22 лiпеня 2018, Нядзеля, 21:09
Рубрыкі

Намесніца старшыні Барысаўскага райвыканкама: Падарункаў дзецям не будзе!

34

Ва ўсіх класах пачатковай школы Барысава і раёна сёлета навагодніх падарункаў не будзе.

Як гаворыцца, новая мятла па-новаму мяце. Пасля заявы мэра Генадзя Дзенгалёва аб пераносе рынкаў «Стадыён» і рынку ў старым горадзе ў Барысаве прайшла пагалоска, што пачатковыя школы больш не атрымаюць навагодніх падарункаў. Таксама многія бацькі не задаволеныя тым, што замест таго, каб установы адукацыі арганізоўвалі канцэрты сваімі сіламі, у школы запрашаюць з боку аніматараў, творчыя калектывы, якія праводзяць святочныя мерапрыемствы.

Згодна з пастановай Барысаўскага райвыканкама, ва ўсіх класах пачатковай школы Барысава і раёна сёлета падарункаў не будзе.

Атрымаць каментар у райвыканкаме не ўдалося. Намесніца старшыні Барысаўскага райвыканкама Марына Булойчык спачатку запрасіла карэспандэнтку ex-Press.by на прыём, а затым адмовілася даць каментар, толькі сказала: «падарункаў не будзе». Пасля гэтага намесніца старшыні намёртва «завісла» ў тэлефоне, мабыць, намякаючы на тое, што журналістка прыйшла зусім не ў час.

Больш добразычліва і тактоўна павёў сябе Андрэй Волкаў, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму. Ён паведаміў, што сёлета навагоднія падарункі будуць не для ўсіх навучэнцаў пачатковай школы:

- Гэта звязана з тым, што ў апошнія гады былы старшыня Барысаўскага райвыканкама Уладзімір Мірановіч асабіста курыраваў гэтае пытанне. Наогул ужо шмат гадоў ва ўсёй краіне скасаваныя бясплатныя падарункі для дзяцей 1-4 класаў.

Андрэй Валер'евіч адзначыў, што падарункі атрымаюць дзеці з маламаёмасных сем'яў, дзеці-сіроты, дзеці са шматдзетных сем'яў, а таксама дзеці, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.

Атрымліваецца, што сёлета дзеці, якія вучацца ў пачатковай школе, застаюцца без падарункаў ад дзяржавы, а дакладней ад барысаўскай улады.

Бацькі прызнаюцца, што кожны год яны здаюць цацкі ці мішуру для школьнай елкі. Але варта адзначыць, якое будзе свята, залежыць ад арганізацыі школы і яе кіраўніцтва.

Настаўнікі 12-й школы Барысава распавялі, што кожны год яны сваімі сіламі арганізуюць ранішнікі:

- Неяк мы запрашалі аніматараў для правядзення свята, аддалі шмат грошай, праграма усім не спадабалася, таму цяпер усе арганізуем самі. Дзеці ўдзельнічаюць у сцэнках, ладзяць канцэрты, у нас шмат таленавітых дзяцей.

Ніна, сын вучыцца ў 20-й школе:

- Заўсёды давалі падарункі, мой сын зараз у 4-м класе, і ўсе 3 гады ён іх атрымліваў. Сёлета нават не ведаю, ці будуць даваць ці не.

Вольга:

- Вось здаём мы па 5 рублёў на ранішнік, арганізатары запрашаюць вядучых і аніматараў з агенцтва. Навошта такая елка ў школе за грошы? Раней заўсёды рабілі выдатныя святы ўласнымі сіламі. Што дзеці цяпер - без таленту? Я ўжо лепш паеду з дачкой на паказ у Менск.

Марта, дзіця вучыцца ў 3-й гімназіі:

- Мы здалі па 4,5 рубля на свята. Настаўнік кажа, што на ранішніку будзе выступаць харэаграфічная школа, а падарункі павінны даваць бясплатна, але пакуль не ведаю, што будзе сёлета.

Юлія, настаўніца:

- Калі я працавала арганізатарам у 20-й школе, падарункі для пачатковай школы давалі бясплатна, у сярэдняй школе ніхто ніякіх грошай не збіраў. Школа вялікая, таму было некалькі ранішнікаў з рознымі сцэнарамі. Мы рыхтавалі сцэнарыі са старшакласнікамі для малых, для старэйшых класаў была дыскатэка з конкурсамі. Усё было абсалютна бясплатна! Старшакласнікам нават было ў радасць прыбірацца якімі-небудзь героямі і выступаць на елцы, мабыць, адчувалі, што больш такой магчымасці «падоўжыць дзяцінства» ўжо не будзе. Потым я працавала ў Зембінскай школе, там і цяпер, наколькі я ведаю, будуць ранішнікі, арганізаваныя старшакласнікамі бясплатна. У сельскай школе ўжо сапраўды ніхто не збярэ грошы на запрошаных артыстаў/аніматараў. Наконт падарункаў скажу, што летась пачатковай школе давалі іх бясплатна.