў Суднік. Ён мяркуе, што даўно прыйшоў час, каб у горадзе пазбавіліся ад чужародных бальшавіцкіх назваў і вярнулі яму спрадвечныя тапонімы.

Са слоў Судніка, у цэнтры горада патрэбна змяніць і назвы тыпу Савецкая, Ленінская і іншыя:

«Цалкам лагічна, калі вуліца Свярдлова стане Віленскім трактам, бо яна і ідзе ў бок Вільні, нашы продкі нездарма назвалі яе так».

Загадчыца сектарам ідэалагічнай работы Лідскага райвыканкама Алена Каралевіч пацвердзіла, што ў горадзе актыўна вывучаюць ініцыятыву гараджан для вяртання вуліцы гістарычнай назвы.

«Праўда, мы пакуль ніякіх высноў не зрабілі, бо працэс у самым разгары, але некаторыя погляды на тое, якую назву павінна насіць вуліца, нас ужо проста здзівілі», - кажа Алена Каралевіч.

Паводле яе слоў, улады вывучаюць меркаванне грамадзян у сацсетках, актыўна да абмеркавання паставіліся і мясцовыя СМІ. У Лідзе нядаўна некаторым вуліцах вярнулі іх гістарычныя назвы. Напрыклад, з'явіліся вуліцы Грунвальдская, Замкавая і бульвар Гедыміна.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках