5 траўня 2024, Нядзеля, 21:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Баранавіцкія таксісты ўзбунтаваліся супраць расейскай службы замовы «Максім»

12
Баранавіцкія таксісты ўзбунтаваліся супраць расейскай службы замовы «Максім»

Сэрвіс абвінавачваюць у несумленнай гульні, на коне якой – бяспека пасажыраў.

Баранавіцкія таксісты абураныя працай расейскай службы замовы аўтатранспарту «Максім». Сэрвіс абвінавачваюць у несумленнай гульні, на коне якой – бяспека пасажыраў, паведамляе intex-press.by.

Таксісты мяркуюць, што новы гулец на рынку пасажырскіх перавозак «Максім» вядзе несумленную гульню: пераманьвае пасажыраў і кліентаў, плодзіць нелегалаў і ставіць пад пагрозу бяспеку пасажыраў. У сэрвісе «Максім» абвінавачванні ў парушэнні правілаў перавозак уважаюць за беспадстаўныя, бо гэта не служба таксі, а «інфармацыйны рэсурс».

Кіроўцы службаў таксі ў Баранавічах абураюцца: у горадзе расце колькасць нелегальных рамізнікаў. У гэтым таксісты вінавацяць новую службу замовы аўтатранспарту «Максім».

– Калі гэты сэрвіс толькі пачынаў працаваць у Баранавічах, ледзь ці не на кожным аўтамабілі пад «дворнікам» ляжалі візітоўкі з запрашэннем кіроўцаў у службу «Максім», актыўна рэкламавалася магчымасць замовы таксі праз гэта дадатак. І людзі ўспрымаюць «Максім» як службу таксі, – расказвае індывідуальны прадпрымальнік, які працуе на адну з гарадскіх службаў таксі. – Але да кліента праз гэты мабільны дадатак нярэдка прыязджае аўто, якое да таксі не мае ніякага дачынення.

Таксісты запэўніваюць: сядаючы ў аўто, якое прыязджае ад службы «Максім», гараджане моцна рызыкуюць. Ні экспэртызы, ні тэхагляду ў кіроўцы можа не быць, як і страхоўкі на пасажыра, якая абавязкова ёсць у пасажыра легальнага таксі.

– Я праводзіў экспэрымент. Зарэгістраваў на сэрвісе анкету жонкі. Супрацоўніку «Максіма» яна сказала, што сядзіць у дэкрэце, досведу працы няма, горада не ведае, ёсць толькі пасведчанне кіроўцы і стаж кіравання тры гады. І што вы думаеце? Іх гэта не збянтэжыла! Сказалі, прыязджайце, дамо вам код доступу да сэрвісу, – кажа кіраўнік адной са службаў таксі горада. – Я б такога кіроўцу ніколі на працу не ўзяў!

Сэрвіс без абавязанняў

Сэрвіс замовы аўтатранспарту «Максім» прыйшоў у Беларусь з Расеі. Хоць ён зарэгістраваны ў Менскай вобласці, працуе чамусьці толькі ў чатырох гарадах – Берасці, Віцебску, Магілёве, а з гэтага лета і ў Баранавічах.

Фармальна гэта ўсяго толькі інфармацыйны рэсурс – мабільны дадатак ці сайт – які «зводзіць» кіроўцаў з пасажырамі. У сэрвісу няма таксапарку, штатных кіроўцаў. І тэарэтычна ў дачыненнях «кіроўца-пасажыр», дзе гэты рэсурс выступае толькі пасярэднікам, кожны павінен адказваць за сябе. З кіроўцамі зразумела: калі бяруць замову, яны павінны разумець, што, калі няма ліцэнзіі, яны парушаюць закон і будуць несці адказнасць. Але як быць з пасажырамі? Бо мабільны дадатак і вэб-сайт наўпрост прапануюць карыстальніку замовіць менавіта таксі. З указаннем тарыфаў, якія да таго ж больш выгадныя, чым у канкурэнтаў.

Што атрымліваецца? Пасажыры думаюць, што замаўляюць звычайнае таксі. Колькасць нелегалаў расце, службы таксі страчваюць кліентаў і грошы, а горад – падаткі. Пасажыры ездзяць з сумнеўнымі кіроўцамі на сумнеўных аўто, а «Максім» у гэты час атрымлівае свой адсотак ад замоў і не нясе ніякай адказнасці за тое, хто перавозіць людзей і як гэта робіць.

– Яны працуюць нядобрасумленна. Мы плацім падаткі, страхоўкі, нясём адказнасць за кожнага пасажыра, двойчы на год праходзім тэхагляд і плацім транспартны падатак. А нелегальныя таксісты мала таго, што не плацяць нічога, дык яшчэ з дапамогай службы «Максім» і нашых кліентаў пераманьваюць, – наракае адзін з таксістаў.

Таксісты напісалі калектыўны зварот у Інспекцыю міністэрства падаткаў і збораў Рэспублікі Беларусь у г. Баранавічы з просьбай разабрацца ў сітуацыі, якая склалася.

Падатковая: мы не супраць канкурэнцыі, але супраць нелегалаў

Са слоў Васіля Сухаверхага, начальніка ІМПЗ г. Баранавічы, праблема нелегалаў у горадзе апошнім часам сапраўды абвастрылася. Толькі за апошні месяц было выяўлена 27 кіроўцаў-нелегалаў, частка з іх сваіх кліентаў знаходзіла менавіта праз новы сэрвіс «Максім».

– Работнікі службаў таксі скардзіліся на несумленную канкурэнцыю, на дэмпінг коштаў, але нас не цікавяць іх унутраныя разборкі, нашая задача – прадухіліць факты парушэння заканадаўства ў сферы пасажырскіх перавозак і абараніць грамадзян, якія карыстаюцца паслугамі нелегальных вознікаў, не падазраючы, пад якую рызыку яны сябе падстаўляюць.

А рызыка – велізарная, падкрэслівае Васіль Сухаверхі. Нелегалы не праходзяць штодзённы медагляд. Чалавек можа сесці за стырно стомленым, хворы, «пасля ўчорашняга» і г. д. А калі здарыцца аварыя, у якой пацярпеў пасажыр, спаганяць кампенсацыю з кіроўцы давядзецца праз суд. У таксі ж усе пасажыры застрахаваныя.

– Чалавек павінен разумець: калі ён садзіцца ў аўто да незарэгістраванага перавозчыка, ён рызыкуе. І гэты рызыку нельга супаставіць з той невялікай эканоміяй, якую прапануюць сваім кліентам нелегалы, – рэзюмаваў Васіль Сухаверхі.

«Мы проста выконваем інфармацыйныя паслугі»

У службе «Максім» да абвінавачванняў баранавіцкіх таксістаў паставіліся спакойна.

– У іх з'явіўся моцны канкурэнт, натуральна, ім гэта не падабаецца, – сказаў Intex-press чалавек, які прадставіўся кіраўніком баранавіцкага падраздзялення сэрвісу замовы аўтатранспарту «Максім». – Я не ўпаўнаважаны даваць якія-небудзь каментары на гэтую тэму. Калі ў вас ёсць пытанні, пішыце запыт, нашы юрысты вам адкажуць. Адзінае, што магу сказаць: мы нікога не працаўладкоўваем. Гэта падман усіх таксістаў. Мы не з'яўляемся ні дыспетчарскай службай, ні таксаматорнай арганізацыяй. Мы проста выконваем інфармацыйныя паслугі, звязваем кіроўцу і пасажыра.

Які працяг атрымае гэтая гісторыя, пакуль не вядома. Супрацоўнікі падатковых органаў г. Баранавічы накіравалі матэрыялы наконт «Максіма» ў ІМПЗ Менскай вобласці. Там павінны даць прававую ацэнку дзейнасці сэрвісу.

Дарэчы, у шэрагу рэгіёнаў Расеі дзейнасць «Максіма» забароненая пастановай суда.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках