23 красавiка 2024, aўторак, 20:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Чаму рабочы не можа працу ў Берасці знайсці»

9
«Чаму рабочы не можа працу ў Берасці знайсці»

Як берасцейка шукала працу для мужа на кірмашы вакансій.

Карэспандэнтка «БГ» распавядае пра тое, як я шукала працу для мужа-тынкоўшчыка на кірмашы вакансій і што з гэтага выйшла.

З досведу папярэдніх кірмашоў, на якіх я была выключна як журналістка, ведаю, што да моманту яго адкрыцця звычайна ўжо поўна людзей. У гэты раз, у сераду 13 снежня, за 15 хвілін да пачатку, прызначанага на 10-ю раніцы, у холе гарадскога цэнтра занятасці амаль пуста. Што ж - чакаем.

Да моманту пачатку суіскальнікі ўсё ж падцягнуліся. Запоўніліся і месцы для працадаўцаў: я налічыла 12 арганізацый, якія шукаюць работнікаў.

Падыходжу да стала, дзе набірае супрацоўнікаў адна з берасцейскіх ПМК. Пытаюся, ці патрэбныя ім тынкоўшчыкі і на якіх умовах. Патрэбныя, праца адпаведна з кантрактам, заробак здзельны, магчымы камандзіроўкі па вобласці. Мінімальны заробак - 300 рублёў. Нават для мінімуму неяк мала.

Іду далей. Ля аднаго са столікаў прапануюць працу на Беларускай АЭС. З судзімасцямі на гэтую будоўлю не возьмуць: у першую чаргу трэба прайсці спецправерку КДБ, якая займае 15 каляндарных дзён. Што да ўмоў, то праца вахтавым метадам: 20 дзён там, 10 выхадных. Заробак здзельна-прэміяльны, для тынкоўшчыка стартуе ад 600- 700 рублёў, бясплатнае жыллё. Цікаўлюся, на які заробак рэальна можна разлічваць. На 1 000 - за 1 200 рублёў. Але гэта пры ўмове, што чалавек застаецца звыш тэрмiну вахты.

Каб адказаць на пытанне, ці патрэбныя ім аддзелачнікі, прадстаўнік яшчэ аднаго ТАА тэлефануе дырэктару. Так, патрэбныя, праца ў Берасці, але нават прыкладную суму заробку мне назваць не змаглі. Сказалі толькі, што ён здзельны.

«Тынкоўшчыкі трэба нам, - ажыўляецца жанчына за адным столікам, прадстаўніца ААТ. - Праца ў Берасці, заробак здзельны, добрыя работнікі і па 7 мільёнаў зарабляюць. Гэта хто непітушчы і не халтурыць».

Умовы працы - пяцідзённы працоўны тыдзень, з 8 да 17 гадзін.

Пакуль мы гутарым з жанчынай, непадалёк эмацыйна абураецца мужчына.

«Чаму не можа рабочы працу знайсці ў Берасці, трэба ў Менск ехаць ці яшчэ далей? Чаму ніхто гэтае пытанне не падыме? Крыўдна ж, разумееце?» - задае ён пытанне прадстаўніку службы занятасці. Той чырванее і разводзіць рукамі.

А затым у мяне адбылася цікавая размова з кіраўніком аднаго з прадпрыемстваў, які шукаў работнікаў. Пачуўшы, што я шукаю працу для мужа, ён адзначыў, што гэта яго, «вядома, здзіўляе, мужы павінны самі сюды прыязджаць і шукаць працу». Калі я патлумачыла яму сітуацыю, наша гутарка, якая спачатку пагражала перарасці ў канфлікт, вылілася ў даволі мілую размову. З яе я даведалася, напрыклад, чаму будаўнікі, якія ў добрыя гады маглі зарабляць у Берасці за месяц больш за 1 000 даляраў, цяпер не могуць атрымаць і 1 000 рублёў. І справа не толькі ў тым, што будаваць у горадзе сталі менш.

«Тыя аб'ёмы, якія ёсць, заказчыкі рэжуць цалкам усе накладныя планавыя і нават заробак рабочых. За кошт накладных планавых існуе не толькі арганізацыя і налічэнне заробку інжынерна-тэхнічным работнікам, але яшчэ можна нешта дадаць у фонд аплаты працы рабочым, разумееце? А калі іх рэжуць напалову, то тут ніяк не выходзіць. Расцэнкі тыя ж самыя застаюцца, нават павялічваюцца. Але тэндэнцыя такая, на жаль, пайшла», - растлумачыў мой суразмоўца.

Ён параіў мне падысці да прадстаўніка яшчэ адной фірмы, маўляў, у іх добрыя заробкі. Але там адказалі, што шукаюць муляроў, бетоншчыкаў і электрамантажнікаў, а вось тынкоўшчыкі ім не патрэбныя.

Што ж, мабыць, муж і далей будзе працаваць за межамі Беларусі.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках